Праграма святкавання Дня Незалежнасці сёлета была вельмі насычанай не толькі ў Пружанах. Годна падрыхтаваліся да свята і сельскія ўстановы культуры. Але, бадай, самая значная і, не пабаюся гэтага слова, гістарычная падзея адбылася ў Стараволі. Тут, побач з брацкай магілай, заклалі капсулу з пасланнем будучым пакаленням.
Ідэя правесці падобную цырымонію ўзнікла ў дырэктара мясцовага СДК Наталлі Дарошчанка яшчэ мінулым летам. Тады ў нашай газеце і з’явілася адпаведная прапанова старавольцам і ўсім жадаючым напісаць лісты са сваімі думкамі, разважаннямі, успамінамі і пажаданнямі, каб накіраваць іх у 2045-ы. Накіраваць пакаленню, якое, на жаль, ужо не застане жывых сведак вайны.
Як кажа Наталля Барысаўна, месца закладкі капсулы таксама невыпадковае, значнае для любога старавольца. У брацкай магіле пахавана 36 мясцовых жыхароў, якія загінулі ў гады вайны. Прозвішчаў жа тых, хто пацярпеў ад рук фашыстаў, на помніку значна больш.
Падчас урачыстага мітынгу з віншаваннямі, пажаданнямі здароўя, узаемаразумення, міру і спакою звярнулася да вяскоўцаў старшыня Велікасельскага сельвыканкама Таццяна Навіцкая.
Намеснік начальніка пагранзаставы «Перароў» Уладзіслаў Харык адзначыў, што гэтае свята — даніна павагі тым, хто падарыў нам мір.
У сваю чаргу, настаяцель храма ў в.Засімавічы Сергій Сямёнаў падкрэсліў, што мы павінны быць годнымі гераічнага подзвігу нашых абаронцаў. Іх памяць ушанавалі мінутай маўчання, а айцец Сергій асвяціў брацкую магілу.
Самым адказным момантам мітынгу стала закладка капсулы. Яе ажыццявілі падлеткі, аматары гісторыі Максім Барысюк і Глеб Дарошчанка, апранутыя ў вайсковае адзенне. Дапамаглі ім ваеннаслужачыя пагранзаставы. Вельмі кранальнымі былі вершы ў выкананні самых маленькіх жыхароў аграгарадка Анастасіі Мелеш і Арцёма Ката. Прагрымелі залпы салюта, які далі вайскоўцы.
Пасля ўрачыстай часткі для жыхароў Стараволі наладзілі сапраўднае свята. Яго вядучымі сталі мясцовыя падлеткі Марыя Халецкая і Максім Барысюк. Гучалі песні ў выкананні салістаў СДК Вольгі Прэдка, Валерыі Пахар, Ксеніі Пацяруха, Дар’і Ляшчынскай, Наталлі Дарошчанка. Танцавалі госці свята таксама пад песні ўдзельнікаў аўтаклуба гарадскога Палаца культуры, якія завіталі ў аграгарадок.
Дарэчы, цяпер у яго ёсць і свой герб. Такі падарунак на Дзень Незалежнасці зрабіла населенаму пункту дырэктар Дома культуры.
Згодна з мясцовай легендай, назва Стараволі паходзіць ад слова «воля». Жыхары кажуць, што тут яе атрымалі старыя ахоўнікі пушчы, якія сцераглі Вялікі тракт — шлях з Кракава ў Вільню. Уласна, у цэнтры герба размешчана паласа, якая і сімвалізуе гэты тракт, па абодвух баках якога домікі, дрэўцы, стажок сена і млыны.
Свята атрымалася велічным і вельмі душэўным. Пліты на брацкай магіле, да якіх у гэты дзень ляглі шматлікія кветкі, здаецца, у чарговы раз заклікалі: памятайце і ніколі не забывайцеся пра вайну.
Але што напісана ў лістах, якія на наступныя 23 гады застануцца ў капсуле? Наталля Дарошчанка раскрываць гэтага свядома не стала. Адзначыла толькі, што ўсе яны прасякнуты трагічнымі ўспамінамі і пажаданнямі мірнай будучыні. Што ж, даведаемся пра гэта 9 мая 2045 года, на стагадовы юбілей Вялікай Перамогі. Будзем спадзявацца, што кожная новая яе гадавіна будзе мірнай, а радкі з лістоў у будучыню разам з чытачамі газеты прачытаюць наступныя пакаленні раённых журналістаў.
Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства тут: https://ok.ru/budni/album/943360236936