У адкрытым акцыянерным таварыстве «Агра-Калядзічы» наладзілі свята заканчэння збору ўраджаю — дажынкі.
Хлебаробам было што святкаваць сёлета. Самая высокая ўраджайнасць па Пружанскім раёне менавіта ў гэтым сельгаспрадпрыемстве — 66,8 цэнтнера з гектара. Валавы намалот зерня — звыш 13 тысяч тон. Аб гэтым гаварыў, звяртаючыся да прысутных у прыгожай светлай зале Калядзіцкага СДК, дырэктар таварыства Сяргей Субота.
Кіраўнік гаспадаркі выказваў словы падзякі ўсім, хто ўнёс свой уклад у важкі каравай нашай краіны. На сцэну падымаліся героі жніва: экіпажы камбайнаў, вадзіцелі, аператары сушыльнай гаспадаркі, зернятокаў і іншыя. Было прыемна бачыць, што сярод сталых працаўнікоў — шмат моладзі. Гэта значыць, што пераемнасць працы на зямлі працягваецца. Акрамя грашовых прэмій, кожнаму працаўніку дзяўчаты з паклонам падносілі каравай хлеба на льняным ручніку.
Свае нумары дарылі артысты Калядзіцкага СДК. Самай прыгожай і самабытнай была харэаграфічная пастаноўка «Калаўрот жыцця». За некалькі хвілін перад вачыма пранеслася жыццё чалавека — ад нараджэння да старасці. Дарэчы, гэтую пастаноўку артысты паказалі на пружанскай сцэне, калі мы святкавалі юбілей горада. З вуснаў артыстаў таксама гучалі прыгожыя беларускія песні, якія славілі чалавека працы.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з «Дажынак»: https://vk.com/album-23306785_295941260 і https://ok.ru/budni/album/966879509384