Воскресенье, 14 июля 2024

Загадчыца неўралагічнага аддзялення Жанна Мікалаеўна Ромаш: «Урачы павінны быць спагадлівымі і цярплівымі да хворых»

1 016

Неўралагічнае аддзяленне пры Пружанскай бальніцы было створана ў 1979 годзе. Шмат гадоў яно размяшчалася ў даваеннай пабудове, якая, да таго ж, знаходзілася на адлегласці каля 400 метраў ад асноўнага будынка. І вось ужо без малога чатыры гады як аддзяленне пераехала ў новы корпус, дзе створаны палепшаныя ўмовы для знаходжання і лячэння хворых, а таксама работы медперсаналу.

На здымку: рабочыя моманты абмяркоўваюць загадчыца аддзялення Ж.М.Ромаш, старшая медсястра Г.В.Архуцік і паставая медсястра С.В.Якутовіч.

— Сёння ў аддзяленні налічваецца 40 ложкаў, з якіх 15 выдзелены для лячэння пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту, — гаворыць загадчыца неўралагічнага аддзялення Жанна Мікалаеўна Ромаш. — Калі гаварыць у цэлым, то нашы пацыенты — гэта людзі з праблемамі апорна-рухальнага апарату, сасудзістымі і дэгенератыўнымі захворваннямі нервовай сістэмы, неўралагічнымі праявамі астэахандрозу, радыкулапатыямі, іншымі паталогіямі.

Пружанскія неўролагі актыўна прымяняюць не толькі медыкаментознае лячэнне пацыентаў: пару гадоў таму на базе аддзялення за кошт гранта, атрыманага ў рамках праекта ЕС/ПРААН, быў адкрыты кабінет ЛФК, аснашчаны сучаснымі трэнажорамі і абсталяваннем.

Да слова, Жанна Мікалаеўна ўзначальвае аддзяленне з 2006 года. Прызнаецца, што з дзяцінства была пераканана: яе прызванне — дапамагаць людзям. І для сябе абрала менавіта такі спосаб рабіць гэта. Загадчыца ніколькі не прымяншае і заслуг калектыву аддзялення ў гэтай высакароднай місіі.

— У аддзяленні налічваецца амаль 30 чалавек, у тым ліку тры ўрачы-неўролагі: гэта і вопытныя медыкі, са стажам, і маладыя спецыялісты. Але аднаго толькі нашага вопыту і прафесіяналізму нашым пацыентам недастаткова: аднавіцца пасля цяжкага захворвання не заўсёды магчыма цалкам. А для інсультных хворых, напрыклад, патрэбны не толькі час, але і жаданне самога пацыента. Тым не менш, гэта не павінна пазбаўляць нас, медработнікаў, уважлівасці, спагадлівасці, а часам і цярплівасці да людзей, якія трапілі ў наша аддзяленне.

Марына Вакульская.
Фота Кацярыны Масік