Як стаць ветэранам працы? У свой час пружанец Артур Мазюк, калі ўпершыню апрануў форму выратавальніка, думаў, што займець такое званне вельмі цяжка. Але праз шмат гадоў адказнай службы Артур Васільевіч сам быў далучаны да гэтай пачэснай катэгорыі. І ўжо сёння ён можа сказаць, што здаецца, у гэтым няма нічога складанага, галоўнае — добрасумленна выконваць свае абавязкі і не здраджваць выбранай прафесіі.
У 1995 годзе з-за жыццёвых абставінаў Артур апынуўся на ростанях, выбіраючы месца працы. Спачатку меркаваў стаць праваахоўнікам, але потым звярнуў увагу на службу пажарных, якая тады таксама ўваходзіла ў сферу Міністэрства ўнутраных спраў. Вось так у адзін з вераснёўскіх дзён стаў камандзірам аддзялення асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы ў Стараволі. Службу ён пачаў пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча Навумчыка, пра якога і сёння ветэран успамінае з удзячнасцю за атрыманую навуку.
Праз некаторы час Артур Мазюк перайшоў служыць у Пружаны, у інспекцыю пажарнага нагляду, дзе даводзілася мець справу больш з прафілактыкай пажараў, а не іх ліквідацыяй. Аднак ад гэтага ўскладзеныя абавязкі не сталі менш складанымі і адказнымі. Многае ўдавалася вырашыць дзякуючы ўласнай дысцыплінаванасці і падрыхтоўцы. А ў нечым істотную падтрымку аказвалі калегі. Артур Васільевіч пайменна памятае сваіх калег, аб некаторых смуткуе, таму што яны пакінулі гэты свет. З астатнімі трымае пастаянны кантакт і зараз, калі іх ужо не аб’ядноўвае служба.
— Рэгулярна сустракаемся з Аляксандрам Хілько, Аляксандрам Яроцкім, Васіліем Жабруном, Генадзем Сарокам, Аляксандрам Станкевічам і іншымі, падтрымліваем сяброўства, нават сумесна святкуем прафесійныя або ўласныя ўрачыстасці.
З 2016 года Артур Васільевіч на заслужаным адпачынку, але таксама падтрымлівае сувязь з родным аддзелам. І хаця там поўнасцю абнавіўся калектыў, ветэрана ўсё роўна сустракаюць шчыра і гасцінна.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік