Понедельник, 13 января 2025

Заляцелі на 49К: відэа з ілюмінацыяй «Шані-аграпрадукт» пад вядомы хіт «Малінаўка» ацанілі карыстальнікі TikTok

839

«Малиновки заслышав голосок…» — радкі гэтай вядомай песні ансамбля «Верасы», здаецца, можа працягнуць кожны беларус. Нядаўна кампазіцыя, пік папулярнасці якой прыпаў на 1980-я, проста ўзарвала папулярную зараз сацсетку TikTok. Заляцела ў трэнды і відэа жыхаркі Пружан Таццяны Пстыгі.

https://www.tiktok.com/@tatjana1010/video/7187832251684556037?_t=8Z9p3V88T82&_r=1
Той самы TikTok, які заляцеў па праглядах.

Вось што значыць сапраўдны хіт! Кампазіцыі «Малінаўка», якую калісьці выконвалі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, ужо больш за 40 гадоў. Калісьці пад яе танцавалі нашы мамы і таты на дыскатэках. Хто б мог падумаць, што ў 2023-м рэмікс на гэту кампазіцыю акажацца папулярным у карыстальнікаў TikTok. Ужо зараз пад яго знялі амаль 700 ролікаў, пад якія можна пасмяяцца і панастальгіраваць. Ёсць сярод відэа ролікі ад трактарыстаў, хатніх гаспадынь — тое, што паказвае месца працы, душэўны стан і прыгажосць беларускай вёскі.

Якраз апошняе — пра відэа Таццяны Пстыгі. Стваралася яно так. Жанчына, едучы да мамы ў Кацёлкі, вырашыла зняць навагодняе афармленне будынка ААТ «Шані-аграпрадукт». А паглядзець тут сапраўды было на што: вялікая карэта, снегавік, алень, ёлачны шар, падарунак — і ўсё гэта ілюмінацыя. Ну і, канечне, прыгажуня-ёлка.

Ілюмінацыя ААТ «Шані-аграпрадукт». Фота Крысціны Асіпчук.

— Думала, якую песню налажыць на відэа — сярод варыянтаў знайшла вядомую «Малінаўку». Мне здалося, што падышла яна для роліка ну проста ідэальна! Работу ацанілі родныя. Апублікавала відэа вечарам, а ўжо раніцай у яго было некалькі тысяч праглядаў, — расказвае жанчына.

Зараз у роліка Таццяны, знайсці якую ў TikTok можна пад нікам @tatjana1010, больш за 47 тысяч праглядаў. Гэта значыць, што прыгажосць Шанёў і крэатыўнасць мясцовай гаспадаркі ацаніла вялікая колькасць карыстальнікаў сацсеткі. Прычым, не толькі з Беларусі.

Таццяна Пстыга.

Дарэчы, на TikTok Таццяна «падсела» гады два таму. Кажа, што гэты акаўнт — ужо другі. Першы не ўдалося аднавіць пасля змены мабільнага тэлефона. Але ўжо зараз у яе больш за 200 падпісчыкаў. Здымае ў асноўным прыроду, паказвае сябе, сям’ю і прыгожыя месцы. Напрыклад, ёсць сярод відэа ілюмінацыя на вуліцы Савецкай у райцэнтры і шыкоўная ёлка ў сталічным гандлёвым цэнтры. Таксама многа ролікаў з хатнім гадаванцам Таццяны — катом Мурзікам. Але ж да гэтага ні адно відэа не станавілася настолькі папулярным. Асабістым рэкордам раней было 7 тыс. праглядаў.

Спыняцца на гэтым Таццяна не думае і кажа, што абавязкова будзе працягваць весці TikTok. Будзем спадзявацца, што і іншыя ролікі з населеных пунктаў раёна, якія, упэўнены, абавязкова з’явяцца ў будучым, ацэняць карыстальнікі гэтай платформы.

Уладзіслаў Шпарла