З пачаткам уборачнай кампаніі ў актыўную фазу перайшла работа мабільнай групы райвыканкама па кантролі за захаваннем патрабаванняў заканадаўства па ахове працы.

Інспекцыйную камісію, у склад якой уключаны прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, прафсаюзных арганізацый, санітарнай службы і іншых арганізацый, цікавіць выкананне правілаў тэхнікі бяспекі на працоўных месцах і нават у палявых умовах. Трэба адзначыць, што падобныя візіты не звязаны з жаданнем выявіць недахопы і прыцягнуць да адказнасці службовых асоб. Асноўная задача — аказаць метадычную дапамогу або падказаць, на што варта звярнуць першачарговую ўвагу пры арганізацыі належных умоў па ахове працы.
Днямі мабільная група пабывала на вытворчых участках абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі. Першым аб’ектам стала майстэрня арганізацыі і гаражы. Там члены групы азнаёміліся з методыкай і тэхналогіямі правядзення рамонту тэхнікі, станам абсталявання, даведаліся, ці выконваюцца правілы бяспекі пры яго выкарыстанні. Спецыялісты станцыі прадэманстравалі ўмовы працы, якім чынам арганізаваны быт на працоўных месцах і чым аснашчаны самі работнікі, у тым ліку сродкі індывідуальнай абароны.
Таксама ў рамках маніторынгу была пракантралявана работа на складскіх аб’ектах арганізацыі. Асабліва члены мабільнай групы цікавіліся атмасферай, у якой працуе студэнцкі атрад з аграрна-тэхнічнага каледжа. Навучэнцы выконвалі ўскладзеныя на іх задачы пад наглядам спецыялістаў станцыі, былі забяспечаны спецадзеннем.

Было прызнана, што захаванне патрабаванняў па ахове працы з большага знаходзіцца на належным узроўні, хаця некаторыя заўвагі ўдзельнікамі маніторынгу і былі выказаны. Як расказвае спецыяліст раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Жанна Клімец, даволі часта даводзіцца сутыкацца з ігнараваннем выкарыстання спецадзення. Зразумела, што ў спякотнае надвор’е горача пастаянна працаваць у камбінезоне з курткай «на доўгі рукаў». Аднак пры рабоце з тэхнікай і спецыяльнымі машынамі павінна быць як мага менш адкрытых участкаў цела. У выпадку траўміравання работніка будзе ўстаноўлена парушэнне пацярпелым тэхнікі бяспекі з адпаведным пакараннем. Таксама варта прадумаць стварэнне зручных бытавых умоў для работнікаў у палявых умовах.
Мабільныя маніторынгі толькі пачаліся. Падчас жніва раённая група мае намер пабываць на ўсіх прадпрыемствах, якія задзейнічаны ў гэтай кампаніі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік