Як толькі прыходзіць першае сакавіцкае цяпло, каля бяроз у нашых лясах з’яўляюцца тары, у якія збіраецца сок.
У апошнія гады для яго набыцця Пружанскі лясгас арганізаваў настолькі зручны сэрвіс, што парушаць правілы аховы прыроды і здабываць бярозавік самастойна людзям проста няма сэнсу: сок можна набыць у любым аб’ёме і па даступным кошце. Напрыклад, у Бярозаўскім лясніцтве нават і нарыхтоўчыя пляцоўкі размясцілі такім чынам, каб людзям недалёка было ехаць.

— Спецыяльна для прыватных кліентаў размясцілі пляцоўку каля самай дарогі паблізу ад Смаляніцы, — расказвае ляснічы Аляксандр Варчук (на здымку). — Да таго ж набыць бярозавы сок можна як непасрэдна ў лесе, так і ў лясніцтвах.
У Бярозаўскім лясніцтве да нарыхтоўкі бярозавіку прыступілі ў сярэдзіне сакавіка. За тыдзень паспелі падрыхтаваць 2 тоны соку для адпраўкі на кансервавы завод. А ўсяго па плане неабходна нарыхтаваць не менш за 35 тон. З улікам таго, што перыяд збору бярозавіку даволі кароткі, то такую задачу можна палічыць унушальнай. Попыт на гэты гаючы напой у магазінах даволі высокі, а значыць, трэба варушыцца. Лесаводы спадзяюцца на веснавое цяпло. Пакуль жа няўстойлівая плюсавая тэмпература ноччу сыходзіць на «мінусы», з-за чаго ход соку спыняецца.

Як расказаў галоўны інжынер лясгаса Міхаіл Калодзіч, у структурных падраздзяленнях зараз працуе 9 нарыхтоўчых пляцовак. Агульнае заданне на бягучы сезон складае 300 тон. На сённяшні дзень на перапрацоўку ўжо адпраўлена больш за 10 тон.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік