Пятница, 13 декабря 2024

Заметка из сакВОЯЖа: Бобруйск — мечта «детей лейтенанта Шмидта»

1 320

У сем сорак да «Чырвонай вежы» ў Бабруйску мы, на жаль, не трапілі. А значыць, не пачулі папулярную мелодыю, што цяпер (як даведаліся з інтэрнэт-крыніц) два разы на суткі  гучыць тут. Але сюрпрыз усё ж атрымаўся. Калі падышлі бліжэй да скульптурнай выявы літаратурнага персанажа Шуры Балаганава, голас з дынаміка нечакана прапанаваў: «Піліце, Шура, піліце, яны залатыя!»

Напэўна, не варта нагадваць сюжэт авантурна-сатырычнага рамана «Залатое цяля» І.Ільфа і Я.Петрова, суцэльна “парваны на цытаты” за амаль дзевяць дзясяткаў гадоў. Але чаму помнік аднаму з яго герояў з‘явіўся ў Бабруйску, горадзе, які ў літаратурным творы, здаецца, не фігуруе ніякім чынам? Тлумачэнне побач. На сцяне вежы прымацавана другая частка кампазіцыі – шыльда з цытатай, якая паведамляе, чаму менавіта сюды  марылі размеркавацца, згодна з канвенцыяй, «дзеці лейтэнанта Шміта»: «Бабруйск лічыўся цудоўным высокакультурным месцам». А на трэцяй яе частцы — стылізаваным верставым слупе – указальнікі з адлегласцю да еўрапейскіх сталіц і іншых важных для бабруйчан гарадоў, куды кожны можа даехаць нават на ўласнай «Антылопе-Гну». Напрыклад, сціплага пасёлка Плешчаніцы (таму што «ў Беларусі тры сталіцы: Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы») ці расійскага пабраціма Нара-Фамінска. І адразу зразумела, што бабруйчане лічаць любімы горад цэнтрам Сусвету, скрыжаваннем усіх шляхоў планеты Зямля. Дарэчы, ініцыяваў устаноўку гэтых архітэктурных формаў мясцовы «Водаканал», якому належыць і крэатыўна пераабсталяваная пад рэстаран-бар старая воданапорная вежа.

Не пазайздросціш чалавеку, які цёмным вечарам на лёгкім падпітку выходзіць з бара і раптам чуе: «Спраўдзілася мара ідыёта!» Мы пад‘ехалі да помніка днём, няхай і пахмурным, але ўсё роўна чвэрць гадзіны паводзілі сябе не вельмі адэкватна для старонняга вока, эксперыментуючы з датчыкамі ўключэння гуку. А напрыканцы старанна пацерлі спінку і без таго бліскучага цяляці ў руках легендарнага «канцэсіянера» — да грошай.

Магчыма, цытата з «Залатога цяляці» і дала штуршок таму, што буйнейшы райцэнтр Беларусі сёлета, у год свайго 630-годдзя, быў названы культурнай сталіцай краіны. Наколькі апраўданы такі статус для горада, славу якому ствараюць  прадпрыемствы па вырабе аўтамабільных шын і сельскагаспадарчай тэхнікі, недасведчанаму турысту зразумець цяжка. Але ў нас быў час убачыць Бабруйск крышачку «знутры» і «закахацца» ў каларытную  дарэвалюцыйную забудову цэнтральных вуліц, прасторны мясцовы «Арбат» — пешаходную частку вуліцы Сацыялістычнай з мноствам дробных крам паабапал, Лукавую гару ля ракі Бярэзіны і старажытную Свята-Ільінскую цэркаўку, перавезеную сюды з апусцелай вёскі. І, зразумела, у шматлікіх баброў, якія сталі сімвалам горада. Той, што стаіць на «Сацыялцы» недалёка ад цэнтральнага рынку, вылучаецца  нацёртымі да залатога бляску  жывоцікам, носам і пярсцёнкам на левай руцэ (лічыцца, што і ён можа прыцягнуць грашовую ўдачу).

Злавіла сябе на думцы, што ўвесь час параўноўваю вялікі Бабруйск з маленькімі Пружанамі. І там, і ў нас пэўны час было шмат расійскіх вайскоўцаў (хаця рэшткі знакамітай крэпасці не вельмі ўразілі). Чырвоная воданапорная вежа яшчэ ў дзевяностыя тырчала каля старога парка, але не знайшлося крэатыўнай прапановы і яе ўзарвалі. Насельніцтва абодвух гарадоў некалі ў значнай ступені складалі яўрэі. У Пружанах напрыканцы 19 стагоддзя  іх было каля  65 працэнтаў, уздоўж цяперашняй вуліцы Свабоды перад Вялікай Айчыннай вайной стаялі больш за 200 «ятак» — драўляных гандлёвых павільёнчыкаў. А Бабруйск наогул называлі яўрэйскай сталіцай, беларускай Адэсай. Горад да сённяшняга дня захаваў амаль няўлоўны шарм, гэтакі «местачковы акцэнт».

Знайшліся і  іншыя, нечаканыя для мяне, перасячэнні. Напрыклад, асоба генерала Бахарава, імя якога носяць вуліцы ў абодвух райцэнтрах. Аказалася, што Барыс Бахараў (дарэчы, націск у прозвішчы патрэбна рабіць на другім складзе), які 16 ліпеня 1944 года загінуў падчас вызваленчых баёў за Пружаншчыну каля вёскі Шакуны, пахаваны якраз у Бабруйску. Над яго магілай на плошчы Перамогі ўстаноўлены танк Т-34 з нумарам 300 (такі быў на сапраўдным танку генерала). І хлопчыкі, якія хутка забіраюцца па гусеніцах на баявую машыну, напэўна, не ўсведамляюць, што гэта — не просты помнік, а месца пахавання.

Непадалёку ад танка, баброў, Шуры Балаганава, шматлікіх мемарыяльных комплексаў год таму з‘явіўся яшчэ адзін помнік. Каля кінатэатра «Таварыш» (аддалена падобнага па пабудове на шарашэўскі Цэнтр культуры і вольнага часу), устанавілі  выяву Эфраіма Севелы, беларускага, расійскага, ізраільскага, амерыканскага і г.д. журналіста, пісьменніка, рэжысёра.  Дарэчы, і тут нейкае перасячэнне: Севела, які ў той час яшчэ зваўся Яфім Драбкін, скончыў факультэт  журналістыкі ў Белдзяржуніверсітэце і нават нядоўгі час працаваў у Брэсцкай абласной газеце «Заря».

Я памятаю лірычныя і смешныя фільмы, знятыя  на «Беларусьфільме» і ў Маскве яшчэ да таго, як «дысідэнта» Севелу выправадзілі з СССР. Скрыжаванні бабруйскіх дарог далі штуршок яго вандроўкам па свеце, але сапраўдны свой свет ён стварыў сам, у кнігах і сцэнарыях.  Ужо пасля гэтай паездкі ўзялася чытаць кнігу ўспамінаў «Легенды Інваліднай вуліцы», якая аказалася выбуховай сумессю гумару і трагізму.  Зразумела ў рэшце рэшт, што на вуліцы з аднапавярховай забудовай я была, толькі цяпер яна носіць імя Энгельса. Дзякуй Богу, у Пружанах на Маркса з Энгельсам у свой час вуліц не хапіла.

Ірына СЯДОВА,

фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *