У канцы мінулага тыдня ў Лядовым палацы прайшоў абласны этап турніру па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У ім спаборнічалі спартсмены 2007-2008 гадоў нараджэння ў дывізіёне «А» старэйшай узроставай групы. Арганізатарамі мерапрыемства сталі «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», упраўленне спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і Пружанскі райвыканкам.

Удзел у турніры бралі чатыры каманды: Івацэвіцкага раёна, горада Пінска, Брэста і нашы пружанскія спартсмены.

«У нашым раёне вялікая ўвага надаецца развіццю хакея, – адзначыў галоўны спецыяліст Пружанскага райвыканкама Аляксей Лапыка, – дзеці, якія займаюцца ў камандзе, у большасці сваёй прыязджаюць з сельскіх населеных пунктаў раёна. Кіраўнікі гаспадарак усяляк садзейнічаюць спартыўнаму развіццю, дапамагаюць у арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў».

Барацьба на лёдзе разгарнулася адчайная. Сапернікі змагаліся за кожную закінутую шайбу. Матчы атрымаліся вельмі напружаныя і цікавыя.

Па выніках турніру месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — у каманды Івацэвіцкага раёна, другое — у каманды г. Пінска, трэцяе дасталася камандзе г. Брэста. Каманда-пераможца з Івацэвіцкага раёна прадставіць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім этапе «Залатой шайбы», які адбудзецца з 1 па 4 сакавіка ў Мінску.
Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_282526837