Понедельник, 28 апреля 2025

З якімі пытаннямі прыходзяць пружанцы да прыём да ўчастковых інспектараў міліцыі

421

Калі абагульніць задачы, якія стаяць перад службай участковых інспектараў міліцыі, то апісаць іх можна двума словамі — выслухаць і дапамагчы. У гэту канву ўпісваецца і прыём грамадзян, які рэгулярна праводзяць супрацоўнікі міліцыі. Кожную сераду ўчастковыя інспектары ў вызначаны перыяд часу чакаюць наведвальнікаў.

Як расказвае старшы ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Зюзін, участак абслугоўвання якога ўключае населеныя пункты Сухопальскага і Велікасельскага сельсаветаў, папярэдне арганізуецца абвяшчэнне вяскоўцаў, размяшчаецца адпаведная інфармацыя ў магазінах і на аб’ектах сацкультбыту.

Па словах Сяргея Анатольевіча, у прыёмны дзень у сярэднім прыходзяць чатыры чалавекі. І хвалююць людзей пытанні не крымінальнага характару. Вяскоўцы спадзяюцца на сваіх праваахоўнікаў і давяраюць ім вырашэнне розных жыццёвых, пачынаючы ад камунальнага абслугоўвання і заканчваючы сацыяльнымі праблемамі.

— Многае ўдаецца вырашаць адразу на месцы дзякуючы шчыльнаму ўзаемадзеянню з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі, старастамі, — зазначае капітан міліцыі. — Некаторыя праблемы патрабуюць больш падрабязнага разбіральніцтва і закранаюць ужо сферу адказнасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Аднак у любым выпадку заяўнікі атрымліваюць абгрунтаваныя адказы.

Карысць ад сустрэч з участковым інспектарам міліцыі заключаецца і ў прафілактыцы. Міліцыянер абавязкова перасцеражэ грамадзяніна ад дзеянняў аферыстаў, нагадае аб пільнасці для забеспячэння захаванасці маёмасці і правілах кібербяспекі.

У грамадскі пункт аховы правапарадку можа прыйсці і расказаць пра сваю праблему любы чалавек. Праваахоўнікі выслухаюць, аператыўна вырашаць праблемнае пытанне, абароняць законныя правы і інтарэсы кожнага грамадзяніна.

Даведачную інфармацыю аб месцах размяшчэння грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, а таксама ўчастковым інспектары міліцыі, які абслугоўвае ваш адміністрацыйны ўчастак, можна ўдакладніць па тэлефоне 102.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік