Суббота, 15 февраля 2025

Залатыя галасы на Пружаншчыне

997

Паспяхова сумяшчаць вучобу і актыўную пазашкольную дзейнасць зможа не кожны падлетак. Але такія складанасці не палохаюць удзельнікаў «Залатых галасоў»: іх яны, наадварот, загартоўваюць, дапамагаюць заваёўваць прэстыжныя вяршыні і падштурхоўваюць ставіць перад сабой новыя, больш складаныя задачы.

20161013_8545

У мінулым месяцы сталічны музычны прадзюсарскі цэнтр прэзентаваў новы музычны праект «Залатыя галасы. Дзеці». Першымі яго змаглі ацаніць пружанцы: пробны канцэрт зборнага дзіцяча-маладзёжнага саставу адбыўся ў гарадскім Палацы культуры.

— Для нашага музычнага прадзюсарскага цэнтра «Залатыя галасы» асноўным накірункам заўсёды была дарослая канцэртная дзейнасць, — расказвае яго дырэктар Алеся Кузняцова. — Але вось ужо некалькі гадоў як эстрадна-вакальная студыя пры арт-гурце «Беларусы» з’яўляецца цэнтрам прыцягнення таксама  для таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак.

Сёння ў гэтай «кузні кадраў» расце нямала юных талентаў, якія ўдзельнічаюць у прэстыжных конкурсах, выступаюць у мюзіклах. Гаворачы пра новы праект, Алеся Кузняцова называе такія імёны, як Ілья Волкаў — бронзавы прызёр дзіцячага конкурсу  песні «Еўрабачанне-2013», Анастасія Жабко — уладальніца першай прэміі дзіцячага конкурсу на «Славянскім базары-2016», Яраслаў Саколікаў — фіналіст папулярнага расійскага тэлепраекта «Голас. Дзеці». У  Пружанах на адной сцэне з імі выступіла і пружанка Наталля Трус, у скарбонцы якой таксама шмат значных перамог і дасягненняў, у тым ліку стыпендыя спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Таленавітыя, усмешлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі пружанскай публіцы, што яны годны насіць званне «зорачак» айчыннай  эстрады.

Самі пра сябе.

 Анастасія Жабко:

— Сумяшчаць вучобу і сцэну нялёгка. Мой дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і нярэдка заканчваецца апоўначы. Харэаграфія, вакал, пастановачныя танцы… Я ўжо засвоіла: каб чагосьці дабіцца, трэба вельмі шмат працаваць над сабой. А тым дзецям, хто зайздросціць мне, звычайна няўцям, якой цаной дасягаюцца гэтыя поспехі.

Не абыходзіцца і без казусаў. Так здарылася падчас міжнароднага конкурсу «Залаты голас Расіі»: пакуль даехала да Масквы, захварэла так, што сеў голас. Неймаверныя намаганні патрабаваліся, каб сабрацца выйсці на сцэну. Дапамог педагог па вакалу: дзякуючы дыхальнай гімнастыцы часова аднавілі голас, хаця праз гадзіну пасля выступлення ўжо зусім не размаўляла. Дарэчы, заняла першае месца.

 Яраслаў Саколікаў:

— Напружаны графік дня маю з чатырох гадоў: менавіта ў такім узросце мама прывяла мяне на праслухоўванне ў дзіцячую студыю ў парк Горкага. І тут пачалося! Арт-фестываль «Роза вятроў» у Маскве — першае месца, двойчы выступаў на міжнародным форуме-конкурсе дзіцяча-юнацкай творчасці «STAR SHOW», заняў другое месца ў камандзе Максіма Фа-дзеева ў фінале шоў «Голас. Дзеці». Цяпер удзельнічаю ў беларускім тэлевізійным творчым праекце «Талент краіны». Акрамя таго, у распарадку дня ёсць месца для заняткаў з рэпетытарам па англійскай мове, заняткаў па скачках у ваду ў школе алімпійскага рэзерву. Яшчэ хачу навучыцца камп’ютарнаму праграміраванню. Для сваіх дзевяці гадоў з’яўляюся дастаткова самастойным і адказным.

Дар’я Тухто:

— Вакалам у дзіцячай студыі «Залатыя галасы» я займаюся ўжо восем гадоў. І адразу ж настаўнікі пачалі далучаць да канцэртнай дзейнасці. Першы мой выхад на сцэну быў у чатырохгадовым узросце: у Палацы прафсаюзаў ставілі масавы мюзікл. Сёння іграю ў спектаклях, спрабую сябе ў розных конкурсах — праходзіла адборы на дзіцячае «Еўрабачанне», «Славянскі базар». Акрамя таго, у школе вучуся не ў звычайным, а ў кадэцкім класе.

Гутарыла Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *