Пятница, 17 января 2025

З прафесійным святам пружанскіх медыкаў павіншавалі святочным канцэртам у Палацы культуры

971

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскага работніка. У зале сабраліся спецыялісты, якія прысвяцілі прафесіі многія гады, маладыя ўрачы, якія толькі ступілі на гэты шлях, і ветэраны медыцынскай справы.

Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ ўручае ўзнагароду старшай медыцынскай сястры Вользе Цабрук.

Словы падзякі і шчырага захаплення гучалі са сцэны. Работнікаў медыцыны прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

— Кожны жыхар Пружанскага раёна, калі з ім побач, недалёка: на ФАПе, у лабараторыях, у цэнтральнай раённай бальніцы знаходзіцца прафесіянал сваёй справы, — сябе адчувае спакойна, жыве камфортна. І ведае, што ў любы час сутак да яго прыйдуць на дапамогу сапраўдныя прафесіяналы, медыкі з вялікай літары, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Лепшыя з лепшых былі ўзнагароджаны за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя Пружанскага раёна і з нагоды прафесійнага свята ганаровымі граматамі. А старшай медсястры паліклінікі Людміле Мытнік і галоўнай медсястры Ружанскай бальніцы Наталлі Шэлег былі ўручаны асаблівыя ўзнагароды — падзякі ад абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру».

Выступае ўрач-нарколаг Вікторыя Смаль.

Свае музычныя віншаванні дарылі медыкам не толькі артысты Палаца культуры. Прадстаўнікі медыцыны самі выйшлі на сцэну і ў чарговы раз даказалі, што яны не толькі прафесіяналы ў сваёй вобласці, але і людзі, якія з задавальненнем займаюцца творчасцю.

Свята атрымалася маляўнічым, урачыстым і яркім. І як бы ні развіваліся тэхналогіі і абсталяванне ў галіне медыцыны, галоўная роля заўсёды будзе належаць людзям, верным свайму прызванню.

Вольга Вадзяновіч. Фота Андрэя Мартынюка