Шмат гадоў мы не ўяўляем сваё жыццё без такога энергетычнага рэсурсу, як газ, а значыць, і без газавай службы. Асноўная задача газавікоў — забяспечыць безаварыйнасць работы абсталявання і бесперапынныя пастаўкі «блакітнага паліва». На Пружаншчыне такая адказнасць ускладзена на Пружанскі раён газазабеспячэння ВУ «Кобрынгаз». Як зазначае начальнік арганізацыі А.Г.Рахавецкі, сярод абанентаў газавай гаспадаркі 17 прамысловых і 111 камунальна-бытавых структур. Таксама перавагамі газазабеспячэння карыстаюцца жыхары амаль 22 тысяч кватэр, з іх прыродным газам — больш за 14,5 тысяч, звадкаваным ад падземных рэзервуараў — 314 і ў балонах — амаль 7,5 тысяч кватэр і домаўладанняў.

— Варта адзначыць, штогод пашыраецца і карта газаправодных сетак на Пружаншчыне. У параўнанні з мінулым годам яна падоўжылася на 4 кіламетры, і цяпер яе працягласць складае амаль 569 км. З іх 564,6 км — прыроднага і 4,2 км — звадкаванага газу, — зазначае Анатолій Георгіевіч Рахавецкі. — І гэта поўнасцю заслуга нашых работнікаў, якімі газаправоды спраектаваны, звараны, пракладзены і абслугоўваюцца належным чынам. У выніку на сённяшні дзень узровень газіфікацыі жылога фонду Пружаншчыны складае 99,1%.

— Якія паслугі сёння можа аказваць прадпрыемства?
— Наша арганізацыя — гэта цэлы комплекс розных структурных падраздзяленняў, сярод якіх аварыйна-дыспетчарскі ўчастак, участкі эксплуатацыі, транспарту, уліку і рэалізацыі газу, сектар бухгалтарскага ўліку, а таксама Ружанскі ўчастак. І кожны год мы «расцём» па розных накірунках, як колькасна, так і якасна. Напрыклад, з мінулага года колькасць кватэрных карыстальнікаў прыроднага газу павялічылася на 90 абанентаў, звадкаванага — на 82. Пераведзена са звадкаванага на прыродны газ 52 спажыўцы, устаноўлена 138 прыбораў уліку газу, уведзена ў эксплуатацыю 3,2 км газаправодаў.

Наша задача — пастаянна працаваць над ахопам усіх жыццёвых і вытворчых інтарэсаў нашых кліентаў, а таксама над даступнасцю паслуг. Зараз мы выконваем:
— дастаўку балонаў са звадкаваным газам;
— рамонт, замену і тэхнічнае абслугоўванне бытавога газавага абсталявання;
— устаноўку і паверку газавых лічыльнікаў.

— У крызіснай сітуацыі, у якой аказалася ў апошнія гады сусветная эканоміка, прыемна, што Беларусь працягвае развівацца. Яскрава сведчыць пра гэта і прыведзеная Вамі статыстыка. Ці хапае сіл і магчымасцей у раённага прадпрыемства, каб належным чынам абслугоўваць і трымаць пад кантролем такую вялікую сетку?
— Калі пералічваю працоўныя поспехі, я, у першую чаргу, маю на ўвазе менавіта людзей, якія з’яўляюцца самай вялікай каштоўнасцю нашага падраздзялення. Прыемна, што ў арганізацыі склаўся вялікі і дружны калектыў. З часу свайго заснавання падраздзяленне рэгулярна абнаўляецца. У параўнанні з паўвекавой даўнасцю калектыў вырас амаль у дзесяць разоў. Сёння ў газавай гаспадарцы працуе 118 чалавек, якія разам — магутная сіла. Кожнага спецыяліста можна смела назваць чалавекам з «унутраным стрыжнем», бо слабыя проста не вытрымліваюць ні тэмпаў работы, ні ўскладзенай адказнасці. Безумоўна, ёсць у нас часовыя праблемы, рэгулярна вырашаем свае ўнутраныя пытанні і цяжкасці. Вось толькі робім гэта разам, не парушаючы калектыўнага яднання. У гэтым плане добра садзейнічаюць сумесныя заняткі спортам, мастацкай самадзейнасцю, што кіраўніцтва арганізацыі актыўна падтрымлівае і стымулюе.

— Анатолій Георгіевіч, многія нашы чытачы ў паўсядзённым жыцці нават не заўважаюць работу газавікоў. Але газавай службе можна кожны дзень дзякаваць за гарачую ваду, цяпло і зручнасці ў гатаванні ежы. Якімі словамі Вы б павіншавалі работнікаў газавай гаспадаркі ў сувязі з надыходзячым прафесійным святам?
— На самай справе, мы вельмі задаволены, калі пра нас рэдка ўспамінаюць. Гэта азначае, што выконваецца работа бездакорна і нікому не патрэбна неадкладная дапамога. У гэтым яскравым доказам з’яўляецца і аварыйная статыстыка мінулых гадоў: колькасць штогадовых выклікаў на тэлефонны нумар «104» толькі скарачаецца. Што дае мне права з гонарам павіншаваць усіх з нашым прафесійным святам і падзякаваць за годную працу!

Нізкі паклон за навуку і назапашаны вопыт нашым пенсіянерам: Р.М.Солад, М.Г.Дабрэнка, А.М. Чарвяк, В.П.Чарвяку, І.І.Пстыгу, М.Г.Леўчуку, А.А.Валасевіч, У.І.Радзівоніку, М.С.Літвінчук, Г.С.Сідарук, А.А.Ціханюк, А.М. Волчыку, У.І. Краўцу, Т.А.Лісіцкай, У.І.Барысевічу, С.В.Рахавецкай, Л.М.Швед, В.У.Чаевічу і многім іншым, хто ўвайшоў у гісторыю арганізацыі. Вы ўмелі добра працаваць і навучылі гэтаму моладзь.
Ад сябе асабіста, ад імя адміністрацыі вытворчага ўпраўлення жадаю ўсяму калектыву і сем’ям нашых работнікаў здароўя, шчасця, матэрыяльнага дабрабыту. Няхай работа прыносіць радасць ад дасягнутых мэт, а аварыйныя машыны газавікоў выязджаюць з тэрыторыі толькі па вучэбнай трывозе.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.