Людзі, якія перахварэлі на COVID-19, часта скардзяцца на непрыемныя адчуванні пасля выздараўлення: задышку, моцную слабасць, парушэнні сардэчнага рытму, болі неўралагічнага характару і інш. Каранавірусная інфекцыя, сапраўды, патрабуе даволі працяглай рэабілітацыі. Якой яна павінна быць, мы высвятляем з загадчыцай паліклінікі Пружанскай ЦРБ Вольгай Барысюк.
Колькі спатрэбіцца часу на аднаўленне пасля хваробы?
Час рэабілітацыі залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад наяўнасці ў пацыента хранічных захворванняў.
Пры лёгкім цячэнні захворвання (агульнае недамаганне, адсутнасць апетыту, нязначнае паніжэнне або павышэнне да 37,5 тэмпературы, страта нюху і смаку, пяршэнне ў горле) пацыент пачынае прыходзіць у норму ўжо праз 1-2 тыдні пасля выздараўлення.
Пры сярэдняй цяжкасці (тэмпература да 39 градусаў, задышка, лячэнне на амбулаторным этапе) поўнае аднаўленне магчыма не раней як праз 2-3 тыдні.
Пасля цяжкай формы хваробы (парушэнне дыхальнай функцыі, курс лячэння ў стацыянарным аддзяленні, зніжэнне сатурацыі) на поўнае аднаўленне можа спатрэбіцца ад трох да шасці месяцаў, а то і больш.
У залежнасці ад стадыі перанесенага захворвання і паражэння той ці іншай сістэмы органаў, прызначаецца індывідуальны курс рэабілітацыі для хатняга аднаўлення ці пад наглядам урача-рэабілітолага.
Аднаўленне органаў дыхання
Пнеўманія, ускладненая Covid-19, рэдка праходзіць зусім без наступстваў. Нават пры атрыманні адмоўнага тэсту пасля лячэння часта застаецца задышка. Прычына — фіброз, калі пашкоджаныя ўчасткі лёгкага не могуць функцыянаваць у поўную сілу, таму даводзіцца дыхаць часцей. Аднаўленне лёгачнай функцыі можна пачаць ужо падчас пнеўманіі.
Што мы рэкамендуем?
* Прытрымлівацца такога становішча цела, пры якім лёгкія максімальна раскрываюцца (сядзець, ляжаць на жываце). Для хуткай ачысткі лёгкіх ад макроты рабіць вібрацыйны масаж.
* Выконваць ранішнюю і дыхальную гімнастыку – комплексы статычных і дынамічных практыкаванняў, якія паляпшаюць рухомасць грудной клеткі, спрыяюць расцяжэнню плеўральных спаек і трэніруюць каардынацыю.
* Больш гуляць на свежым паветры і даваць сабе ўмераныя фізічныя нагрузкі, напрыклад, дазаваную лячэбную хадзьбу з індывідуальна падабраным тэмпам.
* Правільна харчавацца, больш піць вадкасці і ўжываць вітаміны.
* Мы робім фізіятэрапію (інгаляцыі, магнітатэрапію, электрафарэз і інш.) у аддзяленні паліклінікі, дзе працуе ўрач-фізіятэрапеўт.
Аднаўленне голасу і глытальнай функцыі
Ад непрыемнага адчування ў горле дапаможа пазбавіцца паласканне настоем з кветак ліпы, рамонку ці календулы. Важна не перагружаць галасавыя звязкі ў першыя два тыдні пасля выздараўлення!
Таксама настойліва рэкамендуем пры харчаванні паступова пераходзіць на прадукты з цвёрдай кансістэнцыяй, падчас прыёму ежы павольна глытаць, а пасля ежы некаторы час захоўваць вертыкальнае палажэнне.
Для максімальна хуткага аднаўлення горла і звязак вельмі важна падтрымліваць правільны мікраклімат — вільготнасць паветра ў памяшканні не менш за 40-50% і тэмпература не вышэй за 20 градусаў.
Аднаўленне работы сэрца
Ускладненні на сэрцы пры каранавірусе сустракаюцца даволі часта. Звычайна пасля 2-3 тыдняў хваробы ўзнікаюць такія сімптомы, як парушэнне сардэчнага рытму, адчуванне пачуцця цяжару ў грудной клетцы і недахоп паветра.
У гэтым выпадку рэкамендуем неадкладна звярнуцца да кардыёлага, здаць аналізы крыві, кардыяграму, зрабіць УГД.
Зыходзячы з вынікаў абследавання, урач прызначыць медыкаментознае лячэнне, параіць дыету і правільны рэжым фізічнай актыўнасці.
Ментальныя праблемы
Пры захворванні на карана-вірус часам з’яўляюцца такія сімптомы, як празмернае пераўзбуджэнне, трывога, бяссоніца ці, наадварот, прыгнечаны стан. Што нядзіўна, бо чалавек пры Covid-19 падвяргаецца моцнаму стрэсу. Страх перад невядомай інфекцыяй, сацыяльная ізаляцыя падчас лячэння, дэпрэсія — такія фактары могуць выклікаць псіхалагічныя засмучэнні, справіцца з якімі дапаможа толькі спецыяліст. Таму раім своечасова звярнуцца да неўролага ці псіхолага.
У Брэсцкай вобласці ў 13 установах, у тым ліку санаторыях «Ружанскі», «Ясельда», «Белая Вежа» дзейнічае рэабілітацыйная праграма для пацыентаў, якія перанеслі кавід.
Большасць устаноў знаходзяцца ў лясных масівах, што вельмі важна для рэабілітацыі пасля перанесенага каранавіруса. Клімат лесу ўзмацняе супрацьзапаленчы, антыбактэрыяльны і супрацьвірусны эфект.
Аздараўленне ўключае ў сябе набор працэдур, якія ўма-цоўваюць і аднаўляюць функцыі арганізма. Ужываюцца, напрыклад, азонатэрапія, якая насычае кіслародам лёгкія, розныя віды масажу і дыхальнай гімнастыкі, сухія вуглякіслыя ванны, магнітатэрапія, святлолячэнне і нават гірудатэрапія (лячэнне з дапамогай п’явак, якія выпрацоўваюць адмысловае рэчыва, што перашкаджае згортванню крыві).
Акрамя таго, у санаторыях праводзяцца групавыя і індывідуальныя заняткі з псіхолагам.
На сённяшні дзень у раёне ад каранавіруснай інфекцыі прышчэплена 34,5% насельніцтва.
Падрыхтавала Алена Зялевіч