Штогод праводзяцца абласныя спаборніцтвы за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Яны, як і многія іншыя спаборніцтвы, даюць магчымасць выявіць тых, хто сапраўды лепшы ў сваёй галіне, хто ўкладвае душу ў работу, перажывае за даручаную справу. Мерапрыемства ў Брэсце паказала, што такія адказныя работнікі ёсць і ў нашым раёне, а дакладней, у ААТ «Агра-Калядзічы».
Сельгаставарыства па многіх паказчыках з’яўляецца перадавым як у раёне, так і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Зразумела, гэта заслуга і радавых працаўнікоў, і кіраўніцтва, якое сумела наладзіць работу так, каб кожны адчуваў сябе часцінкай цэлага калектыву, змог рэалізавацца ў сваёй прафесіі.
За сваю справу перажываюць і на МТК «Калядзічы» на 1100 галоў. Па выніках 2021 года сярод аператараў жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў па вырошчванні цялят да трохмесячнага ўзросту сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў) звяно ў складзе жывёлаводаў Наталлі Бескаравайнай, Галіны Ліштван і Алены Губарык заняло ў вобласці першае месца, якое пацвярджаецца дыпломам і грашовай прэміяй. Поспеху папярэднічала шчырая праца і дасягненне высокіх паказчыкаў у сваёй галіне: валавыя прывагі склалі +6,8 % да папярэдняга года, а сярэднясутачныя прывагі цялят — 1050 грамаў (+ 4,5 % да папярэдняга года).
Але на гэтым прыемныя моманты для работніц не скончыліся. Губернатар вобласці Юрый Шулейка прапанаваў КУГВП «Брэсцкі канцэрн «Мясамалпрам» таксама нейкім чынам адзначыць плённую работу жывёлаводаў, тым больш, што прадпрыемства напрамую супрацоўнічае з сельгаставарыствам. Кіраўніцтва канцэрна вырашыла заахвоціць Наталлю Бескаравайную сертыфікатам на санаторна-курортнае лячэнне тэрмінам на 14 дзён. Ва ўрачыстай абстаноўцы яго ўручыў дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось. А кіраўніцтва і прафкам гаспадаркі падтрымалі гэтую ініцыятыву, і ў той жа дзень дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Пішч уручыў Галіне Ліштван і Алене Губарык аналагічныя сертыфікаты.
Што ж, пажадаем гэтым працавітым работніцам не спыняцца на дасягнутым, а яшчэ не адзін год дасягаць высокіх паказчыкаў.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік