Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць нарошчваць супрацоўніцтва з Азербайджанам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 11 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй Мілі Меджліса Азербайджана Сагібай Гафаравай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Сагібу Гафараву ў дружалюбнай Беларусі: «Я ўпэўнены, што вы ўжо не толькі з падачы нашых кіраўнікоў парламента добра знаёмы з Беларуссю і любіце яе».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі, асабліва ў год 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цэняць той уклад, які ўнеслі азербайджанцы ў Перамогу і вызваленне беларускіх зямель, памятаюць іх подзвігі. Прэзідэнт адзначыў, што Сагіба Гафарава ў час візіту таксама аддала даніну павагі подзвігам воінаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы вянок на плошчы Перамогі ў Мінску. «Гэта вельмі важна і сімвалічна цяпер, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мне прыемна, што ў нас каштоўнасці супадаюць — у Азербайджана і Беларусі».
Характарызуючы адносіны паміж парламентамі дзвюх краін, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Яны складваюцца вельмі добра. Гэта той выпадак, калі міжпарламенцкія сувязі не адстаюць ад узроўню адносін паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым яго звязваюць даўнія адносіны, яшчэ з таго часу, калі кіраўніком краіны быў яго бацька Гейдар Аліеў. «Вельмі празорлівы быў чалавек, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ільхам — дастойны прадаўжальнік спраў бацькі. Напэўна, у гісторыі ён зрабіў столькі, што наўрад ці гэта паўторыць які-небудзь прэзідэнт пасля Ільхама Гейдаравіча».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён з цеплынёй успамінае свой нядаўні візіт у Азербайджан. У ходзе паездкі кіраўнік беларускай дзяржавы разам з Ільхамам Аліевым наведаў у тым ліку і адраджаемыя тэрыторыі Азербайджана. Асабліва кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў клімат і прыроднае хараство Шушы: «Пабываўшы ў многіх месцах нашай планеты, такой мясціны я нідзе не бачыў — чыстае паветра, цудоўная прырода».
«Упэўнены, што вы здзейсніце чарговы подзвіг, аднавіўшы жыццё на гэтых тэрыторыях. Мы будзем з задавальненнем удзельнічаць у гэтых работах, вызначылі некаторыя напрамкі. Перашкод ніякіх няма», — падкрэсліў беларускі лідар.
Характарызуючы развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Гандлёвы абарот у нас нядрэнны. Але ён разбалансаваны. Нам трэба больш купляць тавараў у Азербайджане». Гэта пытанне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, будзе адрэгулявана. У час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан абмяркоўваліся напрамкі, па якіх варта больш інтэнсіўна супрацоўнічаць, уключаючы абмен тэхналогіямі ў сферах АПК і ВПК.
«Словам, закрытых тэм няма. Мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Я ўпэўнены, што нашы парламентарыі гэты працэс забяспечаць заканадаўча», — сказаў беларускі лідар.