З намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ «Жураўлінае» Марынай Іванаўнай Пазняк знаёмы з тых часоў, калі яна ўзначальвала МТК «Ляжайка». Тады, дарэчы, малочны комплекс быў лепшым у таварыстве па прадукцыйнасці дойнага статка.
А ўсё пачалося з дзяцінства. Марына Іванаўна нарадзілася ў 1983 годзе ў горадзе Бяроза. Бацька працаваў брыгадзірам у адной з будаўнічых арганізацый горада, а маці — вахцёрам на мясцовым мясакамбінаце. У сям’і выхоўваўся яшчэ старэйшы брат.
Як прызнаецца сама Марына Іванаўна, нават у старэйшых класах яна яшчэ не вызначылася з выбарам будучай прафесіі. З прадметаў больш за ўсё падабалася хімія. Асабліва дзяўчына любіла рашаць задачы.
— Быў такі перыяд, калі бачыла сябе настаўніцай пачатковых класаў, — гаворыць Марына Іванаўна.
І ўсё ж, як лічыць жанчына, галоўную ролю ў выбары прафесіі адыграла маці. Менавіта яна падштурхнула дачку звязаць свой лёс з ветэрынарыяй. Немалаважна і тое, што непадалёку ад Бярозы, у вёсцы Смалярка, жыла бабуля, якая трымала ўласную падсобную гаспадарку. Марына нямала часу праводзіла ў бабулі і неяк прыкіпела душою да свойскіх жывёл.
Так дзяўчына стала навучэнкай аддзялення ветэрынарыі аграрнага каледжа ў Ваўкавыску.
— Падчас вучобы я была актывісткай, — успамінае Марына Іванаўна. — Мяне выбіралі старастай вучэбнай групы і старастай інтэрната.
Пасля заканчэння каледжа малады спецыяліст выйшла замуж за свайго земляка з Бярозы. Паехала працаваць у КСУП «Пагранічнік» Брэсцкага раёна. Але, адпрацаваўшы год, атрымала пераразмеркаванне ў ААТ «Айчына», што на Пружаншчыне.
Тут сваю прафесійную дзейнасць Марына Іванаўна пачынала ветфельчарам, а потым займала пасаду вядучага ветурача. На працягу сямі гадоў узначальвала МТК «Загор’е». (Дарэчы, да таго часу Марына Іванаўна ўжо атрымала вышэйшую адукацыю: яна завочна закончыла акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску.)
Сёння час працы ў ААТ «Айчына» і жыццё ў вёсцы Смаляны Марына Іванаўна, у лёсе якой тады адбыліся рэзкія змены, успамінае з асаблівай цеплынёй.
Жанчына пераехала ў вёску Казлы і стала начальнікам новага МТК «Ляжайка». З ліпеня мінулага года Марына Іванаўна з’яўляецца намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ «Жураўлінае».
На жаль, не ўсё так гладка, як у прафесійнай дзейнасці, складвалася ў асабістым жыцці. Сталася так, што жанчыне давялося расстацца з мужам. Цяпер яна адна выхоўвае дзвюх дачок. Калі малодшай споўнілася шэсць месяцаў, ужо выйшла з дэкрэтнага адпачынку на работу: на дапамогу прыйшла маці, якая цяпер пражывае разам з Марынай Іванаўнай.
Падчас апошняй сустрэчы з гэтай жанчынай яшчэ раз пераканаўся, што яна любіць сваю прафесію і застаецца аптымістам па жыцці.
Бліц-апытанне
— Якія мары дзяцінства Вы ўвасобілі ў жыццё?
— Марыла быць паспяховай у жыцці. Думаю, што мне гэта ўдалося.
— Які мультфільм падабаўся больш за ўсё ў дзяцінстве?
— Гэта «Трое з Прастаквашына».
— Што для Вас галоўнае ў жыцці?
— Дзеці.
— Чаго Вы баіцеся?
— Нічога не баюся.
— Хто Вы па знаку Задыяка?
— Авен.
— Што Вас выводзіць з сябе?
— Ігнараванне маіх указанняў.
— Якая музыка Вам падабаецца?
— Увогуле люблю любую музыку.
— Якая Ваша любімая кніга?
— «Узнятая цаліна».
— Любімая мясціна на зямлі?
— Вёска Смаляны.
— Любімая свойская жывёла?
— Кот.
— Якія гістарычныя асобы найбольш цікавыя Вам?
— Георгій Жукаў.
— Кніга ці кіно?
— Кіно.
— Мора або горы?
— Мора.
— Любімы від спорту?
— Фігурнае катанне.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— Задавальненне ад працы.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На дзяцей.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Паўтарыла б свой жыццёвы шлях.
Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).