Воскресенье, 20 апреля 2025

ЗАГС расчыніў дзверы

729

Урачыстае адкрыццё аддзела ЗАГС райвыканкама пасля капітальнага рамонту адбылося ў мінулую пятніцу.
Як расказала начальнік аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская, проста рамонтам не абышлося — была праведзена яшчэ і частковая рэканструкцыя памяшканняў будынка. «Цяпер тут зручна і ўтульна як работнікам установы, так і яе наведвальнікам, — запэўніла Наталля Радзівонаўна. — Згодна з праектам, зроблена перапланіроўка, з’явіўся санвузел для кліентаў, прыбудаваны тамбур». На выкананне работ, падрадчыкам якіх выступіла ПМК-22, сродкі былі выдзелены з раённага бюджэту.


У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел ганаровыя госці, сярод якіх — начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Каліноўскі і старшыня райвыканкама Міхаіл Крэйдзіч.
Грандыёзнай для жыцця рэгіёна назваў гэтую падзею С.А.Каліноўскі. Рамонт установы яму бачыцца быццам другой яе маладосцю. «Абнаўленне такое невыпадковае: дзяржава ўкладае ў гэта значны сацыяльны сэнс, таму што ЗАГС выконвае шмат функцый і рэгіструе важныя запісы. Гэта ўстанова, дзе захоўваецца самая важная частка гісторыі чалавека — ад нараджэння і на працягу ўсяго жыцця», — падкрэсліў Сяргей Аляксеевіч у сваёй прамове. Ён выказаў словы падзякі ўсім, хто меў дачыненне да гэтай справы: выканаўчай уладзе, якая пасадзейнічала абнаўленню будынка, інжынерам і будаўнікам, што выконвалі работы.
Ад раённай улады калектыў ЗАГСа атрымаў не толькі шчырыя пажаданні, але і каштоўны падарунак: старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч уручыў сертыфікат на набыццё акустычнай сістэмы.
Начальнік ПМК-22 Іван Нінічук запэўніў, што будаўнікі стараліся, каб ЗАГС быў як утульны ўнутры, так і прыгожы звонку. Ён пажадаў, каб людзі прыходзілі сюды як мага часцей, і менавіта з добрай нагоды.
Ганаровым гасцям было дадзена права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку.
У гэты ж дзень тут быў зарэгістраваны шлюб. Першымі, хто пераступіў парог установы, сталі Алена Кочанава і Яраслаў Венска. Акрамя родных і сяброў, сведкамі іх урачыстасці сталі і ганаровыя госці. «Вельмі прыемна, што менавіта мне перадалі права ўручыць пасведчанне аб заключэнні шлюбу маладым, якія першымі зарэгістравалі свае адносіны ў абноўленым ЗАГСе», — зазначыў Сяргей Аляксеевіч Каліноўскі, кажучы словы на добры сямейны шлях жаніху і нявесце. Між іншым, віншаванні, кветкі і падарункі ў гэты дзень маладыя прымалі і ад калег: раздзяліць радасць з маладымі прыйшоў А.П.Жук, намеснік дырэктара ДУВП «Пружанскае ПМС» — прадпрыемства, дзе працуе Яраслаў.

Аддзел ЗАГС райвыканкама прапісаўся ў будынку №15 па вуліцы Шырмы ў 1976 годзе. Як памяняўся ЗАГС, якія камфортныя ўмовы тут створаны для давання грамадзянам якасных паслуг па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, не заўважыць немагчыма. Выкананы рамонт залы для ўрачыстых цырымоній, рабочых кабінетаў, архіўнага памяшкання, калідораў, санвузлоў… На падлозе заменена плітка, сцены аздоблены дэкаратыўнай тынкоўкай, закуплена новая мэбля. Для зручнасці наведвальнікаў з’явілася асобнае памяшканне, дзе яны могуць знайсці неабходную інфармацыю на стэндах.
Партрэты, якія з’явіліся на фасадзе будынка ў 2003 годзе, пакуль засталіся некранутымі. Іх плануецца абнавіць пазней.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).