Суббота, 26 апреля 2025

З векавым юбілеем! 100-ы дзень нараджэння адзначыла жыхарка Пружан Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч

696

2 лютага Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч святкавала 100-гадовы юбілей. Урачыстае ўшанаванне юбіляркі прайшло ў Палацы культуры, дзе сабраліся людзі, якія шмат гадоў знаёмы з гэтай цудоўнай жанчынай.

Еўдакія Мікітаўна больш за 20 гадоў працавала ў сістэме культуры Пружанскага раёна, за добрасумленную працу ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі і медалямі. Любоў да жыцця, нязменны аптымізм і энергію яна перадала сваёй знакамітай дачцэ Марыі Мікалаеўне Кулецкай і ўнучцы Ірыне, якія абедзве носяць ганаровае званне народнага майстра Рэспублікі Беларусь.

Начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Дзмітрый Касюк урачыста ўручыў юбілярцы новы пашпарт і пажадаў яшчэ доўгіх гадоў жыцця. Наогул яшчэ шмат цёплых, шчырых слоў і пажаданняў прагучала ў гэты вечар. Прадстаўнікі сацыяльнага забеспячэння, раённага савета ветэранаў, бібліятэчнай сістэмы, прафсаюзнага камітэта аддзела культуры — кожнаму было, што сказаць Еўдакіі Мікітаўне. А якое ж свята без музыкі? Артысты народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка» прыехалі з Кабылаўкі, каб падарыць імянінніцы свае песні і незабыўныя эмоцыі.

Аднойчы ў сваіх успамінах Еўдакія Мікітаўна сказала: «Мне не сорамна за свае пражытыя гады». Так, яе жыццё — прыклад для ўсіх нас. Цэлае стагоддзе, якое яна годна пражыла, была актыўнай і неабыякавай. Дарэчы, і з раённай газетай заўсёды сябравала, пэўны час была няштатным карэспандэнтам, а заўзятай чытачкай застаецца і цяпер.

Рэдакцыя «Раённых будняў» далучаецца да шматлікіх віншаванняў і жадае Еўдакіі Мікітаўне наймацнейшага здароўя, мудрасці і дабрабыту сярод любячых родных і блізкіх людзей.

Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара