Тоша жыве ў нас ужо 8 гадоў, а Сімба толькі год. Абодвух падарылі маёй дачцэ, а гадавалі мы іх усёй сям’ёй. Тоша — каралеўскі пекінес, поўсць у яго доўгая, хоць шкарпэткі вяжы, зараз яму проста стрыжку зрабілі.
Характары ў гадаванцаў розныя: Тошка спакойны, любіць паляжаць, паспаць, а Сімба вельмі гуллівы, шэбутны. Затое нікому не дае сумаваць. І Тошы даводзіцца з ім актыўнічаць і гуляць. Але яны вельмі любяць адзін аднаго. Калі аднаго пакінуць дома, а другога адвесці на прагулку, то месца сабе не знаходзяць. Спяць на кілімку ля ложка. І пакуль я з раніцы не ўстану, будуць ляжаць, ціхенька пасопваючы.
У ежы, на шчасце, яны не пераборлівыя, ядуць абсалютна ўсё. Але асабліва любяць тварог, калі дзецям з раніцы на сняданак яго рыхтую, то і Тоша з Сімбай далучаюцца. Місачка ў кожнага свая. Цікава, што калі старэйшы есць, то малодшы не падыходзіць да яго міскі, а вось Тоша можа сабе дазволіць паласавацца порцыяй малодшага.
Любімая цацка ў абодвух — гумовы мячык. Ганяюць яго па ўсёй кватэры. А ў Сімбы ёсць яшчэ адна слабасць — мае тапачкі. Калі маленькі быў, то грыз шнуркі на красоўках у сына, а потым узяўся за тапачкі. Колькі ён ужо іх з’еў! Цяпер лепшы падарунак мне на дзень нараджэння — гэта тапачкі.
Абодва вельмі любяць купацца. Сімба, калі маленькім быў, з асцярогай ставіўся да вады, а зараз прывык. Ён ва ўсім капіруе старэйшага. Дома гадаванцы паводзяць сябе добра, не брэшуць. Мне з гэтым вельмі пашанцавала, а то перажывала, як будзе, бо два сабакі могуць даставіць нязручнасць суседзям. Але ўсё выдатна! Сімба вельмі любіць нешта «прасіць»: становіцца на заднія лапкі, пярэднія складае, як зайчык, і прытанцоўвае на месцы, чакае, пакуль яго пачастуюць смакатой.
Я вельмі прывязана да іх, яны для мяне як дзеці. Часам на працы здараецца няўдалы дзень, прыходжу стомленая дадому — сабакі адразу ж дораць мне свой пазітыў. Яны — мае першыя выратавальнікі. Яны настолькі верныя, дзіўна тонка адчуваюць мой стан. Адпачываю з імі душой.
Я ўсё жыццё люблю жывёл, з дзяцінства ў нашай сям’і былі то рыбкі, то папугаі, то хамячкі. Я і сваіх дзяцей выхавала ў любові да прыроды, да жывёл. Яны з малых гадоў прызвычаіліся быць адказнымі за «братоў» нашых меншых. Можна сказаць, што Тошка і Сімба — паўнапраўныя члены нашай сям’і.
Кацярына КУЗНЯЦОВА, фота Кацярыны Масік