Воскресенье, 20 апреля 2025

За паказчыкамі бачыць людзей. Прафсаюзы праводзілі маніторынг работы сельгаспрадпрыемстваў

691

Уборачная кампанія — вельмі напружаны перыяд. Для максімальна аператыўнага збору ўраджаю з палеткаў сельгаспрадпрыемствы задзейнічаюць усе сілы і сродкі. Тым не менш, у любых, нават аўральных сітуацыях важна паклапаціцца пра работнікаў, забяспечыць належныя ўмовы працы, а таксама бяспеку на вытворчасці. На жаль, здараецца, што гэтаму пытанню з-за вялікай загружанасці ў арганізацыях надаецца менш увагі. Каб выключыць сітуацыі, якія могуць прывесці да няшчасных выпадкаў, прафсаюзы рэспублікі праводзяць маніторынг работы сельгаспрадпрыемстваў.
Інспектарскія праверкі праводзяцца і на Брэстчыне, у прыватнасці, на Пружаншчыне. На працягу некалькіх дзён тэхнічны інспектар працы брэсцкага прафсаюза Белэнергапалівагаз І.А.Цімашчук разам са старшынёй раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Т.Ю.Гаманчук і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Д.У.Чайкоўскім наведалі ўсе сельгаставарыствы раёна.


Як расказваюць члены рэйдавай брыгады, асноўная ўвага надавалася арганізацыі харчавання работнікаў, якія задзейнічаны на жніве, забеспячэнню іх пітной вадой, а таксама стварэнню элементарных санітарна-бытавых зручнасцей. Праверкі тычыліся і тэхнічнага боку ўборачнай кампаніі, пачынаючы ад стану тэхнікі і заканчваючы дакументальнай падрыхтоўкай адказных службаў. Паралельна маніторылася ўладкаванне мехдвароў, стаянкі машынна-трактарнага парка і правядзенне рамонтных работ з захаваннем тэхнікі бяспекі.
— Сярод правераных арганізацый вышэйшую адзнаку я паставіў бы ААТ «Мурава»,— зазначае Ігар Аляксеевіч.— У гэтай гаспадарцы самы лепшы ўзровень падрыхтаванасці да выпрабавання жнівом. Сур’ёзна ставяцца там і да пытанняў аховы працы. Нямала станоўчых прыкладаў і ў іншых сельгаставарыствах, але ёсць і шэраг негатыўных момантаў.


Зразумела, што некаторыя аспекты, на якія звярталі ўвагу інспектары, выкараніць умомант складана. Але былі выяўлены і вельмі недарэчныя недахопы: напрыклад, калі работнікам увогуле няма дзе памыцца пасля работы. Недзе не падзелены ўваходныя патокі, калі і людзі, і тэхніка трапляюць на тэрыторыю вытворчага аб’екта праз адны вароты. Знаходзіліся і іншыя парушэнні заканадаўства аб ахове працы, некаторыя з якіх існуюць не адзін год. Тым не менш, падобных адмоўных момантаў на Пружаншчыне аказалася не так многа, у дадатак адказныя спецыялісты адэкватна ўспрымалі крытычныя заўвагі і аператыўна прыступалі да ліквідацыі хібаў. Падчас маніторынгу адзначана было і тое, што сітуацыя з аховай працы і стварэннем належных умоў у гаспадарках раёна штогод змяняецца ў лепшы бок. У якасці такога прыкладу можна прывесці сёлетнюю арганізацыю харчавання камбайнераў у ААТ «Велікасельскае Агра», дзе нават пра свежыя вітаміны ў рацыёне паклапаціліся.
Па выніках маніторынгу брэсцкім інспектарам будуць складзены рэкамендацыі для кіраўнікоў наведаных арганізацый. Кожны наймальнік разам з прафсаюзам павінен разгледзець заўвагі і прыняць меры да выкаранення недахопаў. Яго дзеянні праз месяц будуць ацэнены ў выглядзе справаздачы аб выкананым.
Алег Сідарэнка.
Фота аўтара.