Пятница, 13 декабря 2024

З навукай у будучыню. Вучні Шарашоўскай СШ ажыццявілі некалькі карысных распрацовак

666

Навучэнцы Шарашоўскай СШ заўсёды былі ў ліку тых, хто дасягаў поспеху ў школьных алімпіядах і канферэнцыях. Не стаў выключэннем і гэты навучальны год.

Нядаўна навучэнцы 11 класа Дзмітрый Янушкевіч і Аляксандра Рабчук прынялі ўдзел у конкурсе даследчых работ “З навукай у будучыню!” і сталі лепшымі ў секцыі “Інфарматыка”.


— Мае выхаванцы прадстаўлялі работу “Выкарыстанне магчымасцей таблічнага працэсара для аўтаматызацыі вядзення лістоў здароўя і ўліку наведвальнасці заняткаў навучэнцамі школы”, — удакладніла настаўніца інфарматыкі Шарашоўскай СШ Ванда Чаславаўна Хвісюк. — Ідэю стварэння “карыснай” электроннай табліцы я ім падкінула яшчэ ў 10-м класе. Дзеці ёю натхніліся і ажыццявілі задуманае.

— Такім чынам, мы значна аблегчылі працу нашых класных кіраўнікоў, якім раней даводзілася ўручную весці школьную статыстыку: хто прапусціў урокі, па якой прычыне і г.д. Так што, калі якой установе спатрэбіцца наша распрацоўка, мы з задавальненнем ёю падзелімся, — запэўніў Дзмітрый Янушкевіч.

Дзмітрый Янушкевіч і Аляксандр Дулько.

Камп’ютарныя распрацоўкі шарашэўцаў былі адзначаны і на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”.


У прыватнасці, у намінацыі “Камп‘ютарны калейдаскоп” пераможцам стаў Аляксандр Дулько, які стварыў пазнавальную мультымедыйную прэзентацыю пра народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка. — Я памятаю, як яшчэ ў пачатковай школе нас вазілі на экскурсію ў музей “Успаміны Бацькаўшчыны” ў в.Стойлы, дзе майстар шмат паказваў і расказваў пра свой драўляны люд. Гаворка ў яго, дарэчы, была вельмі цікавая. Я шмат фатаграфаваў і ў сваёй рабоце сістэматызаваў гэтыя фотаздымкі. Таксама выкарыстаў фрагменты з фільма “Драўляны народ” Віктара Аслюка, які восем гадоў таму атрымаў Гран-пры міжнароднага фестывалю “Magnificat-2012”.


— Акрамя таго, Саша пасябраваў з унукам майстра Вадзімам, які запрашаў яго ў госці ў Стойлы і падзяліўся сваімі ўспамінамі пра таленавітага дзядулю, — дадае настаўніца хлопца Алёна Паўлаўна Шарашовец. — Шчыра кажучы, як аказалася, многія нашы школьнікі пра Тарасюка нават і не чулі. А такія работы, як Сашава, дазваляюць захаваць памяць пра славутых землякоў.
Алена ЗЯЛЕВІЧ.
На здымку: Дзмітрый Янушкевіч і Аляксандр Дулько.