«Ён заўсёды быў адданы сваёй прафесіі. Сапраўдны медык. Напорысты. Упэўнены. Аптымістычны. Любіў людзей і белы халат насіў з гонарам, як парадны мундзір», — так лаканічна і цёпла гавораць калегі пра вядомага ў раёне фельчара вышэйшай катэгорыі Васіля Пракопавіча Гарустовіча, які больш за пяцьдзясят гадоў служыў медыцыне і людзям, а хутка адзначыць сваё 70-годдзе.
Васіль Пракопавіч нарадзіўся 10 лютага 1948 года, на хутары Сявец (тады Шарашоўскага раёна. А дзіцячыя гады яго прайшлі ў Мураве — у бабулі, куды маці пераехала з ім пасля таго, як разлучылася з бацькам. Без мужчынскай падтрымкі сям’і было нялёгка: жылі ў холадзе і голадзе.У шэсць гадоў хлопчык захварэў на сухоты і вельмі доўга лячыўся. Да гэтага часу Васіль Пракопавіч успамінае тых людзей у белых халатах, якія паставілі яго на ногі і падарылі любоў да сваёй высакароднай прафесіі.
Сваю «адукацыйную» лепту ўнёс і мураўскі фельчар Якаў Карунас. Ён жыў на кватэры ў Гарустовічаў і часта браў Васіля да сябе на працу, на Мураўскі ФАП. Хлопчыку вельмі падабалася назіраць, як «дзядзька Яша» лячыў людзей. Таму пасля заканчэння Мураўскай сярэдняй школы з добрым атэстатам (з вышэйшымі баламі па хіміі і біялогіі) ён паступіў у Слонімскае медвучылішча.
А праз тры гады напружанай вучобы, у 1968 годзе, малады фельчар Васіль Гарустовіч быў прызначаны на адказную пасаду загадчыка Мокраўскага ўрачэбнага ўчастка (так афіцыйна называлася мясцовая бальніца на 25 ложкаў). Тут быў нават радзільны пакой, дзе спачатку без акушэркі (гэтую
адзінку ўвялі ў штатны расклад значна пазней) фельчар прымаў роды. Дапамагала яму толькі медсястра.
— Як вядома, дзеці любяць з’яўляцца на свет не толькі ў чыстай палаце. Роды даводзілася прымаць і ў лесе, і на балоце, і на размытай дарозе, стоячы па калені ў мулі, — успамінае сёння Васіль Гарустовіч. — А колькі было складаных выпадкаў, калі трэба было ратаваць і маму, і дзіця, а побач — нікога. Выклікаў «хуткую» і спрабаваў як мага хутчэй давезці пацыентку да трасы, насустрач медыкам. І кожны раз пры нараджэнні дзіцятка я адчуваў вялікую радасць ад таго, што новае жыццё на зямлі з’явілася…
Фельчар Гарустовіч неаднаразова заслугоўваў званне «Найлепшы па прафесіі» на раённых і абласных медыцынскіх спаборніцтвах. Таксама пераможцамі нават на абласным узроўні станавіліся і сандружыны, якія ён рыхтаваў да конкурсаў.
У 1972 годзе за добрую працу Гарустовіч быў накіраваны ў Маскоўскі ўніверсітэт імя Патрыса Лумумбы, дзе ў той час вучыліся студэнты з 87 краін свету. Уступны экзамен па фізіцы ў Васіля Гарустовіча прымаў зямляк — прафесар Міхаіл Міронавіч Мартынюк, родам з Ліхачоў (пра яго нядаўна мы пісалі ў «РБ»). Васіль Пракопавіч паступіў, але вымушаны быў праз паўтара года кінуць вучобу: цяжка захварэла мама, а бабуля не магла забяспечыць ёй неабходны догляд… І Гарустовіч вярнуўся ў бальніцу.
У хуткім часе, пасля чарговай рэарганізацыі медустаноў, бальніца была закрыта і стала амбулаторным урачэбным участкам. А яшчэ праз год закрылі і амбулаторыю, і Васіль Пракопавіч быў пераведзены на пасаду загадчыка Мокраўскага ФАПа. Такім чынам, больш за 11 гадоў ён адпрацаваў у в. Мокрае без урача, абслугоўваючы жыхароў 28 вёсак, у тым ліку і Парасляны, і Жадзены, і Бузуны, і Казлы…
— А з транспарту ў мяне быў толькі конь. Гэта потым мне далі матацыкл, і я стаў значна хутчэй дабірацца да сваіх хворых, — успамінае мой суразмоўца.
Цікава, што, акрамя медыцыны, Васіль Пракопавіч актыўна займаўся грамадскай работай. Калі стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі, у якую ўваходзіла каля паўсотні чалавек, праводзіў сходы, арганізоўваў суботнікі. За поспехі ў сацспаборніцтвах неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і медалямі, а таксама атрымліваў турыстычныя пуцёўкі ў Польшчу, Балгарыю, Венгрыю, Фінляндыю і іншыя краіны.
1 лютага 1979 года Гарустовіч узначаліў Кляпацкі ФАП. Да таго часу калгас узвёў для ўстановы новы добраўпарадкаваны будынак (на першым паверсе размяшчаўся медпункт, а на другім — чатыры кватэры для персаналу, у адной з якіх і пасяліўся фельчар). Праз чатыры гады, калі Кляпацкі ФАП быў пашыраны да амбулаторыі агульнай практыкі, Васіль Гарустовіч стаў падначаленым накіраванага сюды маладога ўрача В.М. Дараневіча (сёння — галоўнага ўрача Пружанскай раённай бальніцы). Тут, у Клепачах, Васіль Гарустовіч і працаваў да нядаўняга часу.
У 1999 годзе не стала яго мамы, два гады таму — жонкі. Сёння яго галоўная падтрымка — сын Аляксандр, як і бацька прысвяціў жыццё медыцыне: стаў кандыдатам навук і працуе ў Мінску дзіцячым кардыяхірургам. Лечыць дзяцей і нявестка-педыятр. Мараць стаць дактарамі і ўнучка Верачка (11 гадоў), і ўнучак Алег (10 гадоў) — кажа В.П. Гарустовіч.
— Семдзесят гадоў прамільгнулі непрыкметна нібы пясчынкі ў пясочным гадзінніку. Век мой ужо канчаецца. Застаецца толькі верыць у Бога, з якім хутка сустрэнуся. Я ж усё жыццё верыў у Яго, хоць і быў актыўным камсамольцам. Спавядаўся, прычашчаўся… Прасіў Госпада дараваць усе мае грахі, вольныя і міжвольныя… Як Вы думаеце, даруе?
Гляджу пільна на пажылога чалавека, які паўстагоддзя лячыў і ратаваў людзей, і разумею, што гэтаму «анёлу-ахоўніку» ў белым халаце Бог не можа не дараваць:
— Нават не сумнявайцеся!
Алена Зялевіч, фота з хатняга архіва В.П. Гарустовіча.