Вторник, 18 февраля 2025

«За» и «против» автотюнинга. Рассуждаем с автолюбителем Андреем Смирновым

1 153

У нашай краіне паняцце аўтацюнінга перайшло з чыста эстэтычнага накірунку ў практычную плоскасць. Як лічыць аўтааматар Андрэй Смірноў, які на працягу многіх гадоў захапляецца такім відам аўтамабільнага мастацтва, так адбылося з-за даволі жорсткіх абмежаванняў, устаноўленых нацыянальным заканадаўствам. У выніку ў нашай краіне забаронены ўсялякія канструктыўныя змяненні, істотна абмежаваны магчымасці па афарбоўцы ці нейкім іншым аздабленні кузава аўто.


— З-за таго, што крыху менш патрабаванняў ды і кантролю за тэхнічнымі змяненнямі, напрыклад, у сістэмах аўтамабіля, у нас паралельна развіваюцца адразу два накірункі цюнінга — вонкавыя змяненні і ўнутраныя,— расказвае жыхар горада.— Напрыклад, знешне можна поўнасцю перарабіць машыну, нават змяніць яе мадэль, але на такіх «колах» можна з’яўляцца толькі на спецыялізаваных фестывалях аматараў аўтацюнінга.

Фестываль у Клепачах. 2016 год.


Пры гэтым варта адзначыць, што падобныя мерапрыемствы — не такая і рэдкасць у нашай краіне, збіраецца там нямала аматараў, некаторыя з якіх выстаўляюць на дэманстрацыю фантастычныя баліды. А вось на дарогу агульнага прызначэння на такой машыне выяз-джаць нельга, бо ніякая станцыя тэхнічнага агляду не дасць на гэта адпаведны дазвол.

Фестываль у Клепачах. 2016 год.


Пераважная большасць, нават і сярод тых, хто не далучае сябе да аматараў аўтацюнінга, уносіць унутраныя змяненні. Адным хочацца дадаць магутнасці рухавіку, іншы працуе з падвескай, колавымі дыскамі, нават выхлапной трубой. Пэўныя абмежаванні ёсць і на такія работы, але пракантраляваць іх складаней. Такі аўтацюнінг можна лічыць «карысным і прыгожым». Па-першае, ўладальнік машыны рэалізуе жаданне зрабіць свайго чатырохколавага «сябра» ўнікальным, непадобным на іншыя аўто. А па-другое, на ім можна ездзіць паўсядзённа, а не трымаць увесь час у гаражы, выязджаючы раз-пораз, толькі каб паказаць знаёмым.

Фестываль у Клепачах. 2016 год.


Наш зямляк паспрабаваў сумясціць абодва накірункі, у выніку і рэалізаваць свае жаданні, і мець магчымасць эксплуатаваць аўто паўсядзённа. Для чаго? На думку Андрэя, каб не быць падобным на іншых:


— Уявіце сабе, што вы кіруеце аўтамабілем, але не тым, які ёсць яшчэ ў некалькіх мільёнаў чалавек, а такім, што ва ўсім свеце толькі ў адзіным варыянце.


А яшчэ гэта магчымасць пазнаёміцца з падобнымі на сябе, такімі ж апантанымі аўтаўладальнікамі, якія размаўляюць «на адной мове» і разумеюць цябе літаральна з паў-слова. Прычым не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Як успамінае пружанец, вельмі прыемна дзяліцца сваімі напрацоўкамі, цікавіцца дасягненнямі іншых. Адчуваеш, што ты таксама здольны на здзяйсненні.


Вось толькі тых, хто таксама жадае далучыцца да руху «аўтацюнінгістаў», Андрэй Смірноў папярэджвае, што такое захапленне вельмі затратнае.


— І не толькі па грошах, хаця і іх спатрэбіцца вельмі многа: рэальна, што ўкласці ў цюнінг машыны давядзецца ўтрая больш, чым яна рэальна каштуе. Запчасткі давядзецца заказваць па ўсім свеце, нешта ўвогуле не знойдзеш, а вырабляеш сам. І відавочна, што спатрэбіцца нямала вольнага часу, які праводзіш у гаражы.


Але на думку маладога вадзіцеля, яно таго вартае, бо ён на пытанне «Якія далейшыя планы?» мінут з пяць задуменна аглядаў сваю «Аўдзі А4».


— Хочацца заняцца падвескай, паставіць пнеўматычную, каб можна было па жаданні змяншаць дарожны прасвет. Але самастойна з гэтым не спраўлюся, бо не маю вопыту. Значыць, буду вучыцца ў прафесіяналаў.
Фота Сяргея Талашкевіча.
Запрашаем прыняць удзел у падрыхтоўцы наступных выпускаў «АўтаБудняў».
Мы чакаем вашых заўваг, прапаноў і пытанняў па тэл.9-15-02, або 8-029-529-17-30.

Вядучы старонкі Алег Сідарэнка.