Пятница, 14 февраля 2025

З вялікім размахам адзначылі Пружаны 78-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (+ многа фотаздымкаў)

1 125

Колькі памятаю, з такім размахам, як сёлета, Дзень горада ў Пружанах яшчэ не адзначаўся. І ўпэўнены, што кожны, хто далучыўся да святкавання, пабагацеў на вялікі стос уражанняў, добрых і кранальных. Сапраўды, відовішчаў хапіла ўсім, як кажуць, «і старым, і малым».

Але пра ўсё па парадку.

Чаму Дзень горада — 17 ліпеня?

Шчыра кажучы, адзначаць Дзень горада — не наша прыдумка. Такое свята практыкуецца ва ўсім свеце. Для адных знакавай стала дата заснавання канкрэтнага населенага пункта, іншыя адзначаюць знамянальную падзею, кшталту наведвання каранаванай асобы або ўвядзення гандлёвых вольнасцяў. Наша адметнасць у тым, што Днём Пружан была абрана больш сімвалічная дата — 17 ліпеня.

78 гадоў таму ў гэты дзень горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дакладней кажучы, яго вызваленне ў рамках наступальнай аперацыі «Баграціён» пачалося папярэднім вечарам. А раніцай 17 ліпеня 1944 года стала зразумелым, што супраціўленне захопніка — звычайная агонія, нежаданне прызнаваць відавочнае. Вызвалення не стрымаць! Нагадаем, што ў перыяд з 12 па 18 ліпеня ад фашысцкіх войскаў быў ачышчаны ўвесь наш раён.

Хто-небудзь з падрастаючага пакалення можа зацікавіцца: у гістарычных хроніках Пружаны ўпершыню ўзгадваюцца ў ХV стагоддзі, гэта значыць, горад наш мае амаль 600-гадовую гісторыю, тады чаму святкавалі мы менавіта 78-годдзе?

Непаразуменне? Але толькі для таго, хто не ведае трагічныя падзеі, якія разгарнуліся ў Пружанах і Пружанскім раёне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Акупацыя фашыстамі нашага рэгіёна пачалася ў першыя суткі з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Чорная заслона страху, слёз і смерці вісела над яго жыхарамі больш за тры гады. За час акупацыі было знішчана амаль 20 тысяч насельніцтва, яшчэ больш вывезена ў рабства, спалена больш за сотню вёсак, у дзясятках загінула практычна ўсё насельніцтва, з-за чаго не было каму іх адраджаць.

Такіх трагічных падзей Пружаншчына дагэтуль яшчэ не ведала. Дзясяткі разоў праз наш рэгіён праходзілі войны, на нашай зямлі пакідалі крывавыя сляды варожыя арміі. Але гітлераўцы прыйшлі сюды з намерам поўнасцю знішчыць «недачалавекаў». Падобныя выпрабаванні перажылі ўсе гарады Беларусі, і ўся краіна ў тым жа 1944 годзе ўздыхнула свабодна. Нездарма ў беларусаў самыя галоўныя святы — Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, які таксама прыпадае на знамянальную падзею падчас Вялікай Айчыннай вайны — вызваленне сталіцы.

17 ліпеня 1944 года стала сапраўдным днём другога нараджэння Пружан. Пры адыходзе фашысцкія войскі ўзрывалі жыццёва важныя аб‘екты, пасля баёў некаторыя вуліцы пераўтварыліся ў суцэльныя пустыры з чорнымі плямамі пажарышчаў.

З дня вызвалення пачалося маштабнае аднаўленне райцэнтра, які поўнасцю змяніў сваё аблічча. У гэтую працу ўкладзены сілы тысяч людзей. Па-новаму праектавалася жыллё, узводзіліся корпусы прамысловых аб’ектаў, школ, бальніцы, транспартнай і сацыяльна-культурнай інфраструктуры. Часам мы з настальгіяй узгадваем старыя Пружаны, але многае з гэтай мілай сэрцу старажытнасці літаральна сцерла вайна. І людзі насуперак усім багам вайны адрадзілі сваё жыллё, сваё месца пад сонцам.

Мерапрыемствы — на цэлы дзень

Невыпадкова старт 13-гадзіннаму святочнаму марафону паклаў урачысты мітынг каля помніка «Спаленым вёскам». На мерапрыемства сабраліся сотні людзей: прадстаўнікі працоўных і навучальных калектываў, жыхары і госці горада. Усіх са святам віншаваў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. У сваім звароце да прысутных ён зазначыў: азіраючыся навокал, кожны з нас можа з упэўненасцю сказаць, што ганарыцца ёсць чым. Для гісторыі 78 гадоў — нязначная кропля ў моры. Для нашага горада, дзякуючы дзядам, бацькам і нам самім, мінулы час стаў перыядам перамогі белага над чорным, добрага над злым, жыцця і памяці над смерцю і забыццём.

— І з тым жа гонарам зазначу, што нам ёсць што пакінуць нашчадкам, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.

Віншавальныя словы прагучалі і ад начальніка інжынернай службы Заходняга аператыўнага камандавання Сяргея Коласа, які трымаў слова ад вайскоўцаў. Дзень горада афіцэр, які пачынаў сваю службу ў Пружанах, назваў святам усіх людзей. Тых, хто працаваў над добраўпарадкаваннем райцэнтра. Тых, хто працягвае прымнажаць прыгажосць роднага кутка. І тых, хто ў будучым прыме гэтую ганаровую эстафету.

Не толькі свецкім, але і духоўным святам назваў Дзень горада благачынны пружанскіх цэркваў протаіерэй Міхаіл Носка. І выказаў спадзяванне, што яно памножыць дабрыню ў нашых сэрцах і мір у душах.

Пасля традыцыйнага ўскладання да абеліска вянкоў памяці і кветак было арганізавана святочнае шэсце ўдзельнікаў мітынгу да гарадской плошчы, дзе і разгортваліся асноўныя падзеі. Над калонай луналі дзясяткі беларускіх сцягоў, копіі таго, які быў ўзняты над вызваленым Мінскам. І таго, пад якім Беларусь выступіла ў якасці адной з краін-заснавальніц самага мірнага сусветнага аб’яднання — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

А на плошчы была гатова разнастайная праграма. Першым удзельнікаў «вітаў» своеасаблівы парад ваеннай тэхнікі. Уздоўж вуліцы Савецкай выстраіліся сучасныя ўзоры абароннай магутнасці айчыннай арміі. Тут жа жадаючыя маглі патрымаць у руках сучаснае ўзбраенне, а таксама зброю, з якой колішнія нашы героі вызвалялі раён ад фашыстаў. У дадатак можна было прымерыць ваеннае абмундзіраванне з дакладнымі тлумачэннямі экскурсаводаў у вайсковай форме.

Тых, хто налазіўся па БТРах, гарматах і «кацюшах», нафатаграфаваўся ў шлемафонах і з аўтаматамі, чакалі забаўляльныя атракцыёны. Дарэчы, чаргі да апошніх амаль што не было: горак, машынак, арэляў і батутаў было шмат і хапіла адразу ўсім. Да таго ж, вайскоўцы не адпусцілі ўвагу гараджан, арганізавалі выступленне роты разведчыкаў з Гродна. Перадаць словамі тыя кульбіты і баявыя прыёмы, што дэманстравалі хлопцы ў камуфляжы і масках, немагчыма. Спадзяюся, што ад перажытых адчуванняў ні ў каго не спынілася сэрца. Хаця медыкі, што дзяжурылі побач, былі напагатове аказаць патрэбную дапамогу.

А ў імправізаванай зале пад адкрытым небам гучала музыка. Канцэртную праграму адкрыў вакальна-інструментальны ансамбль «Формула» 557-й інжынернай брыгады.

На змену ім на сцэну выходзілі артысты пружанскага Палаца культуры, госці з Жабінкі і Свіслачы, арт-гурт «Беларусы» з Мінска.

А пасля заходу сонца ўвагу гледачоў захапіла дыскатэка « У рытме роднага горада» ад «Радыё Брэст». Песні гучалі літаральна без «перапынкаў на абед». Але адзначу, што і паабедаць, і павячэраць усе жадаючыя маглі тут жа, за шматлікімі столікамі, арганізаванымі работнікамі райспажыўтаварыства.

І як тут было пакінуць свята, калі паралельна для дзяцей арганізоўваліся конкурсы малюнкаў на асфальце, шоу мыльных бурбалак і іншыя забавы.

У тым ліку было і захапляльнае выступленне выратавальнікаў з райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія з дапамогай брандспойта стварылі рукатворную вясёлку над праезнай часткай вуліцы Савецкай. А яшчэ можна было стаць пераможцам і атрымаць сувеніры ў праграмах, арганізаваных аддзелам аховы, а таксама раённым таварыствам выратавання на водах.

Словам, гадзіны ў мінулую суботу ляцелі, нібы мінуты. Не ўсё можна перадаць праз газетныя радкі, нават фотаздымкі адлюстроўваюць толькі частку той энергіі, што панавала на плошчы. Тым жа, хто паленаваўся прыйсці на Дзень горада-2022, параю абавязкова паглядзець тэлерэпартажы, што знялі журналісты «Пружаны ТВ».

Трэба сказаць, што арганізатары свята сапраўды адказна папрацавалі над стварэннем святочнай атмасферы. Застаецца толькі пажадаць трымаць такую ж планку і ў будучым.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў са святкавання Дня вызвалення г. Пружаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: https://vk.com/album-23306785_285142474 і https://ok.ru/budni/album/943853177224