Четверг, 16 января 2025

Залатое сэрца, залатыя рукі… Да 95-годдзя з дня нараджэння Соф’і Фёдараўны Рапінчук

1 613

Прыгожым лістападаўскім надвячоркам яна ішла па пружанскіх вуліцах з вялікім букетам кветак. Сустрэчныя прахожыя — многія ў гэты час вярталіся з працы дадому — ветліва віталіся і ўсміхаліся ёй, а цікаўная жанчына раптам спытала: «У вас сёння свята, Соф‘я Фёдараўна?» Тая неяк сарамліва паціснула плячыма: «Ды вось, калегі павіншавалі з 70-гадовым юбілеем».

Ішоў 1997 год. Засталося зусім мала часу да таго дня, калі прама на працоўным месцы яна адчуе сабе дрэнна і трапіць у рэанімацыю. Яна, якая, здавалася, ніколі не звяртала ўвагі на ўласныя нядужанні, не брала бальнічныя.

Пасля выпіскі з бальніцы яна больш не працавала. Як некалі ў 1985 годзе ў хірургічным аддзяленні Пружанскай райбальніцы завяршылася эра доктара Гарустовіча, так і з яе зыходам апусцела акушэрска-гінекалагічнае. Не, незаменных няма, тут засталіся выдатна падрыхтаваныя, адказныя спецыялісты, яе калегі, яе вучні, але… Але і зараз, праз чвэрць стагоддзя, добрым словам узгадваюць пружанскія жанчыны старэйшых пакаленняў Соф‘ю Фёдараўну Рапінчук, «Рапінчучку», як грубавата-ласкава называлі яе тутэйшыя жыхары.

Соф’я Астаповіч (Рапінчук) у юнацтве.

Яе аўтабіяграфія ў асабовай справе, што захоўваецца ў архіве ЦРБ, змясцілася на дзвюх старонках з вучнёўскага сшытку, спісаных буйным акуратным почыркам. Нарадзілася 8 лістапада 1927 года ў вёсцы Гурка Драгічынскага раёна ў сям‘і рабочага. Вучылася ў вясковай школцы спачатку па-польску, потым па-руску. Падчас фашысцкай акупацыі некаторы час жыла ў партызанскай зоне на тэрыторыі тагачаснага Дывінскага раёна. Пасля вайны скончыла фельчарска-акушэрскую школу ў Пінску, а затым лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медінстытута. Выйшла замуж таксама за ўрача Сцяпана Мікалаевіча Рапінчука. Тры гады працавала ўрачом-ардынатарам у бальніцы в.Манцякі на Ружаншчыне, а з 16 ліпеня 1959 года прыйшла ў акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне Пружанскай бальніцы і ўжо праз два месяцы была прызначана яго загадчыцай…

Сёлетнім летам давялося пабываць у аграгарадку Закозель Драгічынскага раёна, дзе вядзецца рэстаўрацыя старажытнай капліцы-пахавальні на тэрыторыі былога маёнтка Ажэшкаў. Да поўнага заканчэння яе яшчэ далёка, але фасадныя работы амаль завершаны і зняты будаўнічыя рыштаванні. Хаця унутр трапіць яшчэ нельга, удалося ўдосталь палюбавацца велічным будынкам, узведзеным у 1839 годзе ў неагатычным стылі, які выконваў у маёнтку ролю касцёла, а адначасова з‘яўляўся радавой крыптай. Сядзібны дом не захаваўся, але пра маёнтак нагадвае шэраг будынкаў, у тым ліку былога бровара, стары парк з сажалкамі і каналамі…

Так, традыцыйна Закозель звязваюць з родам Ажэшкаў, адной з прадстаўніц якога, хаця і іншай галіны, была знакамітая беларуская і польская пісьменніца Эліза Ажэшка, але ў мяне ўзніклі зусім іншыя асацыяцыі. Адразу ўзгадалася гутарка з Соф‘яй Несцеравай, пляменніцай і цёзкай Соф‘і Фёдараўны Рапінчук. Менавіта пра гэты прыгожы помнік архітэктуры і беларускай старажытнасці расказвала Соф‘я Канстанцінаўна, тут карані не толькі шляхецкага, але і сялянскага роду. Вёска Гурка знаходзілася літаральна ў трох мінутах хады ад Закозеля, у ёй жылі тыя, хто працаваў у маёнтку.

Капліца-пахавальня ў аг. Закозель, фота 2022 г.

Я задзірала галаву ўверх, каб на фоне блакітнага неба разгледзець вастраверхі дах, на якім нядаўна аднавілі медную абшыўку, паставілі шасціметровы шпіль і аўтэнтычны крыж. А бачыла… бачыла басаногага хлопца Фёдара Астаповіча. Разам з іншымі рабочымі, нанятымі «за польскім часам» тагачасным уладальнікам маёнтка Каралем Талочкам для рамонту разбуранай падчас Першай сусветнай вайны капліцы, ён без страхоўкі караскаўся на высокія вежы. З жахам назірала за небяспечнай работай спрытнага юнака мясцовая дзяўчына Вольга… Згодна з сямейным паданнем, так і пазнаёміліся будучыя муж і жонка, а ў хуткім часе пабраліся шлюбам. І нарадзіліся ў іх адна за адной чатыры дачкі: Лёля, Соня, Дзіна і Люда.


Расказвае Соф‘я Несцерава:

— Дзядуля Фёдар не меў адукацыі, затое атрымаў вялікі дар ад Бога: уменне працаваць з металам. Ён працаваў на бровары ў маёнтку Талочкі. І вось аднойчы ўладальнік маёнтка выпісаў за вялікія грошы норыю – элеватар для збожжа. Ды калі яго ўстанаўлівалі, рабочыя пашкодзілі асноўны ланцуговы механізм. Некалькі разоў прыязджалі спецыялісты, але адрамантаваць не здолелі, сказалі, што гэта немагчыма. І тады ўзяўся за справу Фёдар Астаповіч: пасядзеў над чарцяжамі (нягледзячы на адсутнасць адукацыі, у чарцяжах ён разбіраўся і разлікі ўмеў рабіць) і за ноч з двума памочнікамі норыю аднавіў. Гаспадар быў вельмі задаволены, заплаціў вялізныя па тых часах грошы — 300 злотых і прапанаваў дзядулі пасаду інжынера-механіка на сваім бровары. А пазней наогул запрасіў працаваць на заводзе ў Лодзі. Але бабуля сумавала на чужыне, таму праз некаторы час сям‘я вярнулася на радзіму. Дзед пабудаваў прасторны дом, насупраць паставіў кузню, станкі розныя і акрамя асноўнай работы займаўся рамесніцтвам. Па ўсёй вобласці славіўся сваімі сярпамі, яны ў яго атрымліваліся лёгкія і зручныя. А яшчэ электрыфікаваў свой дом: паставіў вятрак на вышцы, ад якога працаваў рухавік.


Ад бацькі Соф‘і Фёдараўне дасталіся залатыя рукі, ад маці — залатое сэрца, дабрыня, мудрасць. А імкненне аб‘яднаць гэтыя якасці, стаць урачом, магчыма, перадалося ад бабулі Полі: Пелагея Рыгораўна Дмітрук была вядомай у акрузе траўніцай, запрашалі яе і як павітуху да парадзіх.

Аднойчы падчас моцнага ветру ў ветраку нешта зламалася. Фёдар палез рамантаваць, але раптам рухавік уключыўся… Лопасцямі яму моцна парвала руку ў плячы. Разгубіліся ўсе, акрамя Соні, якой было на той час гадоў 11-12. Дзяўчынка ўмомант схапіла чысты ручнік і перавязала бацьку, толькі пасля гэтага яго адправілі ў бальніцу. Гэта быў першы ўсплёск урачэбнага прызвання. Але ў далейшым неаднойчы даводзілася ёй праяўляць рашучасць, дапамагаць пацярпелым з жудаснымі траўмамі, калі палохаліся больш сталыя, вопытныя людзі.

«Чаго крыві баяцца? Яна ж жывая, цёплая», — адказвала дзяўчына на пытанні родных, ці не страшна ёй.

У 1939-м, калі прыйшлі першыя Саветы, Фёдар Астаповіч добраахвотна аддаў дзяржаве сваю майстэрню, а сам застаўся ў ёй рабочым. Яго мабілізавалі як спецыяліста-металіста, і ўсю вайну Фёдар Рыгоравіч працаваў на Чалябінскім танкабудаўнічым заводзе (вярнуўся з узнагародамі, з медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»).

А Вольга Ігнатаўна з дзецьмі засталася ў акупацыі. Нямала ўсяго давялося перажыць. Калі старэйшую дачку Лёлю павезлі ў Германію на работы, ёй удалося збегчы. З паўгода дзяўчыну хавалі дома, а потым пераправілі ў партызанскі атрад. Знайшоўся здраднік, данёс пра гэта фашыстам. Тэрмінова ўсёй сям‘і давялося ўцякаць за Днепра-Бугскі канал, у партызанскую зону. Цэнтрам яе была вёска Сварынь, дзе размяшчаўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння і нават аэрадром, што выкарыстоўваўся для сувязі з Масквой. Нічога не паспелі з сабою ўзяць, толькі крыху ежы, самыя неабходныя рэчы. Але добрыя людзі далі прытулак. Можа, таму, што ў наваколлі добра ведалі майстра Астаповіча, ды і Вольга Ігнатаўна без справы не сядзела, дапамагала ў полі. Страшна было і тут, фашысты перыядычна наладжвалі аблавы, і жыхарам навакольных хутароў даводзілася хавацца ў балоце. Аднойчы, калі некалькі сутак пераязджалі ўглыб зоны, Соня захварэла на тыф, ляжала на возе без прытомнасці. Лекаў не было, выжыла нейкім цудам…

У 1944-м пачаўся масіраваны наступ гітлераўцаў на партызанскія фарміраванні. Сварынь фашысты спалілі 16 красавіка 1944 года. Астаповічы вярнуліся ў родную вёску. Яна таксама стаяла ўся выпаленая, але іх дом уцалеў, і ў яго засяліліся пагарэльцы. Што ж, пацясніліся, вызвалілі гаспадарам адзін пакой. Якое шчасце было, што нарэшце дома, нават сцены цалавалі.

І ўсё ж перад самым сваім адступленнем фашысты пастараліся вывезці ў Германію жыхароў Закозеля, пехатою пагналі ў Кобрын. Якраз у гэты час у Вольгі Ігнатаўны загнаілася рана на ілбе (раней нямецкі хірург «паэксперыментаваў», выразаў у жанчыны вялікую пухліну). Баяліся заражэння крыві, але Соня прамывала рану халоднай вадою, прыкладвала лісце асіны — і лячэнне аказалася ўдалым. «Сонечка мне жыццё выратавала», — казала потым маці.

У пружанскім раддоме.

Нядзіўна, што пасля заканчэння вайны Соня Астаповіч не вагалася з выбарам далейшага шляху. Фельчарска-акушэрскую школу яна закончыла з выдатным атэстатам, і яе без экзаменаў прынялі ў медінстытут. Яна не толькі добра вучылася, але і была старастай групы, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.


Расказвае Соф‘я Несцерава:

— Пасля вайны дзядуля Фёдар Астаповіч быў вядомы як вынаходнік-рацыяналізатар, яго нават запрашалі чытаць лекцыі ў палітэхнічны інстытут. Ён ніколі не сядзеў склаўшы рукі, а калі на пенсію пайшоў, сам сабраў грузавік-палутарку. Але вельмі сціплым быў, ніколі сваімі заслугамі не ганарыўся.

Соф‘я Фёдараўна ў гэтым таксама была на яго вельмі падобнай. А яшчэ — вельмі светлай, абаяльнай, сонечнай. Як бы цяжка ні было, ніколі на пацыентах свае праблемы не зрывала. Урачоў-гінеколагаў не хапала, а нараджалі тады ў раёне шмат. Я, калі ў Пружанах у тэхнікуме вучылася, некаторы час у яе жыла, многае бачыла на свае вочы. За ёй «хуткая», бывала, чатыры разы на ноч прыязджала. Рыпенне тармазоў пад вокнамі — і цётка ўмомант прачыналася, нават у дзверы не трэба было стукаць. Накідвала паліто ці плашч проста на начную сарочку і імгненна ехала. А раніцай зноў жа на працу! На пытанне, як можна такое вытрымаць, вельмі сур‘ёзна адказвала, што ад хуткасці можа залежаць жыццё чалавека. І, нягледзячы на тое, што шмат працавала, паспявала заўсёды і абеды-вячэры гатаваць: сям‘я ж на ёй была, дзве дачкі. Скрынка спецыяльная стаяла ўцепленая, яна туды каструлі ставіла, як у тэрмас, каб цёплае ўсё было…


Амаль сорак гадоў яна спраўлялася з дробнымі і сур‘ёзнымі праблемамі жаночага здароўя, рабіла аперацыі, прымала ў свае далоні чырвоныя камячкі новага жыцця…

Цікава, што, калі я задавала пытанні жыхаркам Пружаншчыны сталага ўзросту, нават не трэба было называць прозвішча. Два словы: «Соф‘я Фёдараўна», — і мае суразмоўцы разумелі, пра каго ідзе гаворка. Шчыра кажучы, адразу ведала многія адказы на свае пытанні: таксама неаднойчы сутыкалася з Соф‘яй Рапінчук у якасці пацыенткі. І, хаця нямала гадоў прайшло, памятаю яе ўпэўнена-добразычлівае: «Толькі не хвалюйцеся, з гэтай праблемай мы справімся».

Соф’я Фёдараўна Рапінчук.

Сама яна найбольш ганарылася выпадкам, калі здолела дапамагчы жанчыне, што па ўсіх прагнозах не мела шанцаў выжыць пасля цяжкіх родаў. Урачы, якіх тэрмінова выклікалі з Брэста, адмовіліся забіраць хворую: маўляў, катастрафічна падае ціск. І тады Соф‘я Фёдараўна рызыкнула, сама зрабіла жанчыне чыстку… Неверагодна цяжкай была тая ноч, а раніцай парадзіха раптам папрасіла сала і квашанай капусты.

А колькі было не менш значных выпадкаў, пра якія доктар сціпла маўчала?


Расказвае Святлана Карповіч:

— 1993 год. Я нараджала сваю старэйшую дачку. Роды цяжкія, рэзус крыві адмоўны. Дзіця стала выходзіць адной ножкай наперад, нібы ў шпагаце, другая застрагла, адкрыўся крывацёк… У тэрміновым парадку выклікалі хірургаў для кесарава сячэння, чую, што размова ўжо пра выратаванне мяне, маўляў, дзіця, напэўна, задыхнулася. У гэты момант у радзалу заходзіць Соф‘я Фёдараўна (яна была не на змене, проста чамусьці зайшла, а тут такое). Адлік часу ідзе на мінуты, а яна кажа: «Шкада, дзяўчына маладая, пачакайце, дайце я пагляджу». І цуд здарыўся: намацала яна другую ножку маёй дачушкі і выцягнула дзіця жывое і нават без вывіху. Як мне сказалі потым самі ўрачы, у падобнай сітуацыі ніхто б не рашыўся так зрабіць, не пайшоў бы на рызыку, а яна выпадкова зайшла і магла наогул усё гэта праігнараваць. Але ў Соф‘і Фёдараўны былі насамрэч залатыя рукі і яшчэ нейкае чуццё. Вялікі чалавек. Можа, у гэтым выратаванні быў нейкі знак, але мая дачка выбрала сабе спецыяльнасць фельчара-акушэра. І ў яе ўжо ёсць свой спіс народжаных дзетак…


Расказвае Алена Коўтун:

— Дзякуючы Соф‘і Фёдараўне, я з‘явілася на свет. І яна ж прыбегла ратаваць мяне пасля нараджэння маёй дачушкі. Я ў мамы была малодшай, нарадзілася, калі ёй было 38 гадоў, з вагой 4600 грамаў. Зараз маме проста зрабілі б кесарава, але больш за паўстагоддзя таму падобную аперацыю практыкавалі толькі ў самым крайнім выпадку. Пры родах аказалася прырослай плацэнта, і без кваліфікаванай дапамогі, зразумела, абысціся было немагчыма.

Праз два дзясяткі гадоў, калі я нараджала другую дачку, у мяне выявілася такая ж праблема, як і ў мамы, адкрыўся крывацёк. Своечасова заўважыла праблему акушэрка Людміла Лесіна (заўсёды ўзгадваю яе добрым словам, яна прымала ў мяне двух дзетак з трох, а пазней у яе ж нараджала мая дачка Рыта). Раптам у чатыры гадзіны раніцы з‘явілася Соф‘я Фёдараўна. Я нават не ўпэўнена, што гэта было яе дзяжурства. У выніку ў мяне, таксама як некалі ў мамы, усё прайшло без ускладненняў.

Наогул хачу сказаць, што Соф‘я Фёдараўна была не проста добры ўрач, але і дарадчыца, памочніца. Іранізавалі, што ў СССР некалі «секса не было». А вось праблемы ў жанчын, звязаныя з гарманальным цыклам, непажаданымі цяжарнасцямі (ды ці мала з чым), былі. Доктар магла адказаць на любыя пытанні, вучыла карыстацца супрацьзачаткавымі сродкамі. Ішлі да яе нібы да мамы і як да жаночага псіхолага.


А яшчэ ў доктара Рапінчук былі свае методыкі, якія дазвалялі вынасіць дзіця жанчынам з адмоўным рэзусам крыві. Рэзус-канфлікт (калі арганізм цяжарнай жанчыны з рэзус-адмоўнай кроўю ўспрымае як нешта чужароднае рэзус-станоўчую кроў плода) і зараз лічыцца небяспечным. А ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, калі не было ні ультрагукавога даследавання, ні сучасных методык ранняй дыягностыкі, ні імунаглабулінаў, ён звычайна станавіўся прычынай выкідышаў.


Вось што расказала мне старажыл Пружан Ангеліна Іванаўна Самусь:

— Я магу назваць больш за дзясятак выпадкаў, калі рэзус-адмоўныя жанчыны і ў тыя часы нармальна нараджалі. Сярод іх была і мая дваюрадная сястра Галіна Шышко. Соф‘я Фёдараўна рабіла своеасаблівую аперацыю: «падсаджвала» на руку жанчыны кавалачак скуры, узятай са спіны яе мужа. Гэтая скура не прыжывалася, не зажывала, але антыцелы цяжарнай атакавалі менавіта яе, а не плод. У выніку не толькі першае дзіця нараджалася здаровым, але і выпрацоўваўся імунітэт на далейшыя цяжарнасці.

Не ведаю, наколькі шырока гэтая методыка выкарыстоўвалася ў іншых бальніцах: перашарсціла ўвесь інтэрнэт, каб знайсці невялічкае пацвярджэнне, што яна сапраўды існавала. Але імкненне Соф‘і Фёдараўны задзейнічаць любы карысны вопыт для вылячэння сваіх пацыентаў памятаю сама. Падчас чарговага наведвання жаночай кансультацыі можна было пачуць: «У медыцынскім часопісе пачытала пра новыя методыкі лячэння па тваёй праблеме. Рыхтуйся, паспрабуем зрабіць так…» Такое адчуванне, што яна спяшалася «схапіцца за саломінку», выкарыстаць самы неверагодны шанец, калі гэтага патрабавалі інтарэсы пацыента.

— Яна не баялася рызыкаваць, — кажа былая акушэрка радзільнага аддзялення Людміла Лесіна. — Але рызыка абдуманая ў яе была. І яшчэ смеласць у прыняцці рашэнняў.

Старая пружанская бальніца. Вокны з правага боку — гэта палаты радзільнага аддзялення, якое знаходзілася тут да канца 1960-х гадоў.

Людміла Іосіфаўна прыйшла на працу ў Пружанскую бальніцу напачатку 1970-х, першы год працавала ў палаце нованароджаных.

— Калі ж аказалася, што мяне прываблівае менавіта дапамога парадзіхам, то перавялі ў акушэркі. Гэта было ў 1975 годзе. І вучылі мяне, зразумела, усе. Ставіліся добразычліва ўсе старэйшыя калегі і ўрачы, і Таццяна Міхайлаўна Алефірэнка, якая на той час кіравала аддзяленнем (на жаль, яна ў хуткім часе пайшла з жыцця). Але Соф‘ю Фёдараўну Рапінчук варта вылучыць асабліва. Яна заўсёды была гатова дапамагчы і словам, і справай. Нараджалі ў раёне тады шмат, перадродавая палата не заставалася пустой нават на некалькі гадзін. І акушэркі спраўляліся з усім самі, калі роды былі неабцяжараныя. Калі раптам узнікала нейкая праблема — выклікалі ўрача. Хваляваліся, што нехта выкажа незадавальненне начным выклікам: раптам акажацца, што насамрэч праблемы няма. Але Соф‘і Фёдараўны не баяліся: яна заўсёды з усмешкай, заўсёды роўна да ўсіх ставілася, яшчэ і пажартуе, выпадак з жыцця раскажа. Яна была вельмі светлым чалавекам і характар мела проста залаты. У яе прысутнасці мы мелі абсалютную ўпэўненасць, што ўсё будзе добра.

Галіна Завіжэнец таксама больш за чвэрць стагоддзя працавала побач з С.Ф. Рапінчук.

— Першае маё дзяжурства ў палаце нованароджаных прыпала на 1 жніўня 1970 года, — расказвае Галіна Дзмітрыеўна. — І ў тыя суткі было адразу сем родаў. Вось так адразу баявое хрышчэнне атрымала. А Соф‘я Фёдараўна і ў першы дзень, і пазней толькі падбадзёрвала, імкнулася падтрымаць. Яна вельмі добразычлівая была ў зносінах не толькі з пацыенткамі, але і з калегамі, персаналам, і калі працавала загадчыцай аддзялення, не лічыла сябе вышэй за іншых. Вельмі паважалі яе і за гэта, і за сумленнасць, праўдзівасць, не толькі за прафесіяналізм. А як спяшалася на дапамогу парадзіхам! Яна ж безадмоўнай заўсёды была: начны выклік — адразу босыя ногі ў валёнкі сунула і гатова ехаць. Не толькі ж у Пружанскім раддоме даводзілася дапамагаць, па ўсім раёне выязджалі. І ніколі не звяртала ўвагі на сябе: мудрагелістая прычоска, моднае адзенне, макіяж — гэта нібыта і не пра яе. Але сапраўдным яе ўпрыгожаннем была дабрыня, якая ззяла ў вачах, і нейкая ўсеабдымная любоў, што адчувалася ў позірку, у словах, ва ўсіх учынках.

— Аднойчы ў сваёй гутарцы з карэспандэнтам «Раённых будняў» у 1996 годзе доктар прызналася: калі сутыкаецца з бядой іншых людзей, гатова не толькі прафесійныя ўменні, але і частку сябе аддаць, каб дапамагчы, — кажа Галіна Завіжэнец. — У сваім хатнім архіве шмат гадоў захоўваю гэтую выразку з газеты, як памяць пра жанчыну, душа якой пуцяводнай зоркай свеціць нам з нябёсаў…

Помнік на могілках у Слабудцы.

Соф‘я Фёдараўна пайшла з жыцця 13 мая 2010 года. Пахавана побач з мужам на гарадскіх могілках ля Слабудкі. Але дзе вандруе зараз яе душа? Знаходзіцца яна ў месцы пахавання, ляціць каля вежаў і стральчастых вітражных вокнаў капліцы ў Закозелі, гуляе ў кушчах райскіх сярод неверагоднай прыгажосці кветак, якія яна так любіла пры жыцці? Ці сапраўды з нябёсаў асвятляе шлях людзей, чый боль яна некалі брала на сябе? Аднаму Богу гэта вядома…

Ірына Сядова. Фота аўтара і з архіваў Соф‘і Несцеравай і Галіны Завіжэнец