Пятница, 14 февраля 2025

Замест урокаў фізкультуры — заняткі спортам. На базе СШ №3 адкрыты спартыўны клас

1 727

Марыць стаць алімпійскім чэмпіёнам не шкодна, шкодна нічога не рабіць для дасягнення сваёй мары. Гэта добра вядома навучэнцам спартыўнага класа, які вось ужо год паспяхова функцыянуе на базе СШ №3. Шаснаццаць хакеістаў, плыўцоў і лёгкаатлетаў мэтанакіравана ідуць да сваёй мары. Іх дэвізы: «Хутчэй, вышэй, мацней» і «Ні дня без трэніроўкі».

І дзеці, як запэўніваюць самі, такому вельмі рады, ва ўсякім разе, іх актыўныя заняткі спортам, якія замяняюць звычайныя ўрокі фізкультуры, не адбіваюцца адмоўна на вучобе ў школе.

— Наадварот, насычаны расклад заняткаў вельмі дысцыплінуе: пасля ўрокаў мы ўсе разам спяшаемся на трэніроўку ў спартыўную школу, — кажа юны плывец Рома Скрэбнеў, які летась перайшоў сюды вучыцца з СШ №4.

— А ўвечары мы ўжо свабодныя і спакойна робім урокі, у той час як іншыя дзеці толькі спяшаюцца на трэніроўкі. У іх дзень атрымліваецца нейкі разбіты. Акрамя таго, у іх трэніроўкі праз дзень, а ў нас кожны дзень, гэта больш эфектыўна, — падтрымлівае аднакласніка лёгкаатлетка Сафія Мардань.

— Самае галоўнае: у нас — каманда! — актыўна ўключаюцца ў размову астатнія дзеці, многія з якіх год таму перайшлі ў СШ №3 з іншых гарадскіх школ і гімназіі.

Тое, што навучэнцы спартыўнага класа вельмі дружныя і вылучаюцца агульнасцю інтарэсаў і асаблівым камандным духам, пацвярджае і іх класны кіраўнік Людміла Іванаўна Варыцкая.

Падчас нашага візіту ў школу настаўніца якраз праводзіла з дзецьмі фізкультмінутку з нахіламі, паваротамі і адцісканнямі, на якія — мы сведкі! — дзеці напрасіліся самі.

— Хочам адціскацца! — настойлівымі позіркамі «спартанцы» змякчылі сэрца настаўніцы. І тая здалася.

Пакуль спартсмены разаграваліся, Людміла Іванаўна коратка распавяла, як усё пачыналася.

Аказваецца, ідэю стварыць у Пружанах такі клас падаў вядомы пружанскі трэнер па плаванні Сяргей Аляксандравіч Каляда. Яго падтрымалі і бацькі, і адміністрацыя СШ №3. Падобныя спартыўныя класы на гэты час ужо існавалі ў некаторых школах вобласці.

У выніку трэцякласнікі (менавіта з іх набіралі клас) прайшлі «тэставыя выпрабаванні» і вось ужо другі год займаюцца ў асаблівым рэжыме. Што тычыцца школьнай праграмы, то ўсё як ва ўсіх: хатнія заданні, дыктоўкі і кантрольныя, але адсутнічаюць стандартныя ўрокі фізкультуры.

Затое год рэгулярных трэніровак дазволіў юным спартсменам дасягнуць высокіх уласных і камандных вынікаў, яны змаглі прыняць удзел у буйных спаборніцтвах і нават перамагчы. Дарэчы, спартсмены з СШ №3 гатовы прыняць у сваю каманду новых сяброў.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік