Пятница, 14 февраля 2025

З унікальнай кнігай Івана Чайчыца «Брэсцкае гета. Успаміны і дакументы» можна азнаёміцца на выставе ў «Пружанскім палацыку»

388

Штогод 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН 1 лістапада 2005 года.

Дата 27 студзеня абрана невыпадкова: у гэты дзень у 1945 годзе войскі Чырвонай Арміі вызвалілі канцэнтрацыйны лагер Асвенцім, самы вялікі з аналагічных лагераў, створаных нацыстамі. Асвенцім, ці па-нямецку Аўшвіц-Біркенаў, уяўляў сабой цэлы комплекс, дзе загінула больш за мільён людзей, дзясятая частка з іх — яўрэі.

Усяго ахвярамі Халакосту сталі каля 6 млн. яўрэяў. Толькі на тэрыторыі Беларусі іх было знішчана звыш 800 тысяч. У лагерах смерці загінулі таксама мільёны савецкіх ваеннапалонных і мірных грама-дзян, прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх народаў.

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працягвае працаваць выстава «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання», на якой прадстаўлены матэрыялы пра выпрабаванні, праз якія давялося прайсці беларускаму народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. За час работы выставы яе наведала больш за 9000 чалавек.

У лістападзе мінулага года была праведзена рээкспазіцыя, на выставе з’явіліся новыя экспанаты: кнігі «Апошнія сведкі» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, доктара юрыдычных навук А.І. Шведа. А таксама кніга «Брэсцкае гета. Успаміны і дакументы» краязнаўца з Брэста Івана Чайчыца, выдадзеная ў 2023 годзе.

Работнік прадпрыемства «Брэстгазаапарат» Іван Чайчыц ужо шмат гадоў займаецца краязнаўствам, у вольны час працуе ў архівах, вывучае пахаванні на могілках і сямейныя архівы жыхароў Брэста. З’яўляецца аўтарам кніг пра гісторыю горада.

У 2022 годзе ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пуш-кіна Іван Мікалаевіч прачытаў лекцыю да 80-годдзя знішчэння нацыстамі Брэсцкага гета. І вось пасля гэтага стаў задумвацца над тым, што лекцыя — гэта, зразумела, добра, ёсць відэазапіс, ёсць успаміны. Але хацелася б захаваць гэтую інфармацыю і ў друкаваным выглядзе. Так пачалася актыўная праца над стварэннем кнігі.

Кніга «Брэсцкае гета. Успаміны і дакументы» складаецца з чатырох частак, у аснову адной з іх ляглі запісы Ашэра Зісмана, вязня гета, што цудам застаўся ў жывых. На 92 старонках выдання — 90 фотаілюстрацый. Дакументы з Дзяржархіва Брэсцкай вобласці, абласнога краязнаўчага музея. Арыгіналы трох дакументаў нават былі мэтанаківана куплены на інтэрнэт-аўкцыёне.

Тыраж выдання ўсяго 200 экзэмпляраў, але геаграфія распаўсюджання кнігі дастатковая шырокая. Дзякуючы аднадумцам аўтара кніга «зрабіла крок» праз акіян. Яна зарэгістравана ў NYPL (New York Public Library), Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка. Выданне заняло і сваё ганаровае месца ў бібліятэцы Венскага інстытута Візэнталя па даследаваннях Халакосту. Кніга гэтак жа знаходзіцца ў бібліятэцы Калумбійскага ўніверсітэта (Columbia University) — адным з самых прэстыжных і аўтарытэтных універсітэтаў у ЗША. Ёсць яна і на зямлі запаветнай — у бібліятэцы Цэнтра дыяспары пры Універсітэце Тэль-Авіва.

Ну а ў жыхароў нашага горада ёсць унікальная магчымасць азнаёміцца з выданнем у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».

Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»