Понедельник, 21 апреля 2025

«ЗАчётный разговор» упершыню прайшоў у Пружанах (+ фота)

369

На мінулым тыдні ўпершыню ў Пружанах адбыўся «ЗАчётный разговор». Гэта новы праект «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі», разлічаны на тое, каб пачуць кожнага прадстаўніка маладога пакалення і даць зразумець усім: меркаванне маладых сапраўды важнае.

Чым жа «ЗАчётный разговор» адрозніваецца ад звычайнай дыялогавай пляцоўкі? Пра гэта нам у інтэрв’ю расказала другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Лізавета Чамармазовіч. Па яе словах, калі дыялогавая пляцоўка — больш афіцыйнае мерапрыемства, то новы праект закліканы стварыць атмасферу нефармальнасці падчас размовы. А толькі такім чынам, упэўнена Лізавета Дзмітрыеўна, можна пачуць самыя хвалюючыя пытанні ад прадстаўнікоў маладога пакалення.

Нягледзячы на нефармальны характар сустрэчы, тэма для абмеркавання была абрана сур’ёзная — Адзіны дзень галасавання і выбары-2024, якія сёння, у аўторак, ужо фактычна пачаліся з датэрміновага галасавання. Усе нюансы электаральнай кампаніі ўдзельнікам мерапрыемства — навучэнцам Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа — патлумачыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік.

Сваю ўвагу Аляксандр Канстанцінавіч акцэнтаваў на тым, што падчас Адзінага дня галасавання мы будзем выбіраць прадстаўнікоў заканадаўчай улады. Нагадаў спікер пра час і даты галасавання, колькасць бюлетэняў, якія выбаршчык атрымлівае ў гора-дзе і сельскай мясцовасці, тайну галасавання і забарону фатаграфаваць бюлетэнь, дакументы, якімі можна пацвердзіць асобу, прыйшоўшы на ўчастак для галасавання.

Моладзь пацікавілася зарплатай дэпутатаў. Даў адказ Аляксандр Момлік і на гэтае пытанне і нагадаў, што дэпутаты сельскіх, раённых і абласных Саветаў заработнай платы не атрымліваюць. Яны працуюць таму, што хочуць прынесці карысць людзям. Такая ж місія і ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але гэта ўжо — паўнацэнная работа, у тым ліку і заканатворчая. Прагучала з залы і пытанне пра тое, як можна стаць кандыдатам у дэпутаты. Падчас «ЗАчётного разговора» дадзены адказ і на яго.

— Важна прыйсці на ўчастак і прагаласаваць 25 лютага. Бліжэйшыя 5 гадоў будуць аднымі з самых цікавых у вашым жыцці, і як мы будзем жыць гэтыя 5 гадоў, шмат у чым залежыць і ад вашага выбару. Дэпутаты, якім мы акажам давер, будуць клапаціцца пра вырашэнне надзённых праблем і задач, разбірацца з тым, што хвалюе менавіта вас, і кожны пасля зможа звярнуцца да свайго дэпутата. Напрыклад, праз асабісты прыём ці «прамую тэлефонную лінію», — падкрэсліў Аляксандр Момлік.

Лізавета Чамармазовіч расказала пра грамадскія аб’яднанні краіны, асноўныя накірункі дзейнасці «БРСМ». Сярод іх асаблівае месца займае грамадзянска-патрыятычны. Адкрыццё таблічкі з QR-кодам у скверы памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Пружанах у рамках праекта «Лічбавая зорка» — прыклад такой работы. Лізавета Дзмітрыеўна гаварыла і пра валанцёрскі накірунак, які моладзь раёна рэалізуе, да прыкладу, праз удзел у акцыях па дапамозе ў расчыстцы снегу. Прапаганда здаровага ладу жыцця, па словах Лізаветы, рэалізуецца праз розныя турніры. Так з нядаўняга часу «БРСМ» праводзіць турнір па кіберспорце, удзельнічаць у ім другі сакратар абкама запрасіла і навучэнцаў каледжа. Чуюць у аб’яднанні і ідэі ад маладых людзей. Толькі летась падчас розных сустрэч чатыры такія прапановы, сказаў Аляксандр Момлік, атрымалі фінансаванне і былі ўвасоблены ў жыццё. Адна з іх — гэта новая скейт-пляцоўка, якая цяпер ёсць у Пружанах.

Запрасіла Лізавета Чамармазовіч маладых людзей стаць удзельнікамі студэнцкіх атрадаў, а першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук падрабязна спынілася на гэтым пытанні. Яна ж расказала, як да студатрадаўскага руху могуць далучыцца навучэнцы каледжа, у які час, якіх арганізацыях і што гэта дае моладзі.

У будучым, запэўнілі ў «БРСМ», фармат «ЗАчётного разговора» ў Пружанах і Пружанскім раёне будзе працягнуты. Усё для таго, каб да абмеркавання актуальных і хвалюючых тэм магла падключыцца яшчэ большая колькасць хлопцаў і дзяўчат.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота аўтара

Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_301587748 і https://ok.ru/budni/album/975247354248