Традыцыйна напярэдадні Дня Перамогі ў цэнтры павышанай увагі грамадскасці аказваюцца галоўныя віноўнікі гэтай майскай урачыстасці — ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Па ўсёй краіне праводзяцца розныя акцыі ў іх падтрымку. Не стаў выключэннем і Пружанскі раён, які заўсёды годна ўшаноўвае, уважліва ставіцца да сваіх герояў.
Днямі дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, раённага ваеннага камісарыята, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, «Белпошты» і супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі нанесла візіт двум дзясяткам ветэранаў і прыроўненым да іх катэгорыям грамадзян, якія пражываюць у г.Пружаны, в. Плябанцы і аг. Калядзічы.

Акрамя цёплых слоў падзякі і віншавальных паштовак, у тым ліку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, ветэраны атрымліваюць спецыяльныя падарункі, якія спансіравала гандлёвая сетка «Еўраопт».

Свая місія і ў паштовых работнікаў: тым грамадзянам, хто атрымлівае пенсію ў звыклым фармаце (наяўнымі грашовымі сродкамі праз паштальёна), яны ўрачыста ўручалі аднаразовыя матэрыяльныя дапамогі, прымеркаваныя да 77-годдзя Перамогі: па 1800 рублёў атрымалі ватэраны вайны, па 1000 рублёў уручылі ўдзельнікам так званага працоўнага фронту і блакаднікам, па 750 рублёў – былым вязням і асобам, пацярпелым ад наступстваў вайны.

Дарэчы, тыя асобы, каму пенсія налічваецца на банкаўскую картку, аднаразовую выплату таксама атрымліваюць на картку.
Усяго ў Беларусі матэрыяльную дапамогу, якая прызначаецца згодна з Указам Прэзідэнта, атрымаюць каля 12 тыс. чалавек на агульную суму 11 млн. рублёў.
Наша краіна шануе сваіх герояў, памятаем і тых, хто каваў Перамогу ў тыле. Дзень Перамогі – наша агульнае свята!
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота Кацярыны МАСІК