Понедельник, 16 сентября 2024

За сродкі рэспубліканскага суботніка добраўпарадкаваны вайсковыя могілкі каля Слабудкі

350

На старонках «Раённых будняў» неаднаразова публікаваліся справаздачы аб расходаванні добраахвотных ахвяраванняў, сабраных падчас правядзення рэспубліканскіх суботнікаў. Добрых спраў было зроблена нямала, асаблівая ўвага надавалася добраўпарадкаванню месцаў масавага адпачынку, а таксама ваенных помнікаў і брацкіх пахаванняў.

Як расказаў начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, за кошт сабраных сродкаў сёлета былі прафінансаваны ачыстка рэчышча канала і вадаёма ў гарадскім парку, набыццё дэзынфекцыйных і мыйных сродкаў для аздараўленчага лагера «Дубок». У парадак былі прыведзены пахаванні чырвонаармейцаў і мірных пружанцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднаўленчыя работы прайшлі на мемарыялах, што знаходзяцца на гарадскіх могілках, у аг. Вялікае Сяло, на могілках у в.Аранчыцы, у г.п.Ружаны. Выкананы бягучы рамонт капліцы на месцы бітвы 1812 года каля в.Паддубна. Таксама рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на аднаўленне памятнага знака савецкім лётчыкам у райцэнтры.

Але найбольш маштабныя аднаўленчыя работы прайшлі на вайсковым пахаванні каля в.Слабудка. Нягледзячы на тое, што гэтыя могілкі лічыліся закрытымі з сярэдзіны мінулага стагоддзя, было прынята рашэнне праводзіць там перапахаванні астанкаў чырвонаармейцаў, якія былі знойдзены на тэрыторыі раёна падчас правядзення пошукавых работ.

За вайсковымі пахаваннямі сачылі школьнікі Слабудскай СШ, пэўныя грошы на падтрыманне парадку выдзялялі мясцовая сельская ўлада. Некаторыя сумы грошай выдзяляліся і з раённага бюджэту на правядзенне бягучага рамонту. Але патрэбна было больш маштабнае ўмяшальніцтва. Змяніць сітуацыю карэнным чынам дапамаглі добраахвотныя ахвяраванні, сабраныя падчас папярэдняга суботніку. З акумуляваных грошай на мэты аднаўлення брацкага пахавання было выдзелена 20 тысяч рублёў, дзякуючы чаму ўдалося кардынальна змяніць аблічча мемарыялу.

Як расказвае намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, па-першае, было высечана амаль паўсотні дрэў, якія літаральна закрылі ўсю тэрыторыю пахавання, а таксама кустоўе, што разраслося па перыметры агароджы. Дарэчы, стан апошняй таксама выклікаў нараканне, таму былі прафінансаваны і работы па яе аднаўленні. У выніку, брацкае пахаванне набыло велічны выгляд, тэрыторыя яго пазначана новай бетоннай агароджай, заменена ўваходная брама. Побач з ёю ўстаноўлена шыльда з гісторыяй мемарыялу.

Не менш важна і тое, што зроблены надмагільны помнік на мінулагоднім перапахаванні астанкаў чырвонаармейцаў, што былі знойдзены на тэрыторыі Пружаншчыны падчас пошукавых раскопак.

У правядзенні работ на гэтым пахаванні, а таксама на іншых месцах ваеннай славы, што былі адноўлены ў бягучым годзе, прымалі ўдзел работнікі камбіната бытавога абслугоўвання, лясгаса, камунальнай службы, аддзела культуры райвыканкама, а таксама школьнікі і педагогі Слабудскай СШ.

Безумоўна, такія пачэсныя справы нараджаюць толькі гонар за тое, што памяць гісторыі не скончыцца на гэтым пакаленні. Што і аб’ядноўвае нас разам, нягледзячы на тое, ці працаваў ты на добраўпарадкаванні, ці проста дапамог яго правядзенню, ахвяруючы некалькі рублёў на добрую справу.

На здымках: на брацкім пахаванні каля в. Слабудка.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік