29 кастрычніка, супрацоўнікі Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы, які з нядаўняга часу ўзначаліў маёр міліцыі Сяргей Віктаравіч Ільяшэвіч, адзначаюць сваё прафесійнае свята. Зладжаныя, адпрацаваныя да дасканаласці тактычныя дзеянні міліцыянераў гэтай, бадай, самай аператыўнай міліцэйскай службы нагадваюць кадры вострасюжэтнага баевіка… Ды служба аховы — гэта не толькі дужыя спартыўныя мужчыны ў экіпіроўцы, якія выязджаюць на выклікі па спрацоўцы кнопак трывожнай сігналізацыі.
Спыніць, затрымаць, захаваць бяспеку!

Як зазначае памочнік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы Аляксандр КУНДА, структура аддзела аховы складаецца з міліцэйскай, вартавой, тэхнічнай службаў і адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу — у агульнай колькасці гэта каля 100 чалавек.
У кампетэнцыі міліцыянераў аддзела — ахова аб’ектаў усіх форм уласнасці на дагаворнай аснове, а яшчэ — ахова грамадскага парадку на маршрутах патрулявання. Асаблівасць дзейнасці службы і ў тым, што яна працуе яшчэ і над выкараненнем крадзяжоў маёмасці з аб’ектаў.
— Гэта значыць, што нашы міліцыянеры выязджаюць на затрыманне не толькі па выкліку, калі, дапусцім, работнік пэўнай гандлёвай кропкі западозрыў пакупніка ў дробным крадзяжы і націснуў на кнопку трывожнай сігналізацыі, — тлумачыць нюансы працы Аляксандр Кунда. — Мы і самі плануем і ажыццяўляем рэйды па аб’ектах ва ўзаемадзеянні з участковымі інспектарамі міліцыі аддзела ўнутраных спраў. Напрыклад, калі стартавала ўборачная кампанія, праводзілі спецыяльны комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на спыненне крадзяжоў з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу.
— Міліцыянеры групы затрымання заўсёды спраўляюцца з задачай самі?
— Канечне! У вельмі рэдкіх выпадках, аднак, ім можа спатрэбіцца і падмацаванне. Тады па радыёстанцыі яны звязваюцца з дзяжурнай часткай РАУС, адкуль і выклікаюць міліцыянераў. Туды ж, у аддзел унутраных спраў, міліцыянеры службы аховы і дастаўляюць затрыманых правапарушальнікаў: усё ж задача групы затрымання — спыненне правапарушэнняў, а наступную работу па разбіральніцтве ў справе ажыццяўляюць участковыя інспектары міліцыі.
—Бывае ж, што кнопка трывожнай сігналізацыі спрацоўвае выпадкова…
—Так, шлейф прыбора можа спрацаваць нават тады, калі, напрыклад, у зону датчыка трапіць мыш, якая прабяжыць паблізу, — тлумачыць Аляксандр Леанідавіч. — У любым выпадку міліцыянеры аглядаюць аб’ект. Калі вокны, зверы, замкі цэлыя, яны проста прывязуць на месца заказчыка, разам з ім адчыняць аб’ект, правераць у самім памяшканні датчык. Трэба ж упэўніцца, што там сапраўды нікога няма! Такая тактыка.
Вартавы пост — у школе

Пад аховай аддзела, да слова, знаходзіцца каля трохсот аб’ектаў.
Зусім нядаўна, з пачатку новага навучальнага года, пад «апеку» аддзела Дэпартамента аховы трапілі дзве ўстановы адукацыі раёна — СШ № 5 і аграрна-тэхнічны каледж.
— Сярод усіх устаноў адукацыі на дадзены момант мы ўзялі пад кантроль пакуль толькі гэтыя два аб’екты, у якіх налічваецца звыш 500 навучэнцаў, — расказвае Аляксандр Кунда.
Справа ў тым, што задача ахоўваць установы адукацыі пастаўлена на дзяржаўным узроўні. Трэба асабліва клапаціцца пра бяспеку нашых дзяцей: гэта пацвярджаюць выпадкі нападзенняў на школы ў суседняй краіне…
У перспектыве, як зазначыў Аляксандр Леанідавіч, ва ўсіх установах адукацыі павінна быць арганізавана фізічная ахова ці вартаўніком, ці міліцыянерам.
Кватэра пад сігналізацыяй
Ахоўваюцца аддзелам і аб’екты з асабістай маёмасцю грамадзян: дамы, кватэры, гаражы.
— Вы можаце звярнуцца да нас з заявай, тады мы ўстановім у любым месцы вашай кватэры кнопку трывожнай сігналізацыі івозьмем на сябе адказнасць за захаванасць вашай маёмасці, — кажа Аляксандр Кунда. — Калі ўзнікне небяспечная сітуацыя, вы проста націснеце на кнопку — і вельмі хутка да вас прыедзе нарад у складзе двух супрацоўнікаў міліцыі.
Канечне, гэтая паслуга платная. У залежнасці ад класа прыёмна-кантрольнага прыбора яна каштуе ад 500 да 650 рублёў. Дарэчы, не абавязкова адразу выплачваць усю суму за паслугу: магчыма растэрміноўка на 6 месяцаў.
***
Дзейнасць аддзела Дэпартамента аховы даволі спецыфічная: тут і рэальная небяспека, рызыка, і сакрэтныя справы… Што ж галоўнае для нас, звычайных грамадзян? Упэўненасць у тым, што работнікі, якія забяспечваюць нашу ахову, — сапраўдныя прафесіяналы!
З нагоды ж свята ўсім, хто мае дачыненне да службы аховы, хочацца пажадаць спакойнай працы, узаемаразумення, моцнага здароўя. Няхай калектыў ваш будзе дружны, а кожны работнік — шчаслівы ў працы і ў сям’і!
Вольга Басак, фота Кацярыны Масік.