Сем’і — як адбіткі пальцаў: усе розныя, індывідуальныя.
У кожнай сваё ўяўленне аб ідэалах, нормах, традыцыях. Але галоўнае, каб супадалі погляды на пэўныя рэчы ўнутры сям’і. Менавіта так, як мне падалося, у сям’і Зашчук з г.п.Ружаны. Свой маленькі прытулак шчасця яны пабудавалі такім, якім сабе яго ўяўлялі: адкрытым, шчырым, поўным дзіцячых усмешак, дзе паважаюць і падтрымліваюць выбар кожнага члена сям‘і.
Больш як праз пятнаццаць гадоў шлюбу Наталля шчыра прызнаецца: за пару гадоў да замужжа не магла нават уявіць сабе, што ў іх з Сашам можа скласціся сям’я. Чаго не скажаш пра галаву сям’і, упартасці якому, відавочна, не займаць.
— Справа ў тым, што Саша малодшы за мяне, — тлумачыць жанчына. — З-за розніцы ва ўзросце нашы адносіны я ўсур’ёз не ўспрымала: як кажуць, сустракацца з чалавекам — адна справа, а пастаянна жыць разам — іншая. Для Сашы наша сяброўства было чымсьці большым, і ён праяўляў не проста ініцыятыву, а непадробную настойлівасць, каб даказаць сур’ёзнасць сваіх намераў. Павінна прызнацца, што ён настолькі прыгожа заляцаўся, што я не змагла выстаяць пад гэтым націскам.
Як паказаў час, лёсавызначальны выбар аказаўся правільным.
Сёння Зашчукі выхоўваюць трох дзетак. Хаця раней ніколі не ўяўлялі сваю будучую сям’ю шматдзетнай. Думалі, што бацькоўскі клопат змогуць накіроўваць у дачыненні да аднаго, максімум —двух дзетак. Калі падчас першай цяжарнасці жонкі Аляксандру прадвяшчалі стаць бацькам дзяўчынкі, ён вельмі абрадаваўся і заявіў, што ніякіх варыянтаў, акрамя Варвары, у разлік не бярэ. Але першынцам стаў… Захар, які сёлета закончыў дзявяты клас. Праз пяць гадоў на свет з’явіўся Сяргей, а тата адсунуў падалей мару пра дачку. І дарма…
Усё вырашыла жыллёвае пытанне. Наталля і Аляксандр расказваюць пра тое, як прымалі рашэнне разам з квадратнымі метрамі павялічыць і склад сям’і.
— Спачатку мы туліліся ва ўласнай аднапакаёўцы. І вось нарэшце ў 2010 годзе атрымалі ключы ад доўгачаканай трохпакаёвай кватэры, якую будавалі за кошт дзяржпадтрымкі. Годная работа ў нас была: я — настаўніца гісторыі ў школе, Саша — інструктар па фізічнай культуры ў санаторыі. Вырашылі, што сям’я мы дастаткова забяспечаная…
Адным словам, аргументаў «за» было намнога больш, чым «супраць»…
Маленькай Варвары сёння ўжо пяць гадкоў. І хочацца адзначыць, што ўзрост дзяцей ніколі не перашкаджаў Зашчукам весці актыўны лад жыцця. Усе члены сям’і наперабой расказваюць пра свае захапленні, агульныя інтарэсы. Так, напрыклад, Аляксандр — спецыяліст па арганізацыі вольнага часу. Прычым сямейныя паходы і паездкі не абмяжоўваюцца купаннем на возеры Паперня ці смажаннем шашлыкоў на бабуліным падворку ў прыватным сектары пасёлка: аквапарк, лазня, кіно, экскурсіі, цікавыя выставы, катанне на веласіпедах…
— У Ружанах няшмат магчымасцей для баўлення вольнага часу, таму выязджаем у суседнія райцэнтры. Часценька бываем у Слоніме: нядаўна, напрыклад, ездзілі ў кіно, хадзілі на выставу гіганцкіх насякомых, — удакладняе Аляксандр. — Выбіраліся б і часцей — дык графікі работы не супадаюць.
Як правіла, перавага аддаецца актыўным відам адпачынку. Яно і зразумела: галава сям’і — заўзяты аматар спорту. Асаблівую прыхільнасць мае да фітнэсу і бодзібілдынгу.
— У дзяцінстве ўбачыў фільм «Тэрмінатар» і застаўся пад такім уражаннем ад формаў цела Арнольда Шварцэнегера, што пачаў вечарамі прападаць у трэнажорнай зале пры Доме піянераў, а затым — у Доме культуры, дзе мясцовыя энтузіясты сабралі самаробныя трэнажоры. У выніку і працоўную дзейнасць звязаў з любімым заняткам. Прыемна, што кіраўніцтва санаторыя даверыла мне падбіраць абсталяванне да трэнажорнай залы.
Яно і зразумела, любоў Аляксандра да бодзібілдынгу бачна ў прамым сэнсе. У свой час нават збіраўся выступаць на адпаведных спаборніцтвах, але няўпэўненасць у сваіх сілах перашкодзіла.
— Магчыма, у мяне і заніжаная самаацэнка, але я рэальна гляджу на рэчы, — самакрытычна зазначае суразмоўца. — Увогуле бодзібілдынг — гэта дарагі від спорту, і гэтым усё сказана.
Затое свой спартыўны спрыт з задавальненнем праяўляе падчас турыстычных злётаў, галіновых спаборніцтваў у Раўбічах, выступленняў па армрэстлінгу, у гіравым спорце. Акрамя таго, Аляксандр піша вершы, ездзіць на рыбалку і марыць асвоіць прафесійную фотаздымку.
Спартыўныя гены, відавочна, перадаліся і Захару. Ён некалькі гадоў займаўся каратэ, выступаў на спаборніцтвах, захапляецца футболам. Але яшчэ лепшы з яго атрымаўся валейбаліст: хлопец з’яўляецца капітанам ружанскай школьнай валейбольнай каманды, якая пад кіраўніцтвам трэнера Анатоля Грынюка дасягае поспеху не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.
А вось Сяргея апаноўваюць творчыя захапленні.
— Ляпіць, маляваць, майстраваць — вось гэта маё, — усміхаецца хлопчык. — Любімы від баўлення часу — канструяванне з «Лега».
Хаця маме і не вельмі падабаецца непадробнае захапленне Сяргея насякомымі (яшчэ б, пасля прагулкі даставаць з кішэняў сына жучкоў і павучкоў), але бацькі не перашкаджаюць гэтаму інтарэсу.
Камунікабельная Варвара (паводле слоў бацькоў, яна знойдзе агульную мову з дзецьмі любога полу і ўзросту) пакуль ходзіць у дзіцячы садок. Да чаго больш ляжыць душа ў дзяўчынкі, яна пакуль не можа сказаць. Тым часам бацькі плануюць накіраваць яе няўрымслівую энергію ў творчае рэчышча: аддаць на танцы альбо ў музычную школу.
А вось шматдзетная мама вымушана была прызнацца, што за хатнімі клопатамі і выхаваннем дзяцей у яе застаецца не так шмат часу на ўласныя захапленні.
— Калі муж — адказны за вольны час, дык я — за інтэлектуальнае развіццё. Яно і зразумела, усё ж па адукацыі педагог-псіхолаг.
…Здаецца, лета — найбольш спрыяльны час для актыўнага адпачынку, які так любяць члены сям’і Зашчук. Акрамя таго, не здраджваючы прыемнай сямейнай традыцыі, якая нарадзілася, калі падраслі дзеткі, сёлета яны зноў збіраюцца на мора. Каб набрацца новых сіл, станоўчых эмоцый і яшчэ больш з’яднацца, дзякуючы сумеснаму адпачынку.
Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча