Для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, актывізацыі пажарна-прафілактычнай работы, аналізу яе эфектыўнасці і ацэнкі гатоўнасці тэрыторый да вясенне-летняга пажаранебяспечнага перыяду з 12 па 28 красавіка 2021 года на тэрыторыі Пружанскага раёна праводзілася рэспубліканская акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх «За бяспеку разам».

Каб пазбавіць людзей небяспекі, знізіць колькасць пажараў, якія адбываюцца па прычыне невыканання грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі ў жылых будынках, быў праведзены рэйд па абследаванні жылых памяшканняў у горадзе Пружаны. Акрамя работнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях у ім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч, намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» В.І. Казлоў і ўчастковы інспектар ІДН Д.С.Таразевіч.

— Падчас такіх рэйдаў работнікі МНС праводзяць абследаванне супрацьпажарнага стану кватэр і домаўладанняў, а таксама інструктаж усіх жыхароў аб мерах пажарнай бяспекі, — распавёў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.С.Пісьман. — Акрамя гэтага, мы тлумачым гараджанам дзеянні ў выпадку ўзнікнення пажару і нагадваем пра забарону пакідаць дзяцей без нагляду. Таксама даводзім да жыхароў асноўныя правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога абсталявання і элек-трапрыбораў, нагадваем аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне дадзеных патрабаванняў.

Падчас рэйда было абследавана дзевяць домаўладанняў, што належаць катэгорыям грамадзянам, якія, так бы мовіць, знаходзяцца ў зоне рызыкі. У двух былі выяўлены парушэнні эксплуатацыі пячнога ацяплення, яшчэ аднаму «гаспадару» прапанавана навесці парадак на прысядзібнай тэрыторыі.
Фота Кацярыны Масік.