Воскресенье, 20 апреля 2025

Заместитель министра юстиции Республики Беларусь Николай Старовойтов дал пять консультаций жителям Пружанского района

675

17 жніўня выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Пружанскім райвыканкаме вёў намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Старавойтаў.
Трапіць на прыём да Мікалая Міхайлавіча пажадалі пяць чалавек.
Адна з іх — пенсіянерка з Пружан. Паколькі жанчына з’яўляецца інвалідам ІІ групы і не змагла падняцца ў кабінет да чыноўніка, М.М.Старавойтаў сам спусціўся, каб выслухаць грамадзянку. Жанчына сутыкнулася з праблемай пры рэгістрацыі жылога дома ў БТІ. У свой час не былі аформлены ва ўстаноўленым парадку правы на жылы дом, у якім яна сёння пражывае. Пенсіянерка ўжо спрабавала вырашыць пытанне праз суд, але рашэнне было вынесена на яе карысць не цалкам. У ходзе прыёму Мікалай Міхайлавіч даў тлумачэнні наконт магчымых варыянтаў рашэння канкрэтнай сітуацыі з юрыдычнага пункту гледжання, а таксама паабяцаў аказаць дапамогу ў складанні неабходнага іскавога патрабавання ў суд.
Яшчэ адна гараджанка прыйшла па кансультацыю наконт правамоцтва прынятага судом рашэння. Хаця ў паўнамоцтвы намесніка міністра юстыцыі ацэнка прынятых судом рашэнняў не ўваходзіць, зварот жанчыны не пакінулі без разгляду: ёй растлумачылі парадак, згодна з якім адбываецца абскарджванне і прыняцце адпаведных рашэнняў.
Жыллёвае пытанне вось ужо колькі часу непакоіць гаспадыню адной з кватэр трохкватэрнага жылога дома ў Пружанах. Але такі варыянт яго вырашэння, які прапануе жанчына, згодна з літарай закона, немагчымы. Акрамя таго, заяўніца ўзняла пытанне аб выкананні тэхнічных нормаў пры правядзенні рэканструкцыі часткі дома іншым яго ўласнікам. Каб даць кампетэнтны каментарый узнятай праблемы, адказныя асобы спярша правераць агучаную інфармацыю.
Праблемную сітуацыю, якая ўзнікла на тэрыторыі Ліноўскага сельсавета, вымушана была вынесці на абмеркаванне з юрыстам старшыня мясцовага сельвыканкама Т.М.Мардань. Ці існуе забарона альбо хаця б нейкія абмежаванні на ўтрыманне і развядзенне асобных відаў жывёл (у прыватнасці, змей) на тэрыторыі населеных пунктаў, зацікавіла жыхароў аграгарадка пасля таго, як тут пасяліўся аматар рэптылій. Нягледзячы на тое, што ў заканадаўстве няма такіх нормаў, якія давалі б права вырашыць пытанне на карысць жыхароў Лінова і забараніць мужчыне разводзіць змей, гэтую праблему і верагодныя варыянты яе вырашэння Мікалай Старавойтаў паабяцаў абмеркаваць з калегамі на ўзроўні Міністэрства юстыцыі.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *