Пятница, 5 декабря 2025

За крадзеж банкаўскай карткі і карыстанне чужымі грашыма ў адносінах да жыхыра раёна ўзбуджана крымінальная справа

455

Цяпер вельмі складана знайсці чалавека, які не карыстаецца банкаўскімі плацежнымі карткамі. Гэта ўжо звыклы спосаб аплаты пакупак і захоўвання грошай. Не здзіўляе і тое, што ў кашальках многіх грамадзян можа быць не адна, а дзве-тры пластыкавыя карткі. Аднак чамусьці некаторыя ставяцца да сваёй маёмасці нядбайна, нібы да кавалка пластыка. Такой акалічнасцю і карыстаюцца рознага кшталту злодзеі.

Амаль штомесяц у дзяжурную часць райаддзела міліцыі паступаюць паведамленні аб знікненні грошай з карт-рахункаў. І далёка не заўсёды прычынай крадзяжу фінансаў становяцца складаныя махлярскія камбінацыі. Часам усё адбываецца па банальнай прычыне: уласнай нядбайнасці.

Напрыклад, па дапамогу да праваахоўнікаў звярнуўся 70-гадовы мясцовы жыхар, які растлумачыў, што невядомы, скарыстаўшыся раней згубленай ім банкаўскай карткай, ажыццяўляў пакупкі ў розных гандлёвых кропках горада, такім чынам з карт-рахунку знікла каля 540 рублёў.

Падчас правядзення аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі ўсе акалічнасці здарэння. Як аказалася, незадоўга да звароту да праваахоўнікаў пенсіянер пазнаёміўся з мужчынам на ганку аднаго з гарадскіх магазінаў. Разгаварыліся пра «цяжкае жыццё» — і вырашылі за гэта выпіць. Купілі спіртное і прадукты, за якія разлічваўся пацярпелы. А потым, пасля «пасядзелак», ён заўважыў страту банкаўскай карткі, але не надаў гэтаму ўвагі, вырашыў заняцца афармленнем яе замены пазней.

Вось толькі не заблакаваным своечасова «пластыкавым кашальком» можа скарыстацца іншы. Так і атрымалася ў рэальнасці.

Праз некаторы час пенсіянер звярнуўся ў банк, дзе яму паведамілі, што з карт-рахунка працягваюць спісвацца грошы, хаця ўладальнік сцвярджаў, што разлічваўся не ён. Па заяве пацярпелага супрацоўнікі міліцыі правялі расследаванне, у рамках якога было ўстаноўлена, што пакупкі ажыццяўляў нідзе не працуючы і раней судзімы 40-гадовы гараджанін. Менавіта той «сябар», з якім пенсіянер ладзіў застолле.

Праваахоўнікам затрыманы патлумачыў, што падчас распіцця алкагольных напояў ён скарыстаўся станам пенсіянера і забраў у яго ўбачаную банкаўскую картку, з дапамогай якой набываў сабе прадукты харчавання і алкаголь. Тым больш, што ў пэўных памерах карткай можна разлічвацца без пін-кода.

Дзеянням фігуранта следчымі дадзена прававая ацэнка, у дачыненні да яго ўзбуджана крымінальнае справа.

Так што памятайце, каб не стаць ахвярай злачынцаў, неабходна выконваць шэраг правілаў:

  • нікому не перадавайце сваю картку і не паведамляйце пін-код;
  • падключыце функцыю SMS-апавяшчэння. Паслуга, якая каштуе два рублі на месяц, дазваляе аператыўна сачыць за расходаваннем фінансаў з карт-рахунку;
  • у выпадку крадзяжу або згубы карткі неадкладна паведаміце пра гэта ў банк, які выпусціў яе, каб заблакаваць картку;
  • не пакідайце картку ў лёгкадаступным месцы.

Па пэўных правілах павінны дзейнічаць і тыя, хто знайшоў чужую плацежную картку.

На адным з бакоў «пластыкавага кашалька» ёсць інфармацыя з нумарамі тэлефонаў кантактнага цэнтра. Варта патэлефанаваць па іх і расказаць пра знаходку. Банк заблакуе картку і паведаміць пра гэта ўладальніку.

Таксама пра такую знаходку варта паведаміць па тэлефоне 102.

Алег Сідарэнка. Фота з адкрытых крыніц