Падарыць дзеткам салодкае жыццё імкнёмся ўсе мы ў прамым і пераносным сэнсе. Для іх жа і жывём, марым, каб лёс нашых сынкоў і дачушак склаўся ўдалым, каб міналі іх буры нягод і няшчасцяў. А ў другім выпадку — якія ж святы абыходзяцца без салодкіх падарункаў, асабліва Каляды і Новы год? Каб прынесці радасць малым гарэзам, у краіне штогод праводзіцца акцыя «Нашы дзеці», удзельнічаюць у якой прадстаўнікі многіх арганізацый.

На Пружанскім ільнозаводзе таксама добра ведаюць: бачыць іскрыстыя вочы дзетак, іх прамянёвыя ўсмешкі — гэта шчасце. Таму і не застаюцца ўбаку ад агульнай пачэснай справы, стараюцца стварыць цуд для хлопчыкаў і дзяўчынак у пераднавагоднія дні.

У гэты раз паважаны Дзед Мароз (начальнік вытворчасці льнозавода Аляксандр Покала) і абаяльная Снягурка (галоўны бухгалтар Вольга Ляўчук) завіталі ў госці да Аляксандра і Лірыны Нежаўцоў, якія выхоўваюць пятнаццаць дзяцей у доме сямейнага тыпу. І для іх няма большага задавальнення, чым бачыць сваіх самых лепшых, самых прыгожых, светлых душой гадаванцаў здаровымі і шчаслівымі.

Ці чакалі малыя казачных персанажаў? Канечне! І не толькі дзеці, нават пушысты катафей на прыступках каля дзвярэй быў рады прыходу гасцей.

Пасля прывітання Дзед Мароз і Снягурачка расказалі, як доўга яны дабіраліся ў госці да такой вялікай і дружнай сям’і, як Нежаўцы. Дзядуля прапанаваў усім жадаючым патрымацца за яго бараду, каб у будучым усе мары ажыццявіліся. А яго ўнучка правяла конкурс, дзе трэба было скакаць зайчыкамі і тупатаць мядзведзямі, што дзеткі і рабілі з задавальненнем. А каб атрымаць смачныя шакаладкі, давялося гарэзам чытаць вершы, спяваць песні, танцаваць. Дарэчы, вельмі прыемна было назіраць за танцам усёй сям’і, такой па-сапраўднаму шчаслівай і па-свойму непаўторнай.

І вось наступіла чарга таты Аляксандра і мамы Лірыны здзівіць Дзядулю Мароза і Снягурку. Бацькі не падвялі сваіх дзяцей і расказалі цікавую казку. За што атрымалі ў падарунак… ноўтбук! Цуды ўсё ж здзяйсняюцца! Ды і рэч такая, што ў вялікай сям‘і заўсёды спатрэбіцца.

За прыемна праведзены час і сюрпрызы дзякавалі ўсім сямействам. А Мароз і яго ўнучка на развітанне жадалі ўсім пазітыву на цэлы год, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, каб жыццё вясёлкавым было.

Дзякуй ільнозаводу за наладжанае свята! Дзякуй усім людзям, хто робіць незабыўным навагодняе свята для нашых самых любімых дзяцей!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Больш фота глядзіце ў альбоме: https://vk.com/album-23306785_300518684