На чарговым пасяджэнні Пружанскага райвыканкама былі разгляджаны два пытанні. На першы погляд, важнасць іх не такая вялікая. Капнуўшы глыбей, разумееш, што без іх вырашэння будзе вельмі няпроста.
Як замацаваць кадры ў раёне?
Пра работу з маладымі спецыялістамі і іх замацаванне ў арганізацыях Пружанскага раёна, якія падлягаюць маніторынгу кадравых перамяшчэнняў, дакладваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Як зазначыў Аляксандр Канстанцінавіч, у арганізацыях Пружанскага раёна распрацавана і эфектыўна рэалізуецца сістэма настаўніцтва над маладымі спецыялістамі. Наймальнікамі сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі і пярвічнымі арганізацыямі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» арганізаваны ўдзел маладых спецыялістаў у грамадска-палітычным і культурным жыцці раёна. Аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама сумесна з наймальнікамі арганізавана эфектыўная работа па папулярызацыі статусу маладога спецыяліста праз удзел моладзі ў відэачэленджы «Я малады спецыяліст» у сацыяльнай сетцы «ТікТок» і раённым конкурсе «SuperПРОФИ-2024». Наймальнікамі дасягнуты высокі ўзровень (87%) забяспечанасці жыллём маладых спецыялістаў.
Аднак у сваім выступленні Аляксандр Момлік адзначыў, што праводзімая работа па замацаванні маладых спецыялістаў у арганізацыях Пружанскага раёна, якія падлягаюць маніторынгу кадравых перамяшчэнняў, знаходзіцца на недастатковым узроўні. Такая ацэнка дадзена рабоце ў гэтым напрамку кіраўнікоў шэрагу сельскагаспадарчых, будаўнічых і іншых прадпрыемстваў раёна па адборы і накіраванні на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прафесійна арыентаванай моладзі. Кіраўнікам шэрага ўстаноў, акцыянерных таварыстваў, дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый, аддзелаў Пружанскага раёна дадзены пералік даручэнняў, якія адлюстраваны ў адпаведным рашэнні, прынятым на пасяджэнні райвыканкама. Абумоўлены тэрміны іх выканання. Рэдакцыі раённай газеты даручана арганізаваць падрыхтоўку і публікацыю серыі матэрыялаў, якія прысвечаны станоўчаму вопыту работы па стварэнні спрыяльных умоў для маладых спецыялістаў.
Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, каментуючы сітуацыю, зазначыў, што прафесійнае выхаванне моладзі пачынаецца ў сем’ях. Толькі там фарміруюцца будучыя спецыялісты. Навучальныя ж установы даюць у большай частцы тэарэтычныя веды, практычныя фарміруюцца толькі на першым працоўным месцы. Тут немалую ролю адыгрывае кіраўніцтва арганізацыі, куды прыходзяць маладыя інжынеры, медработнікі, настаўнікі, механізатары, ветурачы… Зацікавіць, прывіць любоў да справы, стварыць належныя ўмовы працы, паказаць, расказаць — гэта справа кіраўніцтва прадпрыемстваў, арганізацый. Нам патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, якія хочуць і могуць працаваць. За такіх трэба весці барацьбу.
Ці адпавядаюць якасць і даступнасць?
Пра работу па павышэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, якую аказвае першаснае звяно ўстановы аховы здароўя «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» ( у адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30.08.2023 года № 125 «Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва»), і аб стане работы па забеспячэнні кадрамі дакладваў намеснік галоўнага ўрача Віктар Шаўчэня.
Было адзначана, што ў першым паўгоддзі бягучага года на тэрыторыі раёна адсутнічае дзіцячая смяротнасць. Значна знізілася цяжкасць першаснай інваліднасці асоб працаздольнага ўзросту да 42,6%. Да 68,9% павялічыўся ўзровень дыягностыкі анкалагічных захворванняў на ранніх стадыях. Значна ўзрасла колькасць ахопу пацыентаў з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту нейравізуалізацыяй. З 75 дыягнаставаных 72 прайшлі нейравізуалізацыю, што склала 96%. Значна знізіўся паказальнік лятальнасці ад вострага інфаркта міякарда — да 5,6% пры ўзроўні смяротнасці ў мінулым годзе 7,5%. Паказальнік выканання нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на аднаго жыхара склаў 100% ( у першым паўгоддзі мінулага года ён не быў выкананы).
Кіраўніцтву ўстановы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ» рашэннем райвыканкама быў дадзены шэраг даручэнняў.
Каментуючы якасць абслугоўвання, Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што яна пачынаецца з рэгістратуры, забеспячэнні тымі ж самымі талонамі і інш. Калі дазваніцца ў рэгістратуру не атрымліваецца, то высокая якасць абслугоўвання падпадае пад сумненне.
Ішла размова на пасяджэнні райвыканкама і пра забеспячэнне маладымі спецыялістамі. Адзначалася, што многія, нават ураджэнцы Пружанскага раёна, якія накіраваны на вучобу па мэтавым накіраванні, не даязджаюць да малой радзімы. Іх размяркоўваюць туды, куды камісія палічыць мэтазгодным. Трэба неяк спыніць гэтую нядобрую тэндэнцыю. Ёсць некаторыя пытанні па забеспячэнні жыллём. Калі маладыя спецыялісты ў гэтым плане выйграюць, то тыя, хто не адносіцца да іх, напрыклад, інтэрны, не маюць на атрыманне жылля права.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Віктар Ільюшчанка