Понедельник, 16 сентября 2024

З надыходам вясны прыходзіць і бярозавы сок

303

З першым вясновым цяплом Пружанскі лясгас пачаў нарыхтоўку бярозавага соку.

Мы пабывалі ў Пружанскім лясніцтве і пераканаліся, што сёлета жыхары нашага раёна без гэтага ляснога напою не застануцца. На ўчастку, дзе вядуцца работы, падсочана больш за 500 дрэў.

— У гэтым годзе мы пачалі нарыхтоўку бярозавага соку раней, чым у мінулым. Гэта абумоўлена цёплым надвор’ем у пачатку месяца, што выклікала рух соку, — адзначыў ляснічы Пружанскага лясніцтва Іван Шыпуль.

Усе дзеянні на ўчастку ажыццяўляе рабочы па дагаворы падрада Павел Бармута, які ўжо не першы год займаецца гэтай пачэснай справай.

— На дадзены момант мы ўжо рэалізавалі насельніцтву больш за 6 тон карыснага напою. Гэты прадукт карыстаецца вялікай папулярнасцю ў людзей, таму я разумею, наколькі важную справу выконваю.

Як расказала інжынер аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Наталля Дулько, на гэты момант лясгас рэалізаваў больш за 60 тон соку. Акрамя насельніцтва, лясгас рэалізуе напой яшчэ і Маларыцкаму кансервавагароднінасушыльнаму камбінату.

Любы жадаючы можа самастойна нарыхтаваць бярозавы сок. Для гэтага неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, дзе вам выдзеляць участак для гэтых патрэб. Але трэба ведаць і выконваць тэхналогію нарыхтоўкі.

Самастойна, без звароту ў падраздзяленне лесагаспадарчай установы, весці нарыхтоўку карыснага напою забараняецца. Згодна з ч. 1 арт. 16.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, незаконны збор соку цягне накладанне штрафу да 20 базавых велічынь, на прыватнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь.

А ўвогуле, прасцей усё ж такі купіць гэты карысны прадукт прыроды, бо Пружанскі лясгас зрабіў для гэтага ўсе ўмовы, яшчэ і кошт «вельмі салодкі» — усяго 18 капеек за літр.

Руслан Басак. Фота аўтара