Над мемарыяльным комплексам у Хатыні жалобна-ўрачысты гук званоў ляціць кожныя паўмінуты. На сваёй мове званы расказваюць пра абарваныя жыцці мірных людзей: расстраляных, павешаных, закатаваных, спаленых жывымі ў вогнішчах уласных хат. Званы плачуць, як дзеці, галосяць, як жанчыны, моляцца, як старыя…
На помніку бязвінным ахвярам фашысцкага тэрору ў вёсцы Казлы таксама прымацаваны звон. І кожны, хто падыдзе да гэтага месца смутку і памяці, можа самастойна прымусіць яго загаварыць. Гэта вельмі страшная гісторыя, якую ўсе мы чулі неаднойчы. Але кожны раз знаходзяцца ў аповядах відавочцаў новыя факты. І попел спаленых вёсак зноў апальвае сэрца…
17 ліпеня 1942 года. Вёска Казлы.
На досвітку па хатах прайшлі немцы і загадалі жыхарам сабрацца каля клуба на ўскрайку вёскі. Яна немаленькая была: 210 двароў, 860 жыхароў, так што натоўп аказаўся вялікі. Насустрач выйшаў афіцэр (згодна з дакументамі Нацыянальнага архіва Беларусі, напярэдадні прыехалі ў вёску эсэсаўцы на 27 грузавіках), наперадзе салдаты кацілі кулямёты.
Людзі зразумелі: варта чакаць бяды, захваляваліся, але разбегчыся не паспелі: іх шчыльна акружылі фашысты. Афіцэр праз перакладчыка аб‘явіў: за тое, што вяскоўцы забяспечваюць партызан прадуктамі, вёска будзе спалена, мужчыны ад 16 да 60 гадоў — расстраляны.
Мужчын адвялі ў будынак клуба, а потым выстраілі па тры ў калону і партыямі падводзілі да ямы, стралялі ў патыліцу і спіну. А ў гэты час вёска ўжо гарэла, дамы з саламянымі стрэхамі ўмомант ахоплівала полымя.
Жыхарка Казлоў Ніна Юльянаўна Кульгаўчук узгадвае гэтыя далёкія падзеі з такім болем, нібы ўчора яны былі:
— У нас была сям‘я вялікая, восем дзяцей: сёстры мае Маня і Люба, я — 1932-га года нараджэння, браты Міша, Вася, Коля, Валодзя і Лёшка, маленькі, перад самым расстрэлам нарадзіўся.
Загадаў солтыс усім, каб на сходку ўсе пайшлі, малое і старое, у хатах нікога не засталося. А там бабэй усіх з дзецьмі і хлопцаў невялікіх у адзін бок, мужчын — у другі. І сталі пашпарты правяраць. Мой брат Міша высокі быў, немцы падышлі, кажуць, давай пашпарт. А ён адказвае: у мяне яшчэ няма. Дык ён жывы застаўся.
Калі мужчын асобна адвялі, нам кажуць, маўляў, ваша вёска будзе знішчана, збірайцеся. Што тут было, і плакалі, і падалі. Віск такі пачаўся, што, напэўна, і Гасподзь чуў. А яма насупраць калгаснага двара ўжо была выкапана. Ляжыць у ёй і мой тата, Юльян Аноцка…
Мы пабеглі дахаты, а што браці? Усе выйшлі за канец вёскі, сюды, дзе помнік, і немцы падпалілі хаты.
Стаімо, цямнее ўжо, вёска гарыць. А куды падзеціся? У каго родныя, каго людзі да сябе пабралі, а мама як скажа, што дзяцей восем, дык нас ніхто не хоча браці… Тады мы ў клуню нейкую ў Мокрым убіліся…
Колькі ўжо гадоў прайшло, а помніцца. Мы былі да самай зімы ў той клуні. Хай Бог крые, як жылі, галодныя, халодныя сядзелі. Зіма ўжо настала. Мама ў роспачы, бывала, кажа, хоць бы Бог каго забраў, астатнім было б лягчэй. Але ж усе выжылі, і пасля вайны жылі, гэта цяпер я адна засталася ўжо…
Мама за клуняй паліла, нам бульбу варыла. Сама пойдзе ў поле, а Лёшку кіне на нас. Страшна, а ці вернецца!
Потым нас забралі ў Бельчыцы, там была сям‘я, якая пайшла ў партызаны. У Рудніках была гміна нямецкая, адтуль прыехалі немцы, хацелі хату іх падпаліць, але паглядзелі, што вельмі блізка суседнія стаяць, і не сталі. Солтыс з немцамі дамовіўся, каб нас туды пусцілі. Але потым і тая хата ўсё ж згарэла, нам дапамаглі зямлянку пабудаваць.
Мама ўсіх выгадавала, і без хаты, і без таты… Вясною пад платамі крапіва павыростае, ужо мы бяжымо з кошыкам, нарвем, прынясем дахаты. Мама закіпяціць вады, каб гэтая крапіва не калолася, потым памые, пакрышыць — і ў чыгун. І гэтак ямо. Не было ж ні каровы, ні свіней, усю жыўнасць немцы забралі. Але ж выжылі і здаровыя ўсе былі, усе высокія, акрамя мяне, выраслі.
Сапраўды, Ніна Юльянаўна маленькага росту, хударлявая. Калі ў 15 гадоў пайшла прасіцца на ферму даяркай, то нават браць спачатку не хацелі, сумняваліся, ці справіцца кволая дзяўчынка з такой работай. Даказала, што справіцца — і 25 гадоў кароў даіла.
Ды і зараз, у свае без малага 90 (якраз 1 жніўня павінна адзначаць юбілей) увесь час у працы: і агарод даглядае, і кветкавы бардзюр уздоўж плота высадзіла, каб людзі любаваліся прыгажосцю. З раніцы яшчэ і плітку тратуарную каля дома ад зелля пачысціць.
— А хто ж за мяне зробіць? — здзіўляецца бабуля.
У гэтым моры няшчасцяў, пажараў, беспрытульнасці цудам захаваўся фотаздымак бацькоў, Юльяна Антонавіча і Анастасіі Сідараўны Аноцкаў. Парны партрэт красуецца на сцяне на пачэсным месцы. Бацька, які навечна застаўся 44-гадовым, і маці, што перажыла яго амаль на шэсць дзясяткаў гадоў — больш за стагоддзе пражыла гэтая моцная духам жанчына…
Захавалася памятнае фота і ў сям‘і ўраджэнкі Казлоў Людмілы Мацаюк.
— Гэта дзядуля Мікалай і бабуля Аляксандра бяруць шлюб, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Год 1932-гі або 1933-ці. Побач сядзіць бабуліна сястра. Маладыя, прыгожыя. Дзядуля 1911 года нараджэння, а бабулі тут толькі 18 споўнілася. Я ж ведаю толькі тое, што старэйшыя пра тую карную аперацыю расказвалі. Але бабуля казала, што расстраляных жывымі яшчэ закопвалі і танкамі па яме праязджалі. Калі раскапалі тут магілу, убачылі, што ў дзядулі паўгалавы ад патыліцы было знесена…
Сем адценняў чорнага
У гэты ж дзень, акрамя Казлоў, былі спалены яшчэ шэсць вёсак тагачаснага Красненскага (цяпер Мокраўскага) сельсавета: Сілічы, Ліхачы, Краснае, Нямковічы, Пасталова, Чорныя Лозы. Іх мужчынскае насельніцтва таксама расстраляна.
Расказвае жыхарка Казлоў Анастасія Мікалаеўна Кульгаўчук:
— Мой бацька Мікалай Пракопавіч Мязга таксама тут пахаваны. Я яго зусім і не памятаю, ні твару, ні гаворкі: толькі чатыры з паловай гадкі летам сорак другога мне было. А майму мужу будучаму — 12. Да іх якраз напярэдадні прыйшла з Вашчыніч бабуля, бо сказалі, быццам вывезуць усіх у Беласток. Маці яму кажа: «Вязі, Мішка, бабу дахаты».
Мішка запрэг каня, пасадзіў бабулю, даехаў да Сіліч, а там ужо расстрэльваюць. І яго перапынілі, у рад з мужыкамі паставілі каля ямы. Тлумачыць пачаў, маўляў, я ж з Казлоў, а яму адказваюць: «Усім адзіна будзе, і Казлам, і Сілічам». А ён жа малы яшчэ быў.
Тут едзе з возам бацькавы брат, траву касіў недзе на балоце. Перапынілі і яго, там жа паставілі. Другі брат едзе, і яго пераступілі. Адзін немец падышоў, па-польску ўмеў гаварыць, кажа: «Хлопчык, уцякай». А тыя дзядзькі коней папрывязвалі да яго воза. Ён коней за плот зачапіў, сеў, прыехаў дадому, а тут ужо Казлы гараць. Адзін старэнькі дзед нешта робіць на вуліцы. Ён да яго, пытаецца: «Дзед, а дзе людзі»? А той дзед з пераляку і не гаворыць ужо. Далей едзе, тут цётка, бацькава сястра насустрач: «Мішка, усе за ваколіцай!». Так цудам застаўся мой Міхаіл жывы.
Ноч надыходзіла, родныя сталі людзей да сябе забіраць. Нас забралі ў Ляжайку, але мы там мала пабылі. Там, дзе калгасны двор, памешчык жыў, хата была, два свіроначкі і два кароўнікі невялікія. І наша мама перайшла жыць у свіран. Бо ў той хаце чатыры вуглы — чатыры бабы з дзецьмі і пасярэдзіне сям‘я, і як выходзіш — сям‘я. Нас было трое ў мамы, ды маміна сястра незамужняя, ды брата мамінага чацвёра сірот засталося…
А свёкра майго Афанасія Кульгаўчука яшчэ раней забралі ў Пружаны ў турму: ён меў сувязь з партызанамі. Яго расстралялі ў Слабудцы. Родныя раней туды хадзілі памінаць, а калі ў нас помнік паставілі, імёны тых расстраляных на ім напісалі.
Дарэчы, «яшчэ раней» — гэта 3 ліпеня 1942-га. Менавіта ў той дзень у Казлах былі арыштаваны два дзясяткі актывістаў, арганізатараў калгаса «Першае Мая». Вёску таксама акружылі карнікі, сагналі ўсіх жыхароў да скрыжавання дарог. Нямецкі афіцэр зачытаў натоўпам спалоханых вяскоўцаў загад аб арышце 17 мужчын і трох жанчын. Арыштаваных пасадзілі ў машыну і павезлі. 11-гадовы Саша заплакаў, закрычаў, пабег услед за арыштаванымі, сярод якіх была яго маці Марыя Апанасаўна Мязга. Саша — фотакарэспандэнт пружанскай «раёнкі» Аляксандр Трафімавіч Мязга расказваў, што казлоўскіх актывістаў жорстка дапытвалі, цкавалі сабакамі, збівалі, а 17 ліпеня расстралялі ў лесе за Слабудкай. А дачка аднаго з расстраляных — Цімафея Еўдакімавіча Клімашэвіча — Аляксандра Цімафееўна ўзгадвала, што хлопцы, якія пасвілі непадалёку кароў, чулі стрэлы і жаночы крык: «Бывай, Саша, бавай, сынок!»
На некалькі дзён пазней — 23 ліпеня — там жа былі пакараны смерцю 35 жыхароў Сілічаў…
Дык ці была Устронь?
У календары на ліпень мы зноў упамянулі ў «раёнцы» ў ліку спаленых у Мокраўскім сельсавеце вёсак Устронь. І зноў адказалі на некалькі тэлефанаванняў чытачоў, якія даказвалі, што вёскі з такой назвай не было, маўляў, і ў кнізе «Памяць. Пружанскі раён» яе няма.
Гадоў пяць таму мы ўжо імкнуліся растлумачыць, што гістарычна-дакументальная хроніка нашага раёна стваралася ажно ў 1992 годзе. За мінулы час, дзякуючы большай даступнасці архіўных дакументаў, даследчай рабоце, знайшлося нямала новых фактаў. Хаця і зараз застаюцца «белыя плямы», розначытанні. Напрыклад, па-ранейшаму ў дакументах на сайце Нацыянальнага архіва Беларусі розняцца даты знішчэння вёскі Казлы: часам называецца 17 чэрвеня. Адбылося гэта з-за неразборлівага почырку ў пратаколах, складзеных у 1946 годзе. Калі ў Казлах будавалі новы мемарыял, работнікамі сельвыканкама былі нанова апытаны ўсе сведкі, удакладнены ўсе акалічнасці, таму дата адназначная: 17 ліпеня 1942 года.
Да гэтага часу немагчыма назваць дакладную колькасць пахаваных у брацкіх магілах у вёсках Казлы, Краснае, Нямковічы, Сілічы. Па розных падліках, тут пакояцца ад 300 да 700 бязвінных ахвяр фашысцкага рэжыму. Сярод пахаваных таксама жыхары Клепачоў, Пасталова, Ліхачоў, Котры, Пескаў, Устроні, Чорных Лозаў, Ліхасельцаў і інш.
Падчас сумеснай працы, якую правялі і на сённяшні дзень працягваюць пракуратура Пружанскага раёна, Пружанскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і аддзел культуры райвыканкама, было ўстаноўлена, што ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сучаснага Мокраўскага сельсавета было спалена 28 населеных пунктаў. Дзевяць з іх так і не аднавіліся, гэта хутары Дабраволя-1, Дабраволя-2, Клеткі, Мар’ямпаль, Навоз, Рукавец, Сычоўка, Устронь, Чорныя Лозы.
Наогул, у розных гістарычных крыніцах былі знойдзены звесткі пра тое, што ў ліпені 1942 года гарэлі Залессе, Клепачы, Клеткі, Казлы, Краснае, Кушлі, Ліхачы, Нямковічы, Пескі, Пасталова, Сілічы, Труханавічы, Устронь, Чорныя Лозы.
Але гэта былі не першыя ахвяры акупацыйнага рэжыму. Яшчэ ў жніўні і восенню 1941 года фашысты палілі Дабраволю-1 і Дабраволю-2, Замошша, Касіншчыну, Мар’ямпаль, Навоз, Рукавец, Сычоўку. Падчас вайны таксама часткова былі спалены Агатова, Бельчыцы, Баравікі, Руднікі, Янаўцы.
Ірына Сядова, Наталля Пракаповіч. Фота з хатніх архіваў жыхароў в. Казлы і Кацярыны Масік