Нездарма яшчэ Платон зазначыў, што дзяржава з дрэннымі законамі намнога лепш, чым дзяржава без законаў. Менавіта на дакладна пабудаваных правілах можа не толькі існаваць, але і развівацца грамадства. У тым ліку і Рэспубліка Беларусь, для сацыяльнага і эканамічнага росту якой распрацавана шматграннае заканадаўства.
Як правільна карыстацца сваімі правамі, у вырашэнні якіх задач прымяняюцца тыя ці іншыя нормы, што даецца ў якасці сродку абароны?

На гэтыя і многія іншыя пытанні адказваюць менавіта юрысты, без якіх зараз не можа паспяхова дзейнічаць ні адзін дзяржаўны інстытут. Як, напрыклад, служба судовых выканаўцаў, супрацоўнікі якой, як зазначае начальнік райаддзела прымусовага выканання Міхаіл Крупень, сочаць за правільнасцю і своечасовасцю рэалізацыі прыгавораў суда.
Так склалася, што літаральна напярэдадні сёлетняга Дня юрыста Міхаіл Вацлававіч адзначыў 30-гадовы юбілей сваёй прафесійнай дзейнасці. Два гады ён узначальвае пружанскі аддзел, таму дасканала ведае асаблівасці службы судовых выканаўцаў. З улікам вопыту не толькі кіруе, а нярэдка выступае і настаўнікам для маладых супрацоўнікаў. Напрыклад, нядаўна штат АПВ папоўнілі маладыя судовыя выканаўцы — Вікторыя Міхальчук і Алеся Карніенка. Як зазначае Алеся Ігараўна, служба судовых выканаўцаў даволі цікавая, не прадугледжвае руціны і патрабуе ад супрацоўнікаў нестандартнага мыслення, умення рэагаваць на розныя сітуацыі і шукаць вырашэння. Год назад яна атрымала дыплом юрыста ў Брэсцкім дзяржаўным ўніверсітэце імя А.С.Пушкіна і адразу прыйшла ў АПВ. Выдатную падтрымку маладой супрацоўніцы, як і іншым калегам-навічкам, аказаў Міхаіл Крупень. Дзякуючы чаму ўдалося належным чынам засвоіць гэту «навуку» не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара
