Понедельник, 11 ноября 2024

Заклад поспеху — неабыякавыя людзі. Чым сёння жыве ААТ «Жураўлінае» Пружанскага раёна

846

Цікава, колькі спатрэбілася б лістоў паперы, каб апісаць хаця б адзін дзень з жыцця нашых сельгаставарыстваў? А трэба ж разумець, што кожная гаспадарка — гэта, у першую чаргу, людзі, якія з дня ў дзень спяшаюцца за руль сваёй тэхнікі, да сваіх каровак і свінак, за станкі і ў рабочыя кабінеты. І як тут абмінуць увагай хоць аднаго чалавека, які стараецца выканаць сваю работу якасна, з душой.

Узяць, напрыклад, ААТ «Жураўлінае», дзе працуе 854 чалавекі! А давайце спынімся на дадзенай гаспадарцы і паспрабуем разабрацца, што з’яўляецца закладам поспеху любога сельгаставарыства? На гэта пытанне нам дапаможа адказаць дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.

Дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.

— Бясспрэчна, людзі, якія разумеюць велізарную адказнасць за агульны рэзультат, як і тое, што дамагчыся пастаўленай мэты можна толькі агулам, гэта прафесіяналы сваёй справы, з высокай кваліфікацыяй і жаданнем працаваць. Людзі, якія не баяцца запэцкаць рукі ці сарочку. Людзі, на якіх можна паспадзявацца, якія родным будуць лічыць сваё сельгаставарыства. Простыя, шчырыя, сумленныя і такія блізкія табе па духу людзі.

Лепшай фермай па выніках мінулага года ў Брэсцкай вобласці прызнана МТФ «Клепачы» ААТ «Жураўлінае», яна ж, зразумела, і лідар у гаспадарцы. Прычым, заслужана. Валавая вытворчасць малака за 2023 год склала 9107,8 тон — на 21,4% больш, чым у 2022-ім. Рэалізавана 8440,8 тон малака (+22,7%). Уся прадукцыя была рэалізавана гатункам «экстра»! Таварнасць малака — 92,7%. У мінулым годзе ад каровы ў сярэднім надаілі 9513 кг малака, чым палепшылі гэты паказчык на 21,9 %, атрымалі рэнтабельнасць 64,3% — +11,8%.
І так ужо павялося ў сельгаставарыстве, што за перамогі працаўнікам уручаюцца падарункі ад гаспадаркі. Трыццаць адзін ноўтбук і пяць мультыварак сталі падзякай жывёлаводам МТФ «Клепачы» за шчырую працу.

— Упэўнены, што менавіта такія і працуюць у ААТ «Жураўлінае». А разам на які вынік выйшлі за 2023 год?

— Па выніках гаспадарча-фінансавай дзейнасці сельгаставарыствам за мінулы год забяспечаны рост валавой прадукцыі ў памеры 114,5 % да ўзроўню 2022 года, у тым ліку ў раслінаводстве гэты паказчык — 135%, у жывёлагадоўлі — 110,3%. Хочацца адзначыць, што ўдзельная вага нашай гаспадаркі ў агульным аб’ёме вытворчасці прадукцыі раёна складае 22,3%.

Перамога сама ў рукі не прыйдзе, яе трэба дамагчыся. Калі начальнік паказвае прыклад у рабоце, то і падначаленыя стараюцца не адставаць. Як вынік, 2-ое месца ў вобласці заняла загадчыца малочна-таварнай фермы «Клепачы» Вольга Севасцьянчык. Вольга Міхайлаўна ўсё трымае на асабістым кантролі, вось і цяпер яна абмяркоўвае рабочыя моманты з механізатарам Паўлам Гоганам.

— Ці не падвялі людзі падчас жніва і нарыхтоўкі кармоў?

— У такіх працаўніках сумнявацца не даводзіцца. Атрыманы небывалы збор збожжавых і зернебабовых культур у аб’ёме 20985 тон, што на 27,6% вышэй вытворчасці зерня 2022 года (ураджайнасць — 53,2 ц/га).

Вось ужо падабраліся працаўнікі на МТФ «Клепачы»! Па выніках абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі сярод заатэхнікаў-селекцыянераў лідарам стала Алена Янучок. Мяркуйце самі: выхад цялят у яе за 2023 год склаў 92 галавы на 100 кароў — +33,3% да 2022 года. Працэнт захаванасці маладняку — 97,4.

Гэта паспрыяла таму, што ААТ «Жураўлінае» стала пераможцам у раёне.

Рашаючай умовай развіцця жывёлагадоўлі з’яўляецца трывалая кармавая база. Змаглі нарыхтаваць 38,3 ц.к.адз. на 1 умоўную галаву (+9,7 да года мінулага). І зноў прызавое месца гаспадаркі ў раёне.

Сваю лепту ў дасягненне значнай перамогі ўнёс і слесар па малочным абсталяванні МТФ «Клепачы» Віталь Місюля. Ён скрупулёзна сочыць за работай кожнага механізма, падганяе жывёлу на дойку, займаецца мыйкай сістэмы, заменай фільтраў. У сукупнасці, дадзеная работа напрамую ўплывае на якасць малака.

— Мусіць, і жывёлаводы радуюць Вас сваімі дасягненнямі?

— Кожны чалавек у гэтай галіне на сваім месцы. Таму і хвалявацца няма прычыны. Валавая вытворчасць малака, якое прыносіць гаспадарцы асноўныя грошы, за справаздачны перыяд склала 55,3 тыс. тон. Прадуктыўнасць кожнай каровы — у сярэднім 8290 кг, павялічылася за год на 909 кг. Прыраслі па дадзеным паказчыку ўсе нашы сем комплексаў. Амаль усё малако здаецца гатункам «экстра» — 99,7%. Прафесіяналізм спецыялістаў навідавоку. У цэлым па гаспадарцы рэалізавана 51,3 тыс. тон малака (111,3% да 2022 года).

За мінулы год у сельгаставарыстве вырашчана жывёлы ў аб’ёме 11496 тон, што на 1032 тоны больш, чым у 2022 годзе, у тым ліку вытворчасць прадукцыі вырошчвання БРЖ склала 2850 тон — 30 тон сплюсавалі.

Лепшая ў вобласці за год мінулы і аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі свінагадоўчага комплексу «Казлы» Юлія Гальцава. Юлія Сяргееўна — гэта работніца, якая ведае цану кожнай працоўнай мінуце і якая з любоўю адносіцца да сваіх «ружовых пятакоў». За 2023 год у яе атрымана 11380 парасят, калі ў 2022-м гэтая лічба складала 10205. А ў сярэднім на адзін апарос выходзіла 12 галоў, сплюсавала на 8,45%. Сярэднясутачныя прывагі — 327 г, а захаванасць парасят — 100%!

Што да свінагадоўлі, то тут вытворчасць прадукцыі — 9646 тон, +1003 тоны, сярэднясутачныя прывагі — 732 г, +22 да ўзроўню мінулага года. Атрымана парасят 75055 галоў, плюс 2565.

Велізарны дзякуй усім жывёлаводам за сур’ёзнае стаўленне да сваіх абавязкаў, няхай ва ўсім вам спрыяе ўдача і ніколі не пакідае ўпэўненасць у сваіх сілах.

У такіх прыгожых і адказных цялятніц малочна-таварнай фермы «Клепачы», як Кацярына Хоміч і Вікторыя Сцесева, падапечныя заўсёды будуць дагледжаныя і накормленыя. Што да апошняга, то ў дапамогу дзяўчатам было набыта малочнае таксі з функцыяй пастэрызацыі.

За ўсе названыя тут плюсы і было прысуджана ААТ «Жураўлінае» першае месца ў раёне з выдачай дыплома за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу па выніках работы за 2023 год.

Трэцяе месца сярод малочна-таварных комплексаў у ААТ «Жураўлінае» прысуджана МТК «Мокрае». Як трэба працаваць на рэзультат, могуць расказаць брыгадзір вытворчай брыгады Ілья Вінакураў, тэхнік па племянным уліку Марына Ішчык і ветэрынарны ўрач-тэрапеўт Васіль Аблавушка.

— Каб дамагчыся добрых рэзультатаў, патрэбна ў падмогу і тэхніка.

— Яна не толькі ў наяўнасці, але і пастаянна абнаўляецца. За мінулы год у асноўны капітал інвеставана 29,8 млн рублёў, у тым ліку для набыцця машын і абсталявання інвестыцыі склалі 15,4 млн руб.

Дзякуй за сумленную працу кажуць у ААТ «Жураўлінае» і аператару жывёлагадоўчых фермаў Тамары Бірук комплексу «Хвалава», якой таксама дасталася першая прыступка абласнога п’едэстала. У Тамары Канстанцінаўны сярэднясутачны прырост жывой вагі БРЖ за мінулы год — 897 г (+71 г), у тым ліку быкоў на адкорме — 921 г (+16 г).

— Калі ёсць прырост у паказчыках — значыць і зарплата павялічваецца?

— Зразумела. Па выніках справаздачнага года яна павялічылася на 38,6 % і склала па годзе 1826,4 рублі. Будзе за што і жонку апрануць, і дзяцей салодкасцямі парадаваць. Ды і самому набыць патрэбныя інструменты ці рамонт у доме зрабіць.

А вось МТК «Белавусаўшчына» ў гаспадарцы ўпэўнена стаіць на другім месцы. Умеюць жа людзі працаваць! Няхай і надалей хапае імпэту і жадання ісці толькі наперад, да новых перамог, паважаныя аператар машыннага даення Наталля Літвінцава, слесар па малочным абсталяванні Віктар Ліж, начальнік комплексу Святлана Варыцкая і аператар машыннага даення Вольга Пашко.

— Аляксандр Іванавіч, на дасягнутым не спыняемся?

— Для таго і жывём, каб нешта планаваць. Абавязкова будзем павышаць вытворчасць малака і сярэднясутачныя надоі. Ставім большую планку і на будучае жніво, не пакідаем без увагі і жывёлагадоўлю. Будзем і далей будаваць навесы для цялят на зімова-стойлавы перыяд па прыкладзе МТК «Белавусаўшчына». Для паляпшэння жыллёвых умоў работнікаў будзе праводзіцца пакупка другаснага жылля на тэрыторыі гаспадаркі і ў г. Пружаны і набывацца новая тэхніка.

— Дзякуй, Аляксандр Іванавіч, за змястоўную гутарку. Няхай калектыву ААТ «Жураўлінае» заўсёды спрыяе ўдача ва ўсіх пачынаннях.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік