18 мая ў рыбалоўных угоддзях Брэстчыны закончыўся перыяд забароны на рыбалку. Выключэнне — судак: забарона на лоўлю гэтай рыбы працягне дзейнічаць па 30 мая.

Тым не менш, з 19 мая ўведзена забарона на лоўлю сома звычайнага. Справа ў тым, што гэтая рыба нерастуе пазней за іншыя, калі вада праграецца як мінімум да 18 градусаў. А забарона на лоўлю рыбы ў перыяд нерасту з’яўляецца адной з мер аховы гэтай рыбы, якая, да слова, некалі з’яўлялася чырванакніжным відам. Сом з’яўляецца чысцільшчыкам вадаёмаў: ён ужывае хворую, загінулую рыбу, ствараючы такім чынам здаровую водную фаўну.
Як нагадалі ў Бярозаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, у перыяд забароны адзін злоўлены сом абыдзецца парушальніку ў 12 базавых велічынь — 324 рублі. І гэта без уліку штрафу, памер якога можа скласці ад 20 да 50 базавых велічынь. За дзевяць і больш вылаўленых сомаў наступае крымінальная адказнасць.
Перыяд забароны на лоўлю сома працягнецца да 20 чэрвеня.
Марына Вакульская.