Среда, 21 февраля 2024

ЗАГС запрасіў навучэнцаў каледжа на мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю з дня ўтварэння органаў запісаў актаў грамадзянскага стану

395

2022 год, абвешчаны Годам гістарычнай памяці, мае яшчэ адну адметнасць: сёлета, у снежні, споўніцца 105 гадоў з дня ўтварэння органаў ЗАГС. З гэтай нагоды пружанскі аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану райвыканкама распачаў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных значнай падзеі.

Днямі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама прайшло мерапрыемства, наладжанае сумесна з аграрна-тэхнічным каледжам, на якое таксама былі запрошаны настаяцель храма іконы Багародзіцы «Неспадзяваная Радасць» в.Новыя Засімавічы айцец Сергій Сысаляцін і вакальны гурт «Амафор» Навазасімавіцкага СДК.

Начальнік аддзела Наталля Цібароўская коратка распавяла прысутным пра гісторыю стварэння органаў ЗАГС і сучасныя аспекты дзейнасці падначаленай ёй установы. Маладых людзей зацікавіў той факт, што раней інфармацыя пра нараджэнні, шлюбы і смерці была ў царкоўным ведамстве. І толькі ў 1917 годзе, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, з прыняццем Дэкрэта «Аб грамадзянскім шлюбе, дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану», з’явіліся свецкія органы ЗАГС.

У сучаснай Беларусі, у тым ліку і на Пружаншчыне, рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану праводзіцца органамі ЗАГС, а таксама сельскімі выканаўчымі камітэтамі. ЗАГС ажыццяўляе ажно 15 асноўных адміністрацыйных працэдур, пачынаючы ад рэгістрацыі нараджэння чалавека і заканчваючы выдачай даведак аб смерці грамадзяніна. Сёння па актавым запісе можна даведацца практычна ўсю біяграфію чалавека.

— Запісы актаў захоўваюцца ў аддзеле ЗАГС 75 гадоў, а потым здаюцца ў Нацыянальны гістарычны архіў г. Гродна. Да мая 2015 г. у нас захоўваліся нават метрычныя кнігі, якія вяліся царквой з 1895 года, потым мы іх здалі ў архіў, — зазначыла Наталля Цібароўская і для параўнання прадэманстравала гасцям кнігі запісаў грамадзянскіх актаў 1940-х і пачатку 2000-х гадоў.

Айцец Сергій адзначыў, што галоўнае майскае свята — Дзень Перамогі, заўсёды прыпадае на велікодны перыяд.

— Гэта вельмі сімвалічна! Перамога 1945 года супадае са святкаваннем сусветнай перамогі Дабра над злом, Жыцця над смерцю.

Навучэнцы пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа паслухалі спевы «Амафора» і выступілі самі. Юнакі і дзяўчаты нагадалі пра страты, якія панесла наша краіна падчас Вялікай Айчыннай вайны. Выступленні чаргаваліся з чытаннем вершаў і выкананнем пад гітару песняў на ваенную тэматыку.

Алеся Смайлік. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283996302