Среда, 11 ноября 2026

Зала гісторыі Пружанскага райаддзела міліцыі — адна з лепшых у рэспубліцы

643

На пачатку бягучага года былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае музейнае фарміраванне органаў унутраных спраў, у якім другое месца было прысуджана зале гісторыі Пружанскага райаддзела міліцыі. Узнагароду начальніку РАУС Ігару Амельянчуку ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў міністр унутраных спраў РБ Іван Кубракоў.

Трэба адзначыць, што фінальнаму падвядзенню вынікаў папярэднічала абласная ацэнка дасягненняў адпаведных музейных фарміраванняў. На гэтым этапе на Брэстчыне спаборнічалі 19 прэтэндэнтаў, сярод якіх неаспрэчнае «золата» было прысуджана пружанскім збіральнікам міліцэйскай гісторыі. Дзякуючы чаму зала гісторыі пружанскай міліцыі была аднагалосна выстаўлена суіскальнікам вышэйшай адзнакі.

Падчас вызначэння пераможцаў ацэньвалася не толькі афармленне пакояў: значная ўвага надавалася і праводзімай рабоце, бо задумка па адкрыцці падобных фарміраванняў заключалася не ў стварэнні «мёртвых запасаў», а сапраўды дзеючых устаноў, якія будуць уносіць свой уклад у патрыятычнае выхаванне грамадства. З чым у поўнай меры выдатна спраўляецца зала гісторыі пружанскай міліцыі. Настолькі, што прэзентацыя дасягненняў толькі ў малым саступіла пераможцам рэспубліканскага конкурсу — калегам з Гродна.

Намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце Юрый Неміровіч і ветэран міліцыі Мікалай Замковіч.

Між тым, як зазначае намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце Юрый Неміровіч, мінула ўсяго крыху больш за тры гады з моманту адкрыцця раённага музея міліцыі. Упершыню ён адчыніў свае дзверы напачатку лістапада 2019 года пры падтрымцы тагачаснага начальніка райаддзела Аляксандра Гука. Безумоўна, гэтай урачыстай падзеі папярэднічаў працяглы падрыхтоўчы перыяд, за які збіраліся матэрыялы экспазіцыі, распрацоўвалася тэматыка раздзелаў выставы, а таксама ствараўся агульны дызайн.

— За гэтай работай стаяць намаганні дзясяткаў нашых ветэранаў і дзеючых супрацоўнікаў, якія карпатліва аднаўлялі экспанаты, шукалі гістарычныя дакументы, пераварочвалі архівы і нават кідалі «заклікі ў масы» ў пошуку артэфактаў, — расказвае Юрый Анатольевіч. — А яшчэ шчырую падзяку заўсёды выказваем нераўнадушным арганізацыям раёна, якія прынялі ўдзел у афармленні экспазіцыі. І людзей, і прадпрыемстваў, якія аказалі дапамогу, адгукнуліся на просьбы, настолькі многа, што іх складана пералічыць.

А пачынаўся мясцовы міліцэйскі музей з цэнтральнага экспаната — матацыкла Дзяржаўтаінспекцыі, які быў знойдзены ў выглядзе металалому, але сіламі супрацоўнікаў адноўлены да былога стану. Менавіта ён зараз прыцягвае позіркі наведвальнікаў залы гісторыі. А вось самымі каштоўнымі рарытэтамі ветэран РАУС Мікалай Замковіч лічыць архіўныя дакументы, аналагаў якім за мінулыя гады засталося нямнога. Вельмі цэнным Мікалай Мікалаевіч лічыць пасведчанне міліцыянера, выдадзенае ў 1941 годзе, а таксама іншыя папяровыя гістарычныя звесткі. Усё гэта ён разам са сваімі аднадумцамі-ініцыятарамі адшукаў літаральна па неверагодных адрасах, сярод якіх, прызнацца, сваякі былых міліцыянераў былі самым простым варыянтам.

У выніку атрымалася вельмі цікавая экспазіцыя, якая прыцягвае да сябе ўвагу як малых, так і дарослых наведвальнікаў залы гісторыі пружанскай міліцыі. А такіх за час дзеяння музейнага фарміравання тут пабывала больш за паўтары тысячы чалавек. І гэта лічба не паказальная, бо быў перыяд абмежавання доступу з-за каранцінных мерапрыемстваў. Тым больш, ёсць грунтоўныя прагнозы, што колькасць наведвальнікаў у будучым будзе рэзка нарастаць. У прыватнасці, як расказаў Мікалай Замковіч, у «запасніках» ужо сабраны даволі цікавыя рарытэты, якія пасля інфармацыйнай апрацоўцы і належнай падрыхтоўкі таксама зоймуць свае месцы ў экспазіцыі. А значыць, чарговых наведвальнікаў, якія нават паўторна пабываюць у гэтым музеі, будуць чакаць незабыўныя ўражанні.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік