
Паўстагоддзя разам — гэта не проста лічбы ў календары. Гэта гісторыя, якая пісалася шчырымі пачуццямі, цяплом дзвюх блізкіх душ і мудрасцю, што набываецца толькі з часам. Залатыя «маладыя» —гэта людзі, чый шлюб стаў сапраўдным скарбам, выпрабаваны часам, перажываннямі і радасцямі, якія дзяліліся заўжды напалову. Іх саюз — як старажытны дуб, чые карані глыбока ўрастаюць у зямлю, а крона дасягае нябёсаў, абараняючы сямейнае шчасце ад любых выпрабаванняў лёсу.
Сёння мы раскажам пра сямейную пару Грыцко — Аліну Адамаўну і Леаніда Аляксандравіча, для якіх словы «навекі» — не пусты гук, а праўда жыцця. Пра тых, хто прайшоў доўгі шлях рука аб руку, захаваўшы адзінства поглядаў, павагу адзін да аднаго і нязгасную іскру кахання. Гэта іх залатая гісторыя…
Вось такі падарунак у выглядзе віншавання ў «раёнцы» папрасіла зрабіць дачка юбіляраў Наталля, якая зараз жыве ў Мінску, але на ўсе святы разам з сям’ёй заўсёды прыязджае да бацькоў у Пружаны.
Аліна і Леанід пазнаёміліся зусім маладымі: дзяўчыне было ўсяго 17 гадоў, а юнаку — каля 20-ці. Шчаслівы выпадак напаткаў іх у мясцовым клубе на танцах у в. Ражковічы, дзе і жыла Аліна разам з мамай. А Лёня часценька прыязджаў туды да сваёй хроснай і на выхадных хадзіў з мясцовымі хлопцамі ў клуб. Калі аб’явілі «белы танец», сяброўкі Аліны неяк выпхнулі яе на сярэдзіну зала, якраз туды, дзе стаяў Леанід, са словамі — ён табе найбольш падыходзіць. Спачатку яна разгубілася, але дзявацца не было куды і дзяўчына яго запрасіла на танец. Малады хлопец адразу разгледзеў у ёй, як кажуць, нешта сваё, роднае, яны разгаварыліся, а пасля танцаў правёў яе дахаты. І з таго часу не расставаліся. Вось так і пачалося іх каханне, даўжынёю ў 50 гадоў.
— Ён мне адразу спадабаўся і паказаўся такім дарослым, разумным юнаком, хаця і старэйшы ўсяго на два с паловай гады. На спатканні прыязджаў на веласіпедзе, бо адлегласць ад яго вёскі Залескі Бор да маёй была 12 кіламетраў. І ўжо праз год мы ажаніліся. Тады мне было ўсяго 18, а яму 21 год. У той час доўга не думалі, амаль адразу ішлі ў ЗАГС, а зараз усё інакш. Галоўнае, што я ў ім не памылілася: як зразумела на першай сустрэчы, што гэта мой чалавек, так і пранесла гэта пачуццё праз усё жыццё, — з трапятаннем у голасе расказвае жонка.
Так здарылася, што яны разам вучыліся ў Пружанс-кім тэхнікуме, нават на адной спецыяльнасці — аграном, толькі ў розныя гады, таму студэнтамі не сустрэ-ліся. Вяселле гулялі тры дні, з пятніцы па нядзелю, а гасцей было больш за 100 чалавек. Вельмі сімвалічна, што дзень нараджэння новай сям’і Грыцко супаў з Днём Перамогі, і ў шлюб маладыя ўступілі менавіта 9 мая 1975 года, у пятніцу. І з таго часу падвоенае свята стала галоўным у іх сям’і, а праз 50 гадоў гісторыя паўтараецца адзін у адзін.
— Мая жонка — сапраўдная спадарожніца па жыцці. Разам з ёй я зразумеў, што такое сямейнае шчасце і дабрабыт. У нас двое цудоўных дзяцей — сын Аляксандр і малодшая дачка Наталля. Яны ўжо дарослыя, у іх свае сем’і, але мы ганарымся імі, бо яны сталі годным працягам сваіх бацькоў, — расказвае Леанід Аляксандравіч. — Падарылі нам пяцёра ўнукаў: старэйшаму Уладзіславу ўжо 25, а самаму маленькаму Дзміт-рыю — паўтара годзіка. У нас так заведзена ў сям’і — усе святы адзначаем сумесна, і дзеці так прывыклі з маленства. Вось і зараз хата кожны раз ажывае, калі ўсе збіраюцца разам. Нават Новы год святкуюць у нас, бо ў маці 1 студзеня дзень нараджэння, куды ж тут дзявацца, — смяецца бацька.
Безумоўна, калі бацькі становяцца яскравым прыкладам павагі, добрых адносін, адказнасці за свае словы і ўчынкі, то і дзеці вырастаюць падобнымі на іх, бо іншага ніколі не бачылі. У сям’і Грыцко так павялося з даўніх часоў: састарэлых бацькоў заўсёды забіралі да сябе і даглядалі да самага канца. А сямейныя гнёзды ў родных вёсках Аліны і Леаніда і зараз застаюцца тым самым трывалым падмуркам, на якім грунтуецца сапраўднае сямейнае шчасце, пабудаванае на шчырасці і любові. Зараз туды прыязджаюць дзеці і ўнукі, наводзяць парадкі і проста адпачываюць ад гарадской мітусні сэрцам і душой. Зямля продкаў не толькі дае сілы і чыстае паветра, але і напаўняе энергіяй і здароўем. Маладыя гэта добра разумеюць, таму і любяць родны край, і шануюць свае карані. А каб прадаць чужым людзям сапраўдныя сямейныя рэліквіі, то нават і ў думках не было, бо галоўнае — за грошы не купіш.
Усё жыццё муж і жонка працавалі на зямлі, трымалі хатнюю жывёлу і птушку: каля 90 галоў курэй, гусей, індыкоў. На выхадных разам з дзецьмі заўжды ездзілі да сваіх бацькоў, каб дапамагчы па гаспадарцы і ў полі, а свае справы рабілі ўжо адвячоркамі пасля работы, таму клопатаў заўсёды хапала. І да прафесійных абавязкаў ставіліся адказна: за ўсё жыццё яны змянілі толькі два месца работы. Амаль 19 гадоў Аліна Адамаўна працавала на радыёзаводзе: спачатку тэхнікам, а потым эканамістам. Затым на камбінаце кааператыўнай прамысловасці дыспетчарам. Леанід Аляксандравіч 32 гады працаваў у «Камунальніку», сядзеў за «баранкай» грузавых аўтамабіляў, а калі падвяло здароўе, перайшоў аператарам у кацельню. Прыклад падобнай самаадданасці сваёй справе гаворыць пра сапраўдную годнасць такіх спецыялістаў і служыць выдатным узорам сваім дзецям.
Пяцьдзясят гадоў — гэта не толькі доўгі, але і вельмі прыгожы шлях, на якім было ўсё: і першыя крокі ў невядомае, і цяжкія выпрабаванні, і шматлікія радасныя моманты. Але самае галоўнае — яны ідуць далей разам. Іх каханне звязана залатымі ніткамі, аб’ядноўваючы мінулае і сучаснае ў адну цудоўную паэму жыцця. Няхай іх саюз і далей будзе крыніцай натхнення для маладых, прыкладам цярплівасці і вернасці. Бо сапраўднае шчасце — гэта калі побач ёсць той, хто разумее без слоў, кахае без умоў і падтрымае без агаворак.
З залатым юбілеем вас, дарагія! Няхай ваша любоў, як і золата, з гадамі толькі набывае каштоўнасць і бляск!
Ірына Велясевіч
Фота аўтара
