Понедельник, 13 января 2025

З прафесійным святам, машынабудаўнікі! «Пружанскі завод радыёдэталяў» робіць камплектуючыя для бытавых прыбораў, супрацоўнічае з навукоўцамі і плануе працаваць з вытворцамі электрамабіляў

1 266

Да гэтага прафесійнага свята маюць дачыненне ўсе беларускія вытворцы, пачынаючы ад тых, хто вырабляе аўтамабільныя шыны, папулярныя ва ўсім свеце, і заканчваючы кар’ернымі самазваламі-гігантамі «БелАЗ», якія можна сустрэць амаль на ўсіх радовішчах планеты. У гэтай лінейцы сваё месца займае і ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», які выпускае электрыку для ўсёй тэхнікі, што зроблена ў Беларусі. Прычым не толькі для транспартнай, але і бытавой: кожны, хто набыў электрапрыборы ад завода «Атлант», такім чынам выказвае свой давер і пружанскаму прадпрыемству.

Чым жыве завод сёння, якія ставіць перад сабой задачы на будучае?

Пра гэта мы напярэдадні прафесійнага свята пагаварылі з дырэктарам акцыянернага таварыства А.В.Каласеем.

— Можна сказаць, што падмуркам айчыннай эканомікі з’яўляюцца прамысловасць і сельская гаспадарка. Прыемна, што ў развіцці і дасягненнях першай і другой галіны ёсць наш, даволі адчувальны, уклад, — зазначае Андрэй Васільевіч. — А ў дадатак жыццё амаль кожнай сям’і Пружанскага раёна пераплецена з гісторыяй нашага завода, узрост якога перасягнуў паўвекавы рубеж. Прадпрыемства будавалася некалькімі пакаленнямі, пашыралася наменклатура вырабаў, асвойваліся новыя тэхналогіі. І гэты працэс працягваецца зараз: мы амаль поўнасцю змянілі асартымент і зараз выпускаем прадукцыю, запатрабаваную сучаснасцю.

На ўчастку ліцця работы хапае. Працуюць у гэтай змене інжынер-тэхнолаг Дзмітрый Вячаслававіч Севасцьянчук, ліцейшчык Надзея Мікалаеўна Суша і наладчык Антон Дзмітрыевіч Рагоўскі.

— І наколькі яна карыстаецца попытам?
— У сваёй справаздачы мы карыстаемся абсалютнымі лічбамі, але, думаю, чытачам будзе лягчэй уявіць сабе той аб’ём, што мы вырабляем, калі скажу наступнае: мы камплектуем сваёй прадукцыяй вытворцаў жгутоў для ААТ «Гомсельмаш», «Мінскі завод колавых цягачоў», «Амкадор», «БелАЗ». Варта дадаць, што, дзякуючы нашай дзейнасці, беларускія гіганты прамысловасці эканомяць істотныя грошы, выкарыстоўваючы замест імпартных камплектуючых беларускія. У выніку работа ААТ «ПЗР» дазваляе знізіць выдаткі на канчатковы прадукт і забяспечыць эканомію валютных сродкаў.’

Праверку якасці жгутавай прадукцыі пад брэндам «ПЗР» на спецыяльным стэндзе праводзяць начальнік АТК Ганна Канстанцінаўна Савіцкая, вязальшчыцы Ірына Васільеўна Шчэрба і Аксана Мікалаеўна Радзівончык.

Таксама мы пастаянна нарошчваем выпускаемы асартымент, каб у перспектыве задаволіць патрэбы аўтамабілебудаўнікоў Беларусі ў поўным аб’ёме. Напрыклад, асвоілі выраб шасці новых камплектуючых у сегменце аўтатрактарных жгутоў, укаранілі безадходную тэхналогію ліцця эластамера — інавацыйнага матэрыялу, які нагадвае сілікон і замяняе рызіну. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі дасягнула 24,3%. Зараз актыўна працуем над асваеннем вырабаў для электраправодкі пральных машын, якія выпускае ЗАТ «Атлант».

— Ці хапае кваліфікацыі інжынернай службы прадпрыемства на падобныя ўкараненні?
— Наш калектыў можна без перабольшання назваць абсалютна прафесійным: усе работнікі маюць адпаведную адукацыю, кваліфікацыю і практычны вопыт. Аднак мы падтрымліваем трывалую сувязь з айчыннымі навукоўцамі, каб весці сумесныя распрацоўкі і асвойваць тэхналогіі. Напрыклад, выдатныя партнёрскія адносіны ў нас ўсталяваліся з аб’яднаным інстытутам машынабудавання НАН Беларусі. Мы плануем заняць сваю нішу ў пастаўцы камплектуючых для электрамабіляў. У цяперашні час развіццё парка электрамабіляў знаходзіцца ў рэспубліцы ў стартавым становішчы, але ў выніку рэалізацыі распрацаванай канцэпцыі на 2021-2025 і на перыяд да 30 года плануецца значна пашырыць сегмент дадзенага віду транспарту. Адпаведна з’яўляецца патрэба ў распрацоўцы і выпуску імпартазамяшчальных камплектуючых.

Кадравымі пытаннямі і прававой абаронай прадпрыемства загадваюць начальнік аддзела кадраў Таццяна Васільеўна Кавальчук і юрысконсульт Валянціна Сяргееўна Карпей.

Значная ўвага надаецца і якасці прадукцыі, якая выпускаецца ў адпаведнасці з прынятымі ў нашай краіне тэхнічнымі ўмовамі і патрабаваннямі, а таксама ў адпаведнасці з міждзяржаўнымі стандартамі.

— Наколькі адпавядае заводская матэрыяльна-тэхнічная база высокім патрабаванням?
— Мы актыўна вядзём мадэрнізацыю, пры гэтым працуем адразу па двух накірунках — набываем новае абсталяванне і ўкараняем рэсурсазберагальныя тэхналогіі. У рамках тэхпераўзбраення з мэтай паніжэння энергазатрат і павелічэння аб’ёмаў аказання паслуг гальванапакрыцця інвеставаны сродкі ва ўдасканаленне работы цэха гальванікі, што дазволіла забяспечыць на бягучы перыяд эканомію энергазатрат на 13%, а таксама павялічыць аб’ёмы на 3,7%. Паступова змяняем інтэр’еры вытворчых памяшканняў, каб яны адпавядалі цяперашнім стандартам, напрыклад, зараз рэалізуецца праект «Мадэрнізацыя будынка механанарыхтоўчага корпуса». На сённяшні дзень заменена 40 аконных праёмаў з 58. А гэта — і энергаэфектыўнасць за кошт высокага каэфіцыента цеплаперадачы і спецыяльных уцяпляльнікаў, і забеспячэнне неабходнага ўзроўню асветленасці памяшканняў. У дадатак змянілі афарбоўку сцен і лесвічных пляцовак, адышлі ад былых цёмных колераў да больш светлых. Спадзяемся, што ўтульнасць і камфорт таксама дадуць свой плён.

— Андрэй Васільевіч, а сам калектыў завода ці можа сёння пахваліцца адзінствам і згуртаванасцю?
— А як інакш можна выканаць запланаванае? Толькі зладжанай працай калектыву можна рэалізаваць акрэсленыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця і даведзеныя ключавыя паказчыкі. Мы не адцягваем сваю ўвагу ад таго, што патрэбна ўсёй нашай краіне, пра што сведчаць тэмп росту аб’ёмаў, які за першае паўгоддзе 2021 года склаў 135,1%, сярэднямесячная заработная плата — 104,8% або 1045,3 рубля, і рэнтабельнасць, якая склала 6,6%.

На ўчастку парэзкі і маркіроўкі правадоў ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» высокія патрабаванні да якасці. Пастаўленыя задачы выконваюць адказныя спецыялісты — вязальшчыцы Марына Васільеўна Богдан і Таццяна Раманаўна Шука.

Усё, што зроблена і робіцца, — заслуга калектыву, які для нас складаецца не толькі з тых, хто працуе зараз, але і з тых, хто цяпер на заслужаным адпачынку. Сыходзяць ветэраны, якія ўсё жыццё звязалі з заводам. Іх было шмат, усіх немагчыма пералічыць, а спіс штогод толькі павялічваецца. Напрыклад, нядаўна на пенсію пайшлі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы: брыгадзір участка вырабу жгутоў Алена Мікалаеўна Чыж і слесар цэха №1 Генадзь Мікалаевіч Чэнчанка. Яны перадалі эстафету наступнаму пакаленню завадчан, і варта сказаць, што ёсць каму пераймаць іх вопыт.

З мэтай замацавання моладзі калектыўны дагавор ААТ «ПЗР» прадугледжвае меры, якія садзейнічаюць павышэнню прафесійнай кваліфікацыі, службовага росту, забеспячэнню прававой і сацыяльнай абароненасці, годнай зарплаты. У выніку сярэдні ўзрост калектыву нашага прадпрыемства каля 40 гадоў. А са з’яўленнем моладзі ажывілася і грамадскае жыццё завода. Так каманда нашага акцыянернага таварыства прымала ўдзел у абласной спартакіядзе Брэсцкай абласной арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў галін прамысловасці «Белпрафмаш», дзе занялі 1 месца па кулявой стральбе інжынер-тэхнолаг Таццяна Адамаўна Саскевіч і 3 месца ў бегу на дыстанцыі 1 км інжынер-канструктар Максім Ігаравіч Дзмітруковіч. Дарэчы, ён толькі нядаўна прыйшоў на завод у якасці маладога спецыяліста.

Спартыўная зборная завода радыёдэталяў пакуль невялікая, але ўжо чэмпіёнская. Кладаўшчык Дар’я Юр’еўна Чабак, інжынеры Яўген Анатольевіч Халецкі, Сяргей Аляксандравіч Каралюк, Таццяна Адамаўна Саскевіч, Максім Ігаравіч Дзмітруковіч, гальванік Анатоль Міхайлавіч Ліцкевіч і начальнік цэха гальванікі Наталля Аляксандраўна Дземідзюк.

Спадзяюся, што з такімі адданымі сваёй справе людзьмі мы зможам пераадолець усе выпрабаванні і захаваем набыты аўтарытэт Пружанскага завода радыёдэталяў.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік