Вось ужо пятнаццаць гадоў няма з намі протаіерэя Іосіфа Балюка, але памяць пра яго жыве ў тым ліку і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».
У свой час айцец Іосіф перадаў у музей шмат прадметаў рэлігійнага характару. Большая частка іх прадстаўлена на выставе «RES SACRAE». Дадзеная экспазіцыя і прысвечана памяці святара. На выставе экспануюцца сведчанні царкоўна-рэлігійнага мінулага Пружаншчыны: святыя ўборы, царкоўныя ўзнагароды, кадзіла, лампады, вянцы, крыжы і абразы 18-20 стагоддзяў, дакументы і многае іншае.
Асаблівай увагі заслугоўваюць царкоўныя кнігі, а таксама шэраг фатаграфій з партрэтамі духавенства Пружанскага благачыння. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з рэпрадукцыяй цудатворнай іконы «Пружанская Плачучая». Тут жа прадстаўлены дакумент аб услаўленні гэтага абраза. Здзіўляюць сваімі памерамі аклады на напрастольныя Евангеллі і вышытая закладка для кнігі.
Побач, у іконнай зале, прадстаўлены ўнікальны экспанат — фрагмент надбрамнага драўлянага разнога абраза «Таемная вячэра», які ў свой час узвышаўся над Царскай брамай Спаса-Праабражэнскай царквы вёскі Варанілавічы. Фрагмент гэты ўсё сваё жыццё беражліва захоўвала жыхарка вёскі Ніна Уладзіміраўна Новік, а потым перадала яго ў музей па просьбе айца Іосіфа. Святар да сваёй смерці маліўся за Ніну і яе сваякоў у знак падзякі.
Кожнага, хто хоча пазнаёміцца з выставай «RES SACRAE», запрашаем наведаць музей.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»