Жывёлаводчая галіна з’яўляецца адной з вядучых у Пружанскім раёне. Зразумела, што, каб развіваць яе, патрэбны веды і жаданне. Нашы жывёлаводы не баяцца асвойваць новыя тэхналогіі, вучыцца і стараюцца, як кажуць, трымаць марку. Усё таму, што выдатна разумеюць: якаснае пагалоўе – аснова дастатку мясной і малочнай прадукцыі ў нашых магазінах і на сталах спажыўцоў.
Нядаўна ў Івацэвіцкім раёне прайшоў абласны семінар-конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні сельгасжывёлы, узнаўленні статка і племянной рабоце. Жывёлаводаў рэгіёна такое мерапрыемства сабрала ў 22-гі раз.
Конкурсную камісію ўзначаліла намеснік гендырэктара РСУП «Брэстмясаплемпрадпрыемства» Ірына Майсакова. Старшыня журы падкрэсліла, што важнейшымі крытэрыямі для ацэнкі ўдзельнікаў стаў іх вопыт, прафесіяналізм, вынікі працы, наватарства, перадавы падыход і, вядома, асабісты ўнёсак у работу.
Падчас семінара жывёлаводаў чакала тэарэтычнае выпрабаванне – блок з 25-ці пытанняў. А пакуль камісія, у якую, акрамя спецыялістаў «Брэстмясаплемпрадпрыемства», увайшлі прадстаўнікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, падводзіла вынікі, для канкурсантаў правялі цікавую экскурсію. Яны пабывалі ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына», а таксама ў доме-музеі Т.Касцюшкі ў Косаве і палацы роду Пуслоўскіх.
У апошнім і прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Яна была асабліва прыемнай для пружанцаў. Усё таму, што з конкурсу яны прывезлі чатыры дыпломы.
Дыпломам трэцяй ступені сярод аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы была ўзнагароджана Ніна Касюк з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».
Для асемянатара, якая працуе ў гэтай гаспадарцы вось ужо 15 гадоў і ў мінулым годзе абслугоўвала 950 галоў, гэтая ўзнагарода вельмі значная, хаця далёка не першая. Летась падчас ушанавання работнікаў сельскай гаспадаркі з нагоды іх прафесійнага свята Ніна Уладзіміраўна атрымала Падзячны ліст Брэсцкага аблвыканкама. А гэтай вясной работніцы «Пружанскага райаграсэрвісу» ўручылі ўзнагароду штогадовага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі за 2020 год. Менавіта Ніна Уладзіміраўна прызнана лепшым у раёне аператарам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы па выніках мінулага года.
Узнагароду атрымала і звяно па штучным асемяненні сельгасжывёл. Дыплом другой ступені з конкурсу прывезлі тэхнік па штучным асемяненні Аляксандр Аляксандравіч Клімашэвіч, заатэхнік-селекцыянер Алена Васільеўна Янучок і ўрач-гінеколаг Аляксандр Леанідавіч Белавус з ААТ «Жураўлінае». Калі Аляксандр Леанідавіч і Алена Васільеўна працуюць у сельгаставарыстве амаль 10 гадоў, то Аляксандр Аляксандравіч – больш за 30! Шчыравала звяно летась на МТК «Клепачы». Як расказаў вядучы заатэхнік-жывёлавод Алег Пятровіч Мажэйка, магутнасці комплексу дазваляюць утрымліваць на ім 2200 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак зараз налічвае 950 галоў, у сярэднім ад адной каровы штодзень атрымліваюць па 20 кг малака. Каб палепшыць паказчыкі, і працуюць асемянатары. Напрыклад, летась менавіта ў гэтага звяна выхад цялят на 100 галоў склаў 92, што на 5 больш, чым у 2019-ым. Узрос паказчык захавання цялушак. І самае галоўнае — вырас надой на карову. Праўда, «трыа» асемянатараў цяпер распалася: урач-гінеколаг перайшоў на іншы комплекс. Тым не менш, тэхнік па асемяненні і селекцыянер працягваюць працаваць у адной звязцы. І ўсіх трох кіраўніцтва гаспадаркі хваліць.
Але гэта яшчэ не ўсе ўзнагароды «Жураўлінага». Дыплом першай ступені ў намінацыі «Лепшы заатэхнік-селекцыянер па свінаводстве» атрымала Ларыса Тадзіміраўна Вакула. На рэпрадуктары ў «Жураўліным» жанчына працуе з 2014 года. Займае пасаду тэхніка па племянной справе. У гаспадарцы работ-ніцу хваляць і цэняць як граматнага спецыяліста. А яшчэ яна шматдзетная маці, якая выхоўвае трох сыноў.
Таксама дыпломам першай ступені ўзнагароджаны работнікі ААТ «Велікасельскае Агра»: заатэхнік-селекцыянер Вольга Сцяпанаўна Майстрэнка, ветурач-гінеколаг Алена Сяргееўна Клімянценка і тэхнік-асемянатар Святлана Іванаўна Намазава. Жанчыны перамаглі ў намінацыі «Лепшая гаспадарчая экспертная група па жывёлаводстве». І для таго ёсць падставы. Па выніках 2020-га выхад цялят на 100 галоў у гэтых работніц склаў 83, а сярэднясутачныя прывагі цялушак – 827 грамаў. Леташні надой на карову дасягнуў 8910 кг.
Спадзяёмся, што перамогі стануць выдатнай матывацыяй для ўсіх жывёлаводаў і праз год пружанцы вернуцца з конкурсу з яшчэ большай колькасцю дыпломаў.
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік і са старонкі «Мокровский сельисполком» у «Аднакласніках»