Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай, у час якой абмяркоўваўся комплекс розных тэм, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з пытанняў, якое закрануў Кіраўнік дзяржавы, стаў заканатворчы працэс, але не сам па сабе, а яго асаблівасці за апошні перыяд, за час работы верхняй палаты парламента цяперашняга склікання, якое, дарэчы, хутка завершыцца. «Можа, якія-небудзь недахопы, асаблівасці, якія мы павінны ўлічыць пасля выбараў у будучым», — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Другой тэмай для размовы стала дзейнасць экспертнага савета, які створана пры Савеце Рэспублікі для ўсебаковага разгляду праектаў важнейшых нарматыўных прававых актаў і ацэнкі наступстваў іх прыняцця. Размова ішла таксама і пра экспертна-кансультатыўны савет, які разглядае актуальныя аспекты развіцця заканадаўства і выпрацоўвае прапановы па яго далейшым удасканаленні.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ходам работы абедзвюх гэтых структур, іх пазітыўным і, магчыма, негатыўным вопытам: «Што тут у нас дрэнна? Ці не стаў гэты экспертны савет прыдаткам якога-небудзь чыноўніцкага (дзяржоргана. — Заўвага БЕЛТА) — урадавага, іншага?»
«Мы дамаўляліся аб тым, што гэта будзе сур’ёзны фільтр з экспертаў па дакументах, якія ўносяцца на разгляд Прэзідэнта. Гэта вельмі важна – каб не разбалансаваць сістэму. Таму я думаў, што гэты савет лішнім не будзе. І бюракратыі там празмернай таксама не павінна быць. Вось гэтага ні ў якім разе нельга дапусціць», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Абмяркоўвалася на сустрэчы таксама работа Савета Рэспублікі з мясцовымі саветамі дэпутатаў. «Мы дамаўляліся аб тым, што Савет Рэспублікі возьме пад свой патранаж мясцовыя саветы. Гэта ўвогуле зона вашай адказнасці, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Таму што лепш, чым вы, Савет Рэспублікі, (ніхто. – Заўвага БЕЛТА) гэту работу не зробіць. Як тут ідуць справы? Што трэба зрабіць у будучым?» – спытаў Прэзідэнт.
«Вельмі гарачая чацвёртая тэма – гэта выбары, – прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. – Я прасіў бы вас перш за ўсё, Адміністрацыю Прэзідэнта, калі трэба, парламент (ніжнюю палату) падключыцца да правядзення гэтых выбараў. Тым больш вы – упаўнаважаны па Мінску».
«Мінск заўсёды ў нас вызначаўся нейкай асаблівасцю. Як тут ідуць справы?» – спытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што даўно ішла размова аб тым, што трэба паглядзець, наколькі гатовы да правядзення маючых адбыцца выбараў усе органы ўлады, і пры неабходнасці аказаць садзейнічанне Цэнтральнай выбарчай камісіі. «Трэба ЦВК дапамагчы. Таму што ў нас няма такіх створаных бюракратычных сістэм, адміністрацыйных, якія займаліся б выбарамі, акрамя Цэнтральнай выбарчай камісіі. Астатнія, так сказаць, на аматарскіх пачатках, — растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. — Таму гэта пытанне трэба трымаць на кантролі, вопыт у вас ёсць».
Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў тэме работы з людзьмі. Паводле інфармацыі Савета Рэспублікі, у сесіённы перыяд сенатары правялі звыш 200 прамых тэлефонных ліній, 36 асабістых прыёмаў грамадзян, амаль палова з якіх былі выязнымі, разгледзелі каля 6 тыс. зваротаў.
«Магу толькі падзякаваць усім сенатарам за тое, што, як ніякая іншая структура, вы сур’ёзна паставіліся да гэтага пытання (арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. – Заўвага БЕЛТА). Людзі гэта вельмі цэняць, людзі хочуць бачыць уладу, людзі хочуць пагаварыць з прадстаўнікамі улады. Вы гэта нядрэнна рабілі», – падкрэсліў беларускі лідар.